86 гадоў таму, 7 снежня 1938 года, адбылася прэм’ера мастацкага фільму «Barbara Radziwiłłówna» («Барбара Радзівіл») рэжысёра Юзэфа Лейтэса. Дарэчы, пра Лейтэса, які быў адным з вядомейшых польскіх даваенных кінарэжысёраў, мы ўжо расказвалі ў гістарычнай рубрыцы. Найбольш цікавым фактам з’яўляецца тое, што кінакарціна «Барбара Радзівіл» была першым польскім фільмам, паказаным па тэлебачанні, прычым за чатыры дні да вайны. Справа ў тым, што напярэдадні Другой сусветнай вайны, якая пачалася 1 верасня 1939 года, у Варшаве стартавала тэлевізійнае вяшчанне ў эксперыментальным рэжыме.
Барбара Радзівіл (6 снежня 1520 года, Вільня – 8 мая 1551 года, Кракаў) – каралева польская і вялікая княгіня літоўская (1550-51), другая жонка Жыгімонта II Аўгуста.
Фільм Лейтэса быў першай польскай гістарычнай стужкай з элементамі кінакамедыі. Паводле крытыкаў, у кінакарціне дасканала паказаная эпоха Барбары Радзівіл і асабліва яскрава – некаторыя сцэны, напрыклад, каралеўскага прыёму альбо каралеўскага шлюбу. Дарэчы, па фільме бачна, што прадзюсары не шкадавалі фінансавых сродкаў для яго рэалізацыі: адны касцюмы каштавалі вялізных грошай!
Фільм «Барбара Радзівіл» карыстаўся поспехам не толькі сярод польскіх гледачоў, але і за мяжой. Так, у 1937 годзе кінакарціна атрымала ўзнагароду журы на Венецкім кінафестывалю.
Фільм можна назваць дасканалым з пункту гледжання тэхнічнай рэалізацыі і кінамастацтва, але вось гісторыкі маюць пэўныя заўвагі. Што праўда, сапраўды Барбара Радзівіл была ганарлівай шляхцянкай з вялікімі амбіцыямі, як паказана ў кіно, але адначасова яна мела даволі – так бы мовіць – свабодны падыход да жыцця. Адным словам, была распусная і шчадралюбная. Ёсць гісторыкі, якія сцвярджаюць, што каралева памерла ад венерычнай хваробы.
«Партрэт каралевы Барбары з Радзівілаў». Невядомы аўтар, 1733—1737. Нацыянальны музей у Варшаве
Фільм «Барбара Радзівіл» – гэта выключная кінапрадукцыя. Па-першае, таму, што менавіта гэты фільм стаў першай польскай стужкай, паказанай па тэлебачанні, а па-другое, кінакарціна не была пашкоджаная падчас вайны і сёння мы можам глядзець яе цалкам. У тым ліку ў каляровай версіі, таму што ў нашыя часы фільм быў апрацаваны ў лічбавым фармаце.
Галоўную ролю – ролю Барбары Радзівіл, – атрымала вялікая зорка даваеннага польскага кіно Ядвіга Смасарска. У сваю чаргу ролю караля Жыгімонта ІІ Аўгуста выканаў вядомы актор Вітальд Захарэвіч. У фільме таксама ігралі іншыя вядомыя ў той час польскія акторы.
Ядвіга Смасарска стала зоркай нумар адзін польскага кіно пасля таго, як іншая вядомейшая акторка Поля Негры эмігравала з краіны. Смасарска мела свой дэбют у 1916 годзе на тэатральнай сцэне ва ўзросце 18 гадоў. У 20-30 гадах мінулага стагоддзя выступіла ў шматлікіх польскіх фільмах, многія з якіх былі, кажучы сучаснай мовай, касавымі.
У 1939 годзе Ядвіга Смасарска разам з мужам пакінула Польшчу і пераехала ў ЗША. Там выступала сярод польскай дыяспары, карысталася вялізным поспехам.
Пасля вайны акторка некалькі разоў прыязджала ў Польшчу, але на пастаяннае жыхарства пераехала толькі ў 1970 годзе. Яна трымалася здалёк ад людзей і не сустракалася з журналістамі. Памерла Ядвіга Смасарска ў 1971 годзе.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл