Беларуская Служба

Польскі сацыёлаг: Фарміраванне беларускай нацыі залежыць ад выніку вайны ва Украіне

03.11.2022 15:57
Польскі сацыёлаг беларусіст Рышард Радзік лічыць, што ў Беларусі ў 2022 г. была спроба рэвалюцыі годнасці, а не нацыі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Р.Радзік пра беларускую нацыю.
На граніцы Беларусі і УкраіныFoto: Фота: https://twitter.com/GpkGovBY/status/1580116358615818242/photo/1

Вядомы польскі сацыёлаг, выкладчык варшаўскай Акадэміі спецыяльнай педагогікі імя М. Гжэгажэўскай Рышард Радзік з 1980-х гг. вывучае працэсы фарміравання нацый ва Усходняй Еўропе на працягу апошніх двух стагоддзяў, у прыватнасці, беларусаў і ўкраінцаў. У апошні час яго ўвага прыцягнута да ідэалогіі г.зв. рускага свету і яе распаўсюджвання ў Беларусі і Украіне.

Аб тым, як вайна ва Украіне паўплывала на нацыянальную ідэнтычнасць украінцаў, а таксама беларусаў, Рышард Радзік расказаў на міжнароднай навуковай канферэнцыі «Мультыкультуралізм Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці», якая прайшла ў кастрычніку ў сувязі з 20-годдзем стварэння кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Адна з апошніх кніг Рышарда Радзіка называецца Rosyjski imperializm wspólnotowy. Trójjedyny narod ruski w badaniach socjologicznych («Імперыялізм рускага грамадства. Трыадзіны рускі народ у сацыялагічных даследаваннях»), яны выйшла ў 2016 г. у Любліне. У ёй вучоны паказаў тыя лініі падзелу і прычыны іх з'яўлення ва Усходняй Еўропе, якія сталі каталізатарамі імперыялістычнай палітыкі сучаснага кіраўніцтва Расіі. Але вайну 2022 г. даследчык не мог прадбачыць. А яна, на яго думку, унесла істотныя карэктывы ў нацыянальную свядомасць украінцаў і беларусаў, на тэрыторыі якіх прэтэндуе Масква:

Рышард Радзік: — Мы бачым, што на большай частцы Украіны «трыадзіны рускі народ» знікае. Гэта паказваюць сацыялагічныя даследаванні.

У Беларусі ж сітуацыя нявызначаная: нельга сказаць, якія дакладна там адбываюцца працэсы — усё залежыць ад ходу вайны ва Украіне. Калі ўкраінцы атрымаюць поўную перамогу і адбудуцца перамены ў Расіі, то гіпатэтычна Беларусь можа апынуцца ў зусім іншай сітуацыі, чым цяпер, і «трыадзіны рускі народ», які ў Беларусі мае моцныя пазіцыі, будзе слабець. Можа быць і так, і інакш. Мы не ведаем, як будзе. Я не рызыкаваў бы сцвярджаць, што будзе, бо гэтага можа і не быць.

Працягваючы развагі пра Беларусь, Рышард Радзік закрануў падзеі у гэтай краіне ў 2020 г., калі масы людзей выйшлі на вуліцы вялікіх гарадоў, пратэстуючы супраць фальсіфікацыі рэжымам Лукашэнкі вынікаў выбараў прэзідэнта. Людзі тады выйшлі на дэманстрацыі пад бела-чырвона-белымі сцягамі — сімвалам нацыянальнага руху і Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь у 1991-1995 гг. Некаторыя назіральнікі ахрысцілі тыя падзеі, якія, на жаль, завяршыліся масавым тэрорам рэжыму Лукашэнкі, спробай нацыянальнай рэвалюцыі. Рышард Радзік больш асцярожны ў ацэнках.

Рышард Радзік: — Ёсць пытанне, ці мелі падзеі ў 2020 г. у Мінску нацыянальнае вымярэнне, ці скарэй мела месца грамадзянская актыўнасць. Інакш кажучы, гэта была рэвалюцыя годнасці ці нацыі? Я мяркую, што бадай годнасці, а не нацыі. Мне цяжка меркаваць з пункту гледжання Любліна ці Варшавы, дзе я жыву. Але спачатку на дэманстрацыях былі заўважныя таксама савецкія сцягі, не толькі бела-чырвона-белыя нацыянальныя.

Згодна ж з сацыялагічнымі даследаваннямі, праведзенымі ў Беларусі, прыкладна адна трэцяя апытаных выступае за Лукашэнку, столькі ж — супраць і яшчэ адна трэць займае прамежкавую пазіцыю. Але ўсё ж такі праціўнікаў Лукашэнкі крыху больш, чым яго прыхільнікаў.

Звычайна за Лукашэнку выступалі, паводле ўсіх даследаванняў, каля 40% беларусаў. І цяпер мы не назіраем нейкіх істотных змен — у межах 30-40%. Рэшта ж абыякавая з нязначнай перавагай на карысць праціўнікаў Лукашэнкі.

Нягледзячы на ​​гэта, на польскім ТБ увесь час гавораць аб тым, што 70% беларусаў выступаюць супраць Лукашэнкі. Але не. Гэта не так. Усё выглядае інакш.

Рышард Радзік напамінае, што Беларусь, паводле даследаванняў, з'яўляецца самай прасавецкай і русіфікаванай краінай. Якое ж выйсце з гэтай сітуацыі?

Рышард Радзік: — Ну вядома, арыенцірам будзе вяртанне да беларускай мовы — так, як гэта адбылося ва Украіне (з украінскай мовай. — Рэд.).

Рышард Радзік, разважаючы такім чынам, знаходзіць абгрунтаванне ў гісторыі.

Рышард Радзік: — На мой погляд, працэсы фарміравання нацый падобныя — пачынаючы ад граніцы з Германіяй: у Польшчы, Украіне, Беларусі, Літве, Венгрыі, Чэхіі і Славакіі. У той жа час Расія стаіць асобна. Гэта зусім іншы свет. І з экспансіяй «рускага свету» ў Беларусі працэс фарміравання беларускай нацыі замарудзіўся. Аднак у пачатку ХХ ст., да Першай сусветнай вайны, ва Украіне і Беларусі гэтыя працэсы ішлі ў тым жа ключы, што і ў Цэнтральнай Еўропе.

Важным элементам у працэсе фарміравання нацый тады з'яўляўся працэнт пісьменнасці данай супольнасці. Самы высокі працэнт непісьменных быў сярод прыдняпроўскіх украінцаў і беларусаў; крыху менш сярод галіцыйскіх украінцаў. Славакі былі ў трохі лепшым становішчы, а чэхі — у значна лепшым.

Пасля Студзеньскага паўстання (1863-1864 гг.) у Расіі дзейнічала практычная забарона на друк выданняў на беларускай і ўкраінскай мовах (польскімі літарамі. — Рэд.) — да 1905 года. Сітуацыя ў гэтых адносінах таксама была неспрыяльная ў Славакіі (у складзе Венгрыі. — Рэд.) і значна лепшая ва Усходняй Галіцыі.

Аналагічная сітуацыя існавала і ў літаратуры. У гэтых адносінах у лепшы бок вылучаліся чэхі. У 1861 г. у Чэхіі выходзіла 30 найменняў прэсы на чэшскай мове, у канцы стагоддзя — амаль 450, а ў 1905 г. — звыш 750.

Да Першай сусветнай вайны беларускіх выданняў было ў некалькі дзясяткаў разоў менш, чым у Чэхіі ў адным толькі 1905 г.

Чэхі таксама вельмі выгадна выдзяляліся ў плане навучання на роднай мове.

Таксама і працэнт чэшскага насельніцтва гарадоў Чэхіі быў высокі. У 1870-х гадах большая частка насельніцтва чэшскіх зямель (акрамя Маравіі) не была занята ў сельскай гаспадарцы. Насельніцтва Прагі вырасла паміж сярэдзінай ХІХ стагоддзя і гадамі, якія непасрэдна папярэднічалі Першай сусветнай вайне, са 125 000 да 617 000 жыхароў (уключаючы прыгарады). Такім чынам, Прага стала — пры параўнальна аднолькавай колькасці насельніцтва Чэхіі і Беларусі — у шэсць разоў большым за Мінск горадам, з колькасцю насельніцтва «карэннай» нацыянальнасці ў некалькі дзясяткаў разоў больш, чым у будучай сталіцы Беларусі. У ХІХ стагоддзі чэхі ў некалі пераважна нямецкамоўных гарадах сталі складаць большасць насельніцтва, і ў 1910 годзе немцы ў Празе складалі ўсяго 6% насельніцтва.

Рышард Радзік дадае яшчэ некалькі дэталей да карціны таго, як адрозніваліся лёсы розных нацый у залежнасці ад стаўлення да іх урадаў імперый, у склад якіх яны ўваходзілі, у т.л. у склад Расійскай імперыі.

Рышард Радзік: — Лепш за ўсё гэта было заўважна на тэрыторыі Расіі, якая была дэспатычнай дзяржавай, якая не прызнавала ўкраінцаў і беларусаў асобнымі нацыямі. Яна тармазіла іх нацыянальнае развіццё ўсімі даступнымі спосабамі, асабліва да 1905 г., што ў значнай ступені садзейнічала іх нізкаму ўзроўню развіцця як нацый да пачатку Першай сусветнай вайны.

З іншага боку, ліберальная палітыка Вены садзейнічала хуткаму развіццю чэшскага нацыянальнага руху.

З 1848 г. аўстрыйскія ўлады падтрымлівалі ўкраінскі рух, хоць і з рознай інтэнсіўнасцю ў розны час, вынікам чаго стала развіццё не толькі ўкраінскай асветы, але і ўкраінскага друку, культурна-асветных устаноў і палітычных партый, хоць ўкраінскае грамадства характарызавалася значна больш нізкімі паказчыкамі цывілізацыйнага развіцця, чым чэшскае.

Фактарам, які да гэтага часу выкарыстоўвае Крэмль для ўплыву на Беларусь і Украіну, з'яўляецца праваслаўная царква. Рышард Радзік адзначае значэнне рэлігійнага фактару ў працэсе фарміравання нацый у пачатку ХХ ст.

Рышард Радзік: — І ўкраінцы, і беларусы адрозніваліся ад палякаў веравызнаннем, але праваслаўная царква звязвала іх (за выключэннем галіцыйскіх украінцаў) з рускімі. На думку рускіх, агульная нацыя («народ») павінна была выйсці з праваслаўнай супольнасці і супасці з ёй.

Падводзячы вынікі, можна канстатаваць, што ў беларусаў (а таксама, хаця і ў меншай ступені, ва ўкраінцаў) у Расійскай імперыі слабасць моўнага фактару і ўсведамлення дзяржаўна-нацыянальнай самабытнасці ў мінулым суправаджаліся адсутнасцю эліт, якія б на працягу некалькіх пакаленняў лічылі сябе прадстаўнікамі беларускай ці ўкраінскай нацыі. Пры гэтым назіралася адсталасць у цывілізацыйнай інфраструктуры і адсутнасць якой-небудзь палітычнай падтрымкі звонку нацыянальных памкненняў гэтых народаў, не кажучы ўжо пра палітычныя, аж да Першай сусветнай вайны.

Менавіта Першая сусветная вайна актывізавала працэс фарміравання ўкраінскай і беларускай нацый. У гэтым ключы цяперашняя вайна Расіі супраць Украіны іграе зноў на карысць украінскай нацыі і супраць расійскага імперыялізму.

Рышард Радзік: — Беларусы, якіх чатыры разы ў перыяд паміж 2006 і 2016 гадамі апытвалі, ці з'яўляюцца яны асобнай нацыяй ці адной з трох галін адной нацыі, якая звязвае іх з рускімі і ўкраінцамі, прыкладна ў 2/3 выпадкаў адказвалі, што з'яўляюцца адной з трох галін аднаго «народа».

У 2021 годзе 41% украінцаў заявілі, што складаюць адзін «народ» з рускімі. Але ў сакавіку 2022 года — несумненна пад уплывам вайны — такіх налічвалася ўсяго 21%, а ў красавіку — 8%, амаль выключна на ўсходзе краіны.

Несумненна, вайна імкліва паскарае працэс фарміравання ўкраінскай нацыянальнай супольнасці.

У Беларусі гэты працэс працякае на розных скорасцях у розных колах грамадства.

А ў нашай частцы кантынента менавіта культурныя (моўныя і этнічныя) ідэнтычнасці, а не палітычныя і дзяржаўныя (якія падтрымліваюць, аднак, першыя) фарміравалі нацыі.

Такім чынам, украінцы ўсё хутчэй вяртаюцца да мовы як да неад'емнага элемента сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, — канстатуе Рышард Радзік, а беларусы пакуль знаходзяцца ў нявызначаным стане.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык: Трэба хаця б некалькі соцень тысяч фанатычна нярускіх людзей, каб выйсці з «русского мира»

04.08.2022 16:03
Беларускі гісторык Аляксандр Белы лічыць, што сучаснае насельніцтва РБ – вынік ачышчэння Беларусі Расіяй ад нярускага элемента шляхам прымусу да эміграцыі і масавых забойстваў.

Гісторык: Ідэя незалежнай Беларусі і нацыянальнай адметнасці беларусаў ад рускіх урэшце пераможа

29.09.2022 15:50
Гісторык і палітолаг Лукаш Адамскі лічыць, што прарасійскі кірунак палітыкі ўлад Беларусі бесперспектыўны.