Беларуская Служба

Польскія ўлады неахвотна даюць беларускім палітычным уцекачам міжнародную абарону

27.10.2022 12:01
Чаму так адбываецца, і чаму гэта не карысна для беларусаў, расказалі юрысты Цэнтру Беларускай Салідарнасці.
Аўдыё
  • Польскія ўлады неахвотна даюць беларускім палітычным уцекачам міжнародную абарону
Апошняя статыстыка па прызнані статусу ўцекача беларускіь грамадзянам у ПольшчыFoto: Л.Вялічка/radyjo.net

Паводле статыстыкі Упраўлення па справах іншаземцаў, за 2021 год статус уцекача ў Польшчы атрымалі 140 чалавек, да 30 верасня 2022 году – 136. Часцей за ўсё беларускім уцекачам, якія падаюць дакументы на міжнародную абарону, даюць статус дадатковай абароны. У 2021 годзе – 1008 чалавек, 2022 – 2683.

Адначасова далёка не ўсе беларускія ўцекачы хочуць падавацца на гэтую форму абароны, расказвае кіраўнік Дэпартаменту прававой дапамогі ЦБС Аляксандра Дабравольская.

-У многіх ёсць прычыны, па якіх яны не могуць падаваць на міжнародную абарону. Часцей за ўсё – старыя бацькі, якія застаюцца ў Беларусі. Людзі коштам бяспекі едуць даглядаць бацькоў. Насамрэч гэта асабісты выбар кожнага.

Аляксандра Дабравольская расказвае, што іншы бок – гэта фінансавыя праблемы. Беларусы, якія прыехалі з Украіны, якія не маюць гуманітарных візаў, у выпадку падачы дакументаў на атрыманне статуса ўцекача, не могуць працаваць на працягу шасці месяцаў.

-У іх няма магчымасці вызвалення ад атрымання дазволу на працу. Яны атрымліваюць сацыяльную выплату 750 злотых і вымушаныя прасіць дапамогі ў розных арганізацыяў. Першыя шэсць месяцаў у іх забіраюць пашпарт. Для многіх псіхалагічна гэта вельмі цяжка. Многія кажуць пра немагчымасць паездак. Гэта праблема асабліва тычыцца грамадскіх актывістаў.
Аляксандра Дабравольская гаворыць, што ў Польшчы беларусам неахвотна даюць статус уцекача. Замест яго ім прызнаюць дадатковую абарону. Гэтыя два віды абароны выдаюцца па розных прычынах.

-Розніца прынцыповая. Калі вельмі спрасціць, то статус уцекача мае права атрымаць чалавек, які мае абгрунтаваную боязь перад пераследам. І ёсць пяць прыкмет: палітычныя погляды, нацыянальнасць, раса, рэлігія і прыналежнасць да акрэсленай сацыяльнай групы. Пераслед павінен быць індывідуальны. Большасць беларусаў падыходзіць пад гэты крытэр. Пераслед у іх індывідуальны. Рыторыка органу іншая: у Беларусі адбываецца шырокамаштабнае насілле на вуліцах. Таму даюць дадатковую абарону. Яна прадугледжвае менавіта пагрозу шырокамаштабнага насілля. Статус уцекача прадугледжаны Жэнеўскай канвенцыяй 1951 году аб правах уцекачоў. Дадатковая абарона – гэта лакальная форма абароны, якая ў іншых краінах можа быць незразумелая.

І хоць на першы погляд правы людзей з абодвума відамі абароны падобныя, то статус уцекача больш глабальны і больш надзейны.

-Што будзе ў выпадку спробы анулявання такога дазволу? Што лягчэй даказаць? Што гэты канкрэтны чалавек не мае індывідуальнага пераследу? Гэта трэба правесці каласальную працу, каб зразумець, ці будуць яго пераследаваць. У выпадку дадатковай абароны хопіць сцвердзіць, што па чыімсьці меркаванні больш няма шырокамаштабнага насілля. Я гэта бачыла падчас працы з грамадзянамі Расіі чачэнскай нацыянальнасці. У 2006 годзе ім усім далі, потым ва ўсіх забралі, калі ў краіне памянялася палітычная сітуацыя. Дазвол – бестэрміновы, але да моманту, пакуль у Беларусі не памяняецца сітуацыя, і чалавек зможа вярнуцца дадому. Такую рыторыку я чула ў размовах у міністэрствам і з Упраўленнем па справах іншаземцаў. І мяне гэта вельмі хвалюе.

Аляксандра Дабравольская прызнае, што ў 2020 годзе беларусы ў Польшчы адчувалі і атрымлівалі каласальную падтрымку. На жаль, сітуацыя моцна змянілася ў негатыўны бок пасля пачатку вайны ва Украіне, калі беларусаў сталі лічыць суагрэсарамі Расіі. Хоць публічна пра спыненне падтрымкі беларусаў не гаворыцца.

Акрамя цяжкасцяў з атрыманне статуса ўцекача Цэнтр Беларускай Салідарнасці расказвае пра праблемы з падачай дакументаў на гуманітарныя візы. Пра гэта можна пачытаць тут.

ав

слухайце адўдыё

Цэнтр Беларускай Салідарнасці інфармуе пра цяжкасці з атрыманнем гуманітарных візаў у Польшчы

26.10.2022 17:47
Віну спецыялісты цэнтру ўскладваюць на працаўнікоў візавых цэнтраў.