Беларуская Служба

Люцыян Жэлігоўскі - генерал, які далучыў Віленшчыну да Польшчы 

22.10.2022 06:12
Большасць беларускага і літоўскага насельніцтва байкатавала выбары, якія ў выніку сталі перамогай прыхільнікаў інкарпарацыі Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы.
Аўдыё
  • Люцыян Жэлігоўскі - генерал, які далучыў Віленшчыну да Польшчы 
Lucjan Żeligowski (w środku) wraz ze swoimi żołnierzami w Wilnie.
Lucjan Żeligowski (w środku) wraz ze swoimi żołnierzami w Wilnie. Polona/Domena publiczna

157 год таму нарадзіўся польскі палітык і генерал, які ў 1920-я гады аказаў вялікі ўплыў на палітыку не толькі Польшчы, але і нашага рэгіёну. Прычым у польскай гістарыяграфіі гэтая постаць ацэньваецца пазітыўна. У сваю чаргу беларусы і літоўцы да яго маюць хутчэй негатыўны падыход – і для гэтага ёсць усе падставы. Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра генерала Люцыяна Жэлігоўскага.

Будучы генерал нарадзіўся 17 кастрычніка 1865 года ў вёсцы Сікунэ каля беларускіх Ашмянаў у шляхецкай сям’і. Дарэчы, у 1935 годзе, калі гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы, вёска была перайменаваная ў Жэлігова. Так яна называецца і цяпер ды знаходзіцца ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці.

Люцыян Жэлігоўскі закончыў віленскую гімназію і Рыжскае ваеннае вучылішча. У шэрагах Расійскай імператарскай арміі ўдзельнічаў у руска-японскай вайне і ў Першай сусветнай вайне. У 1915 годзе атрымаў чын палкоўніка. Пасля лютаўскай рэвалюцыі стаў адным з арганізатараў польскіх нацыянальных часцей у Расіі. Камандаваў брыгадай у складзе 1-га Польскага корпусу.

Кастрычніцкі пераварот застаў яго на тэрыторыі Беларусі. Жэлігоўскі праз Кіеў перабраўся на Дон і Каўказ. У 1918 годзе на Кубані прыступіў да фарміравання польскіх ваенных часцей. У 1919 годзе праз Адэсу і Бесарабію ён прыбыў у Польшчу на чале 4-й польскай стралковай дывізіі.

Падчас польска-бальшавіцкай вайны ён спачатку стаў камандуючым Літоўска-беларускага фронту, а пазней – аператыўнай групіроўкі і камандзірам 10-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага. З кастрычніка 1920-га – камандзір 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі. З таемнага дазволу кіраўніка польскай дзяржавы Юзэфа Пілсудскага Літоўска-Беларуская дывізія нібыта збунтавалася і 9 кастрычніка 1920 года заняла Вільню і Віленшчыну. На занятай тэрыторыі была абвешчаная пра-польская дзяржава Сярэдняя Літва, фармальна незалежная ад Польшчы. Гэты факт у гістарыяграфіі называюць «Мецяжом Жэлігоўскага».

Люцыян Жэлігоўскі стаў Вярхоўным галоўнакамандуючым войск Сярэдняй Літвы, яму таксама належала большасць улады ў новастворанай дзяржаве. У кіраўніцтва Сярэдняй Літвы ўвайшлі таксама некаторыя беларускія дзеячы, для прыкладу, Вацлаў Іваноўскі.
У выбарах у Сейм Сярэдняй Літвы ў студзені 1922 года прынялі ўдзел 64% выбаршчыкаў.

Большасць беларускага і літоўскага насельніцтва байкатавала выбары, якія ў выніку сталі перамогай прыхільнікаў інкарпарацыі Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы. 20 лютага 1922 года Сейм Сярэдняй Літвы прыняў рашэнне пра далучэнне яе да Польшчы.

Са студзеня 1921 года антыпольскія сілы вялі падрыхтоўку да ўзброенага паўстання, якое мела на мэце перашкодзіць далучэнню Віленшчыны да Польшчы, аднак польская разведка раскрыла падполле.

Пасля зацвярджэння ў сакавіку 1923 года Лігай Нацый усходняй мяжы Польшчы Віленскі край стаў адной з яе частак. І вось чаму палякамі Люцыян Жэлігоўскі ацэньваецца пазітыўна, а беларусамі, не кажучы ўжо пра літоўцаў, хутчэй наадварот.
Пасля ўключэння Віленскага краю ў склад Польшчы Люцыян Жэлігоўскі займаў высокапастаўленыя пасады ў Войску Польскім. У 1926 годзе падтрымаў дзяржаўны пераварот Юзэфа Пілсудскага. З 1927 года – у адстаўцы. З 1935 года да пачатку вайны ў 1939 годзе – дэпутат Сейма.

Калі пачалася вайна, генерал зброі (генерал-палкоўнік паводле беларускай наменклатуры – рэд.) у адстаўцы спрабаваў трапіць у войска, але не быў прыняты з-за ўзросту – яму было 74 гады. Генералу ўдалося пакінуць Польшчу да нямецкай акупацыі. Ён перабраўся спачатку ў Францыі, а пазней – у Вялікабрытанію, дзе і памёр у 1947 годзе.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу