Беларуская Служба

У Познані ў адной з самых вялікіх клінік для цяжарных і немаўлят пратэстуюць неанатолагі

15.07.2022 20:15
Перамовы наконт узроўню заробкаў ідуць на працягу двух месяцаў паміж лекарамі-нэанатолагамі і кіраўніцтвам Гінекалагічна-акушэрскага шпіталя ў Познані.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Jeerapong Tosa-ngad/Shutterstock

У Познані ў адной з самых вялікіх клінік для цяжарных і немаўлят пратэстуюць неанатолагі. Пра канфлікт піша Gazeta Wyborcza.

Перамовы наконт узроўню заробкаў ідуць на працягу двух месяцаў паміж лекарамі-нэанатолагамі і кіраўніцтвам Гінекалагічна-акушэрскага шпіталя ў Познані, яны скончыліся  паразаю: заявы на звальненне падала група спецыялістаў з клінікі неанаталогіі.

Кіраўніцтва клінікі заяўляе, што не можа задаволіць завышаныя патрабаванні лекараў. У сваю чаргу лекары кажуць, што з іх боку гэта – адчайны крок. Клініка ў познані – адна з найбуйнейшых гінекалагічных і акушэрскіх бальніц у Еўропе, штогод тут прымаюць каля 6 – 7 тысяч родаў. Тут знаходзіцца самае вялікае ў Польшчы аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі нованароджаных, тут выходжваюць неданошаных дзяцей з вельмі нізкай масай цела, з парокамі развіцця. Штогод у клініцы выконваецца больш за 200 складаных хірургічных аперацый.

- Існая бізнес-мадэль кіравання бальніцай разбурыць вялікі медыцынскі калектыў, які ствараўся гадамі, – заяўляюць лекары. Бальніца не нясе часткі выдаткаў, напрыклад, выплаты на сацыяльнае або медыцынскае страхаванне. Неанатолагі кажуць, што за гэтай эканоміяй стаіць скарачэнне каманды. Дактароў будзе менш, а працаваць яны будуць больш. А гэта небяспечна. Яны папярэджваюць: «Праца на аснове кантрактнай сістэмы ў цэнтры з такой высокай ступенню нагрузкі можа несці пагрозу для бяспекі пацыентаў, таму што неанатологія з'яўляецца спецыфічнай медыцынскай спецыялізацыяй. Самая важная з гэтых асаблівасцей – камандная праца. (...) Пераход на дамовы азначае, што ў клініцы будзе працаваць не пастаянная каманда, а спецыяльная група спецыялістаў, падабраных у залежнасці ад тыпу дамовы», – падкрэсліваюць дактары.

Кіраўніцтва бальніцы кажа, што з 25 красавіка вядзе інтэнсіўныя перамовы з прадстаўнікамі Познаньскага прафсаюзу неанатолагаў. «Тры з чатырох патрабаванняў саюза былі выкананы адразу. Чацвёртае патрбаванне тычыцца фінансавых прэтэнзій, якія вышэй за сярэднія. (...) Цяперашнія заробкі 29 неанатолагаў зʼядаюць чвэрць усіх рэсурсаў, якія Нацыянальны фонд аховы здароўя выдзяляе на неанаталогію. У сярэднім неанатолаг  цяпер зарабляе ў гінекалагічна-акушэрскай клінічнай бальніцы 23 000 злотых брута ў месяц. Ад кіраўніцтва бальніцы паступіла некалькі прапаноў наконт падвышэння заробку, аднак лекары гэтыя прапановы адпрэчылі і заявілі аб звальненні.

Адміністрацыя шпіталя заяўляе: «Неанаталагічныя аддзяленні на Польнай – гэта не толькі дактары. Гэта яшчэ і калектыў з больш чым 200 прафесійных медсясцёр і акушэрак, лагапедаў, фізіятэрапеўтаў, псіхолагаў і іншых спецыялістаў, дзякуючы якім неданошаныя дзеці і хворыя нованароджаныя атрымліваюць лепшае. Мы хацелі б задаволіць фінансавыя чаканні гэтых супрацоўнікаў, але прыняць патрабаванні, якія шматкроць перавышаюць стаўкі іншых спецыялістаў, занятых у нашай бальніцы, будзе несправядлівым, амаральным і прывядзе да неплацежаздольнасці бальніцы. Павелічэнне выплат больш за 45 000 злотых брута ў месяц для аднаго неанатолага, як таго патрабуюць дактары), прывядзе да таго, што шпіталь на Польнай будзе зачынены».

вх