Беларуская Служба

Беларусы ў эміграцыі: 10% насельніцтва Батумі – беларусы

10.11.2022 07:02
«Аднойчы да мяне з сябрам на вуліцы падышлі грузіны, пачаставалі нас вінаградам, запыталіся, як нам жывецца ў Грузіі, далі нумар тэлефону і сказалі, каб мы звярталіся, калі будуць нейкія пытанні...».
Аўдыё
  • Беларусы ў эміграцыі: 10% насельніцтва Батумі – беларусы
Batumi, Gruzja
Batumi, GruzjaIgorZh/shutterstock.com

Сотні тысяч беларусаў пакінулі радзіму, уцякаючы ад пераследу рэжыму Лукашэнкі. Асноўнымі краінамі, куды накіравалася новая хваля эміграцыі, сталі Польшча, Літва і Грузія. У Грузіі беларусы ў асноўным пражываюць у Тбілісі, Батумі і Кутаісі.

Сапраўдным «беларускім» горадам стаў Батумі. Пра жыццё на чарнаморскім узбярэжжы нам расказвае жыхар гэтага горада, рэдактар сацыяльных сетак Яраслаў, які быў прымушаны пакінуць Беларусь, апасаючыся пераследу.

Паводле яго, вясной 2022 года мясцовы чыноўнік паведаміў, што 10% жыхароў Батумі – гэта беларусы. «Такім чынам, кожны дзясяты чалавек у Батумі – гэта беларусы», – гаворыць Яраслаў.

А чаму Батумі стаў папулярны сярод беларусаў?

Наш суразмоўца мяркуе, што галоўная прычына – бюракратычная. Справа ў тым, што грамадзяне Беларусі могуць знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі 365 дзён без візы ці іншых дакументаў. «Ты прыязджаеш і проста жывеш 365 дзён», – кажа Яраслаў. Пры гэтым беларускі жыхар Батумі заўважае, што грузіны да беларусаў ставяцца добра.

«Аднойчы да мяне з сябрам на вуліцы падышлі грузіны, пачаставалі нас вінаградам, запыталіся, як нам жывецца ў Грузіі, далі нумар тэлефону і сказалі, каб мы звярталіся, калі будуць нейкія пытанні. Бо беларусаў мы любім – сказалі грузіны», – падкрэсліў наш суразмоўца.

Яраслаў таксама звяртае ўвагу на грузінскую разняволенасць, якая характэрная для паўднёвых народаў, і на тое, што там ніхто нікуды не спяшаецца. «Аднойчы кіроўца гарадскога аўтобуса падчас рэйсу выйшаў, каб проста паразмаўляць са сваім сябрам, які ехаў насустрач. Пасажыры спакойна чакалі», – звяртае ўвагу Яраслаў. З ім размаўляе Валеры Саўко.

размова поўнасцю – слухайце аўдыёфайл