Прычына надалей невядомая. Мёртвая рыба адпраўленая ў спецыялізаваную лабараторыю ў Пулавах і на працягу тыдня павінны быць атрыманыя вынікі, якім рэчывам была заражаная рака.
Вядома, што ў рацэ зафіксаваны высокі ўзровень кіслароду, які не натуральны для тэмпературы наваколля і нізкага ўзроўню вады ў рацэ. Гэта можа сведчыць аб тым, што ў ваду трапіла хімічная субстанцыя, якая ў рэакцыі выклікае павялічаную колькасць кіслароду. Сёння нямецкія спецыялісты паведамілі, што ў вадзе знайшлі вельмі высокі ўзровень ртуці.
На ранішняй прэс-канферэнцыі дырэктар «Польскіх водаў» расказаў, што маштабы мору рыбы павялічваюцца. «Нашы супрацоўнікі пасля некалькіх дзясяткаў хвілін плавання выцягваюць з вады тую колькасць рыбы, якую ўчора мелі за 2-3 гадзіны. Вы бачыце, што маштабы сапраўды павялічваюцца», – паведамілі «Польскія воды».
Дырэктар «Польскіх водаў» Пшэмыслаў Даца пацвярджае, што сітуацыя на Одры – гэта вельмі сур’ёзная экалагічная катастрофа. На прэсавай канферэнцыі ў Цыгачыцах у Любускім ваяводстве Пшэмыслаў Даца падкрэсліў, што рака была забруджаная ў Ніжняй Сілезіі:
-Пачалося 26-27 ліпеня ў ваколіцах Алавы. Хваля яду, а мы думаем, што маем дачыненне з ядам, дасягнула вусця ракі Варта. Нашыя працаўнікі, але найперш Польскі саюз рыбаловаў, за што я хацеў бы падзякаваць, валанцёры, вылавілі з ракі прынамсі 10 тон мёртвай рыбы.
Кіраўнік «Польскіх водаў» дадаў, што першыя падлікі шкоды навакольнаму асяроддзю паказваюць, што яна складзе нават некалькі мільёнаў злотых:
-Дзяржава на працягу апошніх двух гадоў зарыбіла Одру вугром на 2 млн злотых. Хутчэй за ўсё, малёк не выжыў. Польскі рыбалоўны саюз зарыбіў раку на 1 млн злотых, а гаворым мы толькі пра малькоў. Акрамя гэтага загінулі тоны дарослай рыбы. Гэта велізарная экалагічная катастрофа.
Усе дзеянні, якія цяпер робяць дзяржаўныя службы, накіраваны на тое, каб мінімізаваць шкодны працэс, гэта значыць вылавіць мёртвую рыбу, каб яна не ўяўляла эпідэмічнай пагрозы. У «Польскіх водах» адзначаюць, што пасля Костшына ў Одру ўпадае рака Варта. Гэтая вада будзе разбаўляцца ў Одры. Ёсць спадзяванні, што хваля, якая ўяўляе пагрозу, будзе разбаўлена.
У паўднёвай частцы Заходнепаморскага ваяводства плануецца пабудаваць дамбу, якая мае спыніць мёртвую рыбу. Жыхары рэгіёна не павінны без неабходнасці набліжацца да ракі, заходзіць у яе і чапаць мёртвую рыбу.
Намеснік міністра фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Марцін Гарала сказаў, што калі гаворка ідзе пра прычыны экалагічнай катастрофы на рацэ Одра, то варта чакаць афіцыйных паведамленняў, а не спекуляваць. Справай займаюцца адпаведныя службы, а да вывазу мёртвай рыбы таксама прыцягнуты вайскоўцы. Паводле яго слоў, у гэтым пытанні трэба пазбягаць спекуляцый і сачыць перш за ўсё за заявамі дзяржаўных органаў:
-Для гэтага ёсць адпаведныя службы, яны працуюць на месцы. Думаю, варта пачакаць вынік іх следства. Карыстаючыся спекуляцыямі можна нарабіць больш дэзынфармацыі, чым інфармацыі. У справу ўключылася войска, якое дапамагае вылоўліваць мёртвую рыбу, бо калі гэтага не рабіць, то праблема можа стаць яшчэ большай. Таму гэтым займаюцца спецыялісты.
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі напісаў у Фэйсбуку, што забруджвальнікі ракі Одра не застануцца беспакаранымі. Кіраўнік урада запэўніў, што ўрад зробіць усё, каб знайсці прычыны катастрофы, а вінаватых строга пакараць.
ав