Каманда Беларускага Моладзевага Хаба распачынае праграму падтрымкі для жанчын з Беларусі, якія спрабуюць уладкаваць сваё жыццё ў Польшчы.
Кіраўніца праграмы па адаптацыі жанчын у Беларускім Моладзевым Хабе Стася Гліннік тлумачыць, што ў новай краіне жанчыны часцей знаходзяцца ў больш уразлівай пазіцыі: не могуць хутка знайсці працу, у той жа час мужчыны ў сілу фізічных асаблівасцяў, напрыклад, ідуць працаваць на будоўлю, на склады, кіроўцамі.
– Больш да нас звяртаюцца жанчыны, мы можам сказаць, якія цяжкасці яны маюць. Калі людзі прыязджаюць сюды, то амаль ніхто не ведае мову. Але мужчыны могуць пайсці працаваць фізічна, адразу пачаць зарабляць някепскія грошы, хутка развівацца. Для жанчын такіх умоў няма, амаль няма.
Шмат хто з гэтых жанчын пераехаў не праз свае праблемы палітычныя, а паехалі за мужам, хлопцам. Звычайна яны з дзецьмі, застаюцца дома, не могуць пайсці на працу, каб вучыцца камунікаваць з па-польску. Або ідуць на працу, якая іх знішчае, калі яны не бачаць перад сабой перспектыў. Часта гэта адукаваныя жанчыны, якія ў Беларусі працавалі ў школе, бухгалтаркамі, менеджарамі. Яны не могуць тут працаваць па спецыяльнасці, бо трэба і мова, і настрыфікацыя дыплому і гэтак далей. Шмат хто ў такой сітуацыі пачынае пачувацца непатрэбнаю. Ведаем выпадкі, калі людзі вярталіся дадому, але гэта мела кепскі працяг – іх затрымлівалі.
Гэта хутчэй мая асабістая пазіцыя, сярод актывістаў трэба ўздымаць пытанне рэпрэзентатыўнасці жанчын. Мы бачым, што вяртаемся да мадэлі, звыклай нам з дзяцінства: улада дарослых мужчын. Можна паглядзець рэпрэзентацыю жанчын падчас апошніх канферэнцый апазіцыі. Прыкладна такая ж сітуацыя будзе ў любой сферы, – тлумачыцць Стася Гліннік.
Стася Глінік гаворыць, што пакуль комплексных праграм дапамогі не было, але па людзям бачна, што праз кантакты з супольнасцю ў Беларускім Моладзевым Хабе яны лепш адаптуюцца да новых умоў. Ёсць выпадкі, калі супрацоўнікі хабу дапамагалі жанчынам пайсці вучыцца ва ўніверсітэт у дарослым узросце.
У межах праграмы адбудуцца сустрэчы з псіхолагамі, экспертамі па карʼерным развіцці, медыкамі, а таксама пройдуць заняткі па самаабароне.
Працоўныя мовы сустрэч – беларуская і руская.
Наведнікі сустрэч змогуць патрапіць на паглыбленую праграму адаптацыі. Кожная з удзельніц паглыбленай праграмы пройдзе курс індывідуальнай тэрапіі ў крызіснага псіхолага, курс польскай мовы, атрымае персанальную кансультацыю па карʼерным росце, а таксама прыме ўдзел у Інтэграцыйным Дні.
Каб патрапіць на праграму, запоўніце форму: https://forms.gle/vuPkt5Bngk5UYxS26
вх