Снежань у Польшчы – асаблівы час. Як вядома, Польшча – гэта краіна з багатай хрысціянскай традыцыяй, таму перыяд Раства – гэта час падрыхтоўкі да свята, сустрэч, віншаванняў і пажаданняў. Цяпер Раство ў Польшчы часта мае больш традыцыйны характар, а не рэлігійны. Але ў міжваеннай Польшчы, у 20-30-х гадах мінулага стагоддзя, святкаванне Раства адбывалася па-іншаму, чым цяпер.
Палякі ў Польшчы ў міжваенны перыяд мелі шмат прычын для таго, каб з радасцю адзначаць Ражджаство: у канцы канцоў іх радзіма была свабоднай пасля 123 гадоў неіснавання на палітычных картах свету. Але практычна з самага пачатку міжваенная Польшчы (перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі) мела таксама праблемы, перш за ўсё эканамічныя, звязаныя з ваеннай разрухай і сусветным эканамічным крызісам. Іншым пытаннем быў вялікі адсотак нацыянальных меншасцяў, які складаў каля 30%. Але, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, палякі стараліся адсвяткаваць Раство як мага найлепш.
Афіцэры ахоўнага эскадрону прэзідэнта Польшчы з жонкамі. Раство, Варшава, 1925 год
Дарэчы, у даваеннай Польшчы не ва ўсіх рэгіёнах ставілі ёлку. Так, ялінка была папулярная на Ражджаство ў заходняй і цэнтральнай Польшчы, але вось у паўднёвай гэтая традыцыя з’явілася толькі пасля Другой сусветнай вайны. На поўдні краіны ў міжваенны перыяд жыхары падвешвалі вярхушку ялінкі пад столлю альбо ўпрыгожвалі вялікую елкавую галіну – цэлае дрэўца ставілася рэдка.
Канешне, ёлка на Раство ўпрыгожвалася цацкамі і папяровымі ланцугамі, але ў асноўным самаробнымі. Справа ў тым, што па фінансавых прычынах не кожны жыхар Польшчы мог сабе дазволіць на тое, каб купіць цацкі. Было таксама прынята на галінкі вешаць яблыкі, арэхі і цукеркі, а таксама свечкі, што не было добрай ідэяй, паколькі здараліся частыя ўзгаранні дрэўца.
Раство, Кракаў, 1938 года
А ў тыя часы што падавалі на калядны стол? Варта зазначыць, што тады гатаванне было жаночай справай – мужчыны на кухню амаль не ўваходзілі. Прычым жанчыны павінны былі прыгатаваць стравы не толькі на калядную вячэру, але і на рэшту свята, бо паўпрадуктаў ці гатовых страў, як цяпер, не было.
Цяпер у Польшчы на калядным стале абавязкова павінен быць карп, прычым у розных варыянтах, перш за ўсё заліўны. У міжваеннай Польшчы пачэснае месца сярод рыбы займалі шчупак і судак. Карп таксама прысутнічаў на стале, але ў выглядзе халоднай стравы, якую падавалі ў салодкім соусе на базе перніка, піва, разынак і мёду.
Польская калядная паштоўка з 1935 года/Polona - Cyfrowa Biblioteka Narodowa
Акрамя таго, на калядную вячэру падавалі калядны боршч з вушкамі, міндальны суп (дарэчы, пра яго мы расказвалі ў кулінарнай рубрыцы), піражкі з рыбай, кучаравую капусту з ядомымі каштанамі, зялёны гарошак з грэнкамі, печанага шчупака і судака, фаршыраванага яйкамі, клёцкі з чарнаслівам, піражкі з французскага цеста, а таксама дэсерты на базе маку і пудынгу. Зразумела, што не ўсе гэтыя стравы падаваліся ў кожным польскім доме, бо многае залежала ад матэрыяльных магчымасцей.
Польская сям'я за калядным сталом. Варшава, 1926 год
У багацейшых дамах, дзе была прыслуга, прыгатаванне святаў лажылася на яе плечы. Не заўсёды і не ўсюды, але на Раство прыслуга таксама атрымлівала падарункі ад гаспадароў. «Кожны слуга атрымліваў пакет з сухафруктамі і арэхамі на Ражджаство, а таксама індывідуальны падарунак, звычайна нешта з вопраткі: жанчыны маглі атрымаць тканіну на сукенку ці кашульку, шалік альбо панчохі, а мужчыны – кашулю, пальчаткі альбо шкарпэткі», – згадвала мінулыя часы графіня Марыя Чапская. Дарэчы, у Польшчы падарункі дорацца менавіта на Раство, а не на Новы год, як гэта прынята ў Беларусі.
Зразумела, што акрамя смачных страў, падарункаў і сустрэч былі таксама абавязковыя візіты ў касцёл на калядныя малітвы.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл
фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe
фота: Polona - Cyfrowa Biblioteka Narodowa