Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра чалавека, які ў часы Другой сусветнай вайны, нягледзячы на небяспеку, дапамагаў палякам і яўрэям. Ён быў нямецкім афіцэрам, капітанам Вермахта. Звалі героя Вільгельм Хозэнфельд.
У Польшчы Вільгельм Хозэнфельд найбольш вядомы дзякуючы дапамозе польска-яўрэйскаму піяністу і кампазітару Уладзіславу Шпільману, які хаваўся ў руінах Варшавы на працягу апошніх месяцаў 1944 года.
Нарадзіўся Вільгельм Хозэнфельд (альбо Вільм, як яго звалі знаёмыя і сябры) у 1895 годзе ў кансерватыўнай і набожнай каталіцкай сям’і. У родным доме вялікая ўвага звярталася на ўніверсальныя каштоўнасці, у тым ліку на сацыяльную справядлівасць і роўнасць. Па адукацыі ён быў настаўнікам. Як згадвалі дзеці Вільма, ён проста кахаў сваю прафесію і працу з вучнямі.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, малады Вільм быў мабілізаваны ў армію. Закончыў службу ў 1917 годзе з-за ранення, якое не дазваляла яму знаходзіцца ў шэрагах войска. За адвагу быў узнагароджаны Жалезным крыжам другой ступені.
У 1920-30 гадах працаваў настаўнікам гісторыі ў невялікім гарадку Талаў зямлі Гэсэн. Жаніўся з Анэмары Крумахер, якая нарадзіла пяць дзяцей. «Для нашага бацькі настаўніцтва і адукацыя былі жыццёвым пакліканнем. Ён так глыбока ў гэта акунаўся, што свет для яго пераставаў існаваць», – гаварыла праз гады ў эфіры Польскага радыё Анэмонэ Хозэнфельд, дачка Вільма.
Вільгельм Хозэнфельд падчас Другой сусветнай вайны
Калі пачалася вайна, Вільгельм Хозэнфельд быў мабілізаваны ў Вермахт і накіраваны ў акупаваную Польшчу. Спачатку служыў афіцэрам ля Лодзі, дзе наглядаў за будаўніцтвам лагеру для ваеннапалонных афіцэраў, а пазней стаў яго камендантам.
У 1940 годзе Хозэнфельда перавялі ў Варшаву ў мясцовы гарнізон, дзе ён служыў у ахоўным батальёне штабным афіцэрам. Падчас службы яму здаралася дапамагаць яўрэям і палякам, якія трапілі пад пераслед немцаў.
Восенню 1944 году Хозэнфельд выпадкова сутыкнуўся з Уладзіславам Шпільманам – кампазітарам і піяністам, які да вайны (пасля вайны, дарэчы, таксама, ажно да канца жыцця) працаваў на Польскім радыё. Шпільман, які быў яўрэям, хаваўся ў доме, што існуе па сённяшні дзень. Ён сказаў афіцэру, што быў піяністам. Хозэнфельд папрасіў музыканта нешта сыграць, бо ў кватэры пакінутага дому было фартэпіяна. Як згадваў пазней Шпільман, ён выканаў адзін з накцюрнаў Фрыдэрыка Шапэна.
Вільгельм Хозэнфельд разумеў, што яго народ адказны за страшныя злачынствы, здзейсненыя супраць еўрапейскіх нацый. Пасля вайны Шпільман напісаў у сваіх успамінах.
«На гэта раз я адважыўся задаць пытанне – яно проста вырвалася ў мяне:
– Вы – немец?
Ён пачырванеў і ледзь не крыкнуў, быццам я яго пакрыўдзіў:
– Так, на жаль, я немец. Я добра ведаю, што адбывалася тут, у Польшчы, і мне сорамна за мой народ».
Хозэнфельд наведваў у руінах Шпільмана некалькі разоў, прыносіў яму ежу, дзякуючы якой кампазітару ўдалося выжыць. Апошні раз Шпільман пабачыўся з Хозэнфельдам 12 снежня 1944 года. На развітанне ён упершыню назваў яму сваё імя і месца працы, каб Хозэнфельд, калі нешта здарыцца, мог звярнуцца да яго па дапамогу.
Вільгельм Хозэнфельд быў узяты ў палон савецкімі войскамі ў студзені 1945 года каля Варшавы. Ён быў асуджаны на 25 гадоў зняволення як падазраваны ў ваенных злачынствах. Яго катавалі супрацоўнікі савецкай контрразведкі, паколькі меркавалі, што афіцэр быў агентам Абвера ці нават Службы бяспекі рэйхсфюрэра СС (СД). Нягледзячы на прашэнні палякаў і яўрэяў у яго абарону, савецкія спецслужбы не знялі абвінавачвання і адмаўляліся верыць, што Хозэнфельд не быў уцягнуты ў ваенныя злачынствы. Ён памёр у савецкім палоне ў жніўні 1952 года.
Пасля вайны Уладзіслаў Шпільман утрымліваў кантакты з жонкай і дзецьмі капітана Хозэнфельда.
Władysław Szpilman w siedzibie rozgłośni Polskiego Radia w Alejach Ujazdowskich 31, sierpień 1946.
У кастрычніку 2007 года Вільгельм Хозэнфельд быў узнагароджаны тагачасным прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім Камандорскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы – адной з вышэйшых польскіх дзяржаўных узнагарод.
Сын Уладзіслава Шпільмана Анджэй доўгі час прасіў інстытут Яд ва-Шэм прызнаць Хозэфельда Праведнікам народаў свету. У 2009 годзе ізраільскі бок заявіў, што капітан Вільгельм Хозэнфельд пасмяротна атрымаў гэтае пачэснае званне.
У 2002 годзе Раман Палянскі зняў славуты фільм «Піяніст», заснаваны на ўспамінах Уладзіслава Шпільмана.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
Галоўнае фота: кадр з фільму «Піяніст»
Відэа: фрагмент фільму «Піяніст»
Фота ўнізе: Уладзіслаў Шпільман у будынку Польскага радыё, 1946 год