Беларуская Служба

Польшча згадвае пра пачаткі незалежнасці ды дэманструе адзінства

11.11.2022 15:30
У Варшаве ды ў большасці буйных польскіх гарадоў ладзяцца святочныя акцыі, па ўсёй краіне вывешаны нацыянальныя сцягі, людзі спяваюць гімн. Так у Польшчы адзначаюць Дзень Незалежнасці.
Аўдыё
  • У Польшчы адзначаюць Дзень Незалежнасці
Ілюстрацыйны здымакPAP/Tomasz Gzell

За апошнія гады святкаванне стала сапраўды масавым і народным.

Сёлета ў Польшчы адзначаюць 104-й гадавіну аднаўлення незалежнасці Польшчы. Па ўсёй краіне ладзяцца святочныя мерапрыемствы ў рамках урадавай праграмы «Niepodległa». Напярэдадні свята, 10 лістапада, у Тэатры польскім адбыўся канцэрт «Для Незалежнасці Вачыма маёй душы», у Музеі Юзэфа Пілсудскага ў Сулеюўку прайшлі дэбаты пад назвай «Разнастайная Незалежная», прысвечаная аб’яднанню польскіх зямель пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай у адну дзяржаву – незалежную Польшчу.

У пяты раз у Польшчы і за межамі прайшла акцыя «Niepodległa do hymnu». Яе ініцыятар і каардынатар Офіс Праграмы «Niepodległa» заклікаў дасылаць і пазначаць на карце мерапрыемстваў месцы, якія далучыліся да ініцыятывы выканання дзяржаўнага гімна апоўдні 11 лістапада. Распавядае дырэктар Офіса Праграмы «Nepodległa» Войцех Кірэйчык.

- Мы збіраем інфармацыю пра колькасць гарадоў, якія далучаюцца да акцыі. Штогод іх каля тысячы, не лічачы адзін ковідны год. Гэтая акцыя не заціхае, але, наадварот, наабірае моц. Заахвочваю далучыцца праз год, для гэтага дастаткова сабрацца і напісаць пра ваш удзел на нашым партале.

11 лістапада, як і штогод, па вуліцах Варшавы праходзіць Марш Незалежнасці, арганізаваны нацыянальнымі ды патрыятычнымі коламі. Гэта акцыя, якую ладзяць грамадскія ініцыятывы з мэтай прадэманстраваць, што незалежнасць не з'яўляецца нечым пастаянным, яе трэба падтрымліваць ды змагацца за яе.

Асобы, што выходзяць на Маршы ды іншыя дзяржаўныя ўрачыстасці, называюць сябе патрыётамі. Яны дэманструюць сваю прывязанасць да Бацькаўшчыны, папулярызуючы сваю краіну, адзначаючы нацыянальныя святы, шануючы нацыянальныя сімвалы.

З адным з такіх патрыётаў – жыхаром Варшавы Радаславам мы паразмаўлялі.

- Марш Незалежнасці – гэта ў першую чаргу не столькі, каб нешта пабачыць ці нешта даведацца. Гэта дэманстрацыя сваёй пазіцыі, а таксама пачуццё еднасці, далучанасці да людзей, якія маюць падобныя погляды. Для мяне важна не столькі дзяржаўніцкі характар, колькі той факт, што за гэтым стаіць грамадская ініцыятыва. Файна тое, што сюды ніхто сілаю людзей не заганяе, за гэтым не стаяць нейкія вялікія арганізацыі. Кожны можа прыйсці ды адчуць супольнасць з людзьмі навокал, адчуць, што мы, палякі, яднаемся ў найважнейшае свята для нас.

Супольнае святкаванне нацыянальных урачыстасцяў дае пачуццё прыналежнасці да нацыянальнай супольнасці, кажа наш суразмоўца.

- Людзі выйшлі, каб прадэманстраваць сваю польскасць. Гэта прыемна. Людзі, якія ходзяць на марш, маюць падобныя погляды, адчуваецца пачуццё супольнасці. Менавіта таму я штогод вяртаюся, выходжу на вуліцы, каб пачуць тую атмасферу.

Свята незалежнасці для палякаў – гэта не толькі дзяржаўныя ўрачыстасці. Гэта ў першую чаргу людзі, якія цешацца, вывешваюць сцягі і паказваюць, што ганарацца дасягненнямі сваёй Айчыны, сваёй прыналежнасцю да польскага народу.
Штогод да святкавання аднаўлення незалежнасці Польшчы далучаюцца і палякі, якія жывуць у Беларусі. Апошнія два гады адкрытых святкаванняў у Беларусі не ладзіцца. Рэжым Лукашэнкі, які ўзурпаваў уладу, назваў Польшчу ворагам ды атакуе ўсё, што звязана з Польшчай. Улады разбураюць польскія могілкі ў Беларусі, зачыняюць польскія школы, а польскія грамадскія актывісты пераследуюцца. Больш за год рэжым Лукашэнкі трымае арыштаванымі старшыню Саюзу палякаў Беларусі Анжалікай Борыс ды журналіста і грамадскага дзеяча Анджэя Пачобута. Так раней, да арышту, Анжаліка Борыс тлумачыла значэнне гэтага свята для палякаў, якія жывуць у Беларусі.

- Гэтае свята важна для кожнага паляка, няважна, дзе ён жыве. Ці ў Польшчы, ці ў Беларусі, ці недзе на Захадзе. Гэта вельмі важнае свята, якое злучае нацыю.

У пятніцу, 11 лістапада, у Польшчы адзначаецца Дзень нацыянальнай незалежнасці, які быў заснаваны ў памяць аб аднаўленні незалежнасці Польшчы ў 1918 годзе пасля 123 гадоў акупацыі і падзелаў (1795-1918).

Юры Ліхтаровіч