Беларуская Служба

Калі справа даходзіць да абароны ад смогу, то кожны павінен узяць справу ў свае рукі

23.12.2022 09:17
У цяперашні час кожны можа лёгка праверыць стан паветра ў сваім раёне, а на рынку ёсць прадукты маскі з фільтрам або ачышчальнікі паветра.
Аўдыё
  • Калі справа даходзіць да абароны ад смогу, то кожны павінен узяць справу ў свае рукі
.
.Thoxuan99/pixabay.com/CC0

Апошнія гады ўсе еўрапейскія краіны прыкладалі мноства намаганняў, каб не толькі зменшыць колькасць выкідаў цяплічных газаў і гэтым запаволіць ацяпленне клімату, але таксама палепшыць якасць паветра, асабліва зімою. На жаль, вайна ва Украіне прывяла да эканамічнага і энергетычнага крызісу. Дзяржавы зноў пачалі вяртацца да вугалю, а жыхары спальваць у сваіх катлах недазволеныя рэчы.

На канферэнцыі «Польшча ў смозе – што нас чакае гэтай зімой і як ад гэтага забяспечыцца» парушаліся розныя аспекты праблемы. Вераніка Міхаляк з арганізацыі HEAL, якая займаецца аналізам уплыву фактараў навакольнага асяроддзя на здароўе, адзначала, што калі справа даходзіць да абароны ад смогу, то кожны павінен узяць справу ў свае рукі. Ёсць рашэнні, якія могуць мінімізаваць уздзеянне таксічнага паветра. У цяперашні час кожны можа лёгка праверыць стан паветра ў сваім раёне, а на рынку ёсць прадукты, якія абараняюць ад смогу, напрыклад, маскі з фільтрам або ачышчальнікі паветра.

Вераніка Міхаляк звяртае ўвагу, што акрамя масак і ачышчальнікаў прапануе выпрацаваць штодзённыя навыкі.

-Мы ведаем, што якасць паветра кепская. Часамі лепшая, часамі вельмі кепская. Але гэта веды, якія кожны з нас павінен мець і імі карыстацца. Мы павінны пачынаць дзень з праверкі якасці паветра ў месцы, дзе мы будзем знаходзіцца, а таксама прагнозы на цэлы дзень. Калі мы ўжо ведаем, якое паветра цяпер, і якім яно будзе, то мы павінны запланаваць актыўнасць адпаведна да гэтай інфармацыі. То бок, пазбягаем выхаду з памяшкання, калі ўзровень забруджання вельмі высокі. Рэкамендуецца ў такія перыяды пазбягаць фізічную актыўнасць на вонкі. Узамен можна выбраць спортзалю, якая мае ачышчальнікі паветра ці кліматызацыю з фільтрамі. Плануйце трасу шпацыраў, беручы пад увагу забруджванне паветра. І тут трэба браць пад увагу таксама выхлапныя газы і не шпацыраваць уздоўж рухлівай вуліцы. Усё гэта служыць таму, каб абмяжоўваць уплыў забруджвання з паветра. Кожны глыток смогу – гэта атручванне нашага арганізму. Калі гэта адзін глыток, то можа не вельмі істотнае, але калі іх шмат, то яны выклікаюць наступствы для здароўя.

Важным штодзённым навыкам з’яўляецца праветрыванне. Яно павінна быць хуткім, найлепш са скразняком. Ні ў якім выпадку нельга ветрыць цэлы дзень. Найлепшы час праветрывання – гэта абед. Найгоршы – раніцы і вечар.

Эксперты раяць карыстацца антысмогавымі маскамі. Звычайная медычная маска ад смогу не забяспечвае. Па-першае, такая маска павінна мець сертыфікат СЕ. Ён пацвярджае, што прадукт выконвае патрабаванні Еўрасаюзу ў галіне аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, а таксама бяспеку карыстання. Антысмогавыя маскі маюць тры ўзроўні аховы.

-Чарговы спосаб акрэслівання якасці маскі – FFP. Калі гэта FFP1, то гэта азначае, што яна затрымлівае мінімум 80% забруджанняў, FFP2 – мінімум 94%, FFP3 – мінімум 98%. Ёсць маскі для штодзённага карыстання, а ёсць маскі спартыўныя, якія прыстасаваныя для выкарыстання падчас спартыўнай актыўнасці. Ёсць фільтры, якія з’яўляюцца цэлай маскай, а ёсць маскі з фільтрам. Калі казаць пра самыя фільтры, то ёсць тры катэгорыі іх эфектыўнасці. Фільтр Р1 – эфектыўнасць 80%, Р2 – 94%, Р3 – 99,95%. Вельмі важна правільна насіць маску.

Маска для кожнага карыстальніка павінна быць індывідуальная, яна мусіць добра прылягаць да твары, закрываць і нос, і вусны. Неабходна выкарыстоўваць маску і фільтр столькі часу, колькі вызначае інструкцыя.

Не ўсе могуць насіць маскі. Іх нашэнне ў старэйшых людзей, хворых і дзяцей павінна кансультавацца з лекарам.

Наступны элемент, які дапамагае ў барацьбе за чыстае паветра, гэта ачышчальнік паветра. Вераніка Міхаляк звяртае ўвагу, што выбар павінен залежыць ад патрэбаў карыстальнікаў.

-Не кожны ачышчальнік паветра будзе адпаведным у кожным памяшканні. Важна праверыць, ці ён адпавядае нашай кубатуры. Вельмі важна, каб ачышчальнік фільтраваў дробныя пылы, каб былі сертыфікаты – згаданы СЕ, таксама сертыфікат HEPA. Важны ўзровень шуму. Можна звярнуць увагу на кошт замены фільтра. Колькасць энергіі, якую фільтр выкарыстоўвае. З майго пункту гледжання прыдатным з’яўляецца экран, які паказвае ўзровень забруджання паветра, паказчык выкарыстання фільтра, рэжым турба, які дапамагае ачысціць моцна забруджанае паветра ў больш хуткім часе. Начны рэжым, калі ачышчальнік уключаецца сам у выпадку, калі ўзровень забруджання павялічваецца. Кіраванне смартфонам, але гэты гаджэт абсалютна неабавязковы.

Лекары рэкамендуюць дзецям, які знаходзяцца звонку ў час моцнага забруджання паветра, часта рабіць па глытку вады. Дзякуючы гэтаму забруджанні, якія аселі на слізістай, не трапяць у лёгкія, а ў страўнік, што з медычнага пункту гледжання значна лепшае.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце

Смог уплывае на заўчасныя смерці мільёнаў людзей у свеце

16.12.2022 08:11
Доўгатэрміновы ўплыў смогу таксама ўплывае на працягласць жыцця.