Беларуская Служба

Гісторык А. Белы: Варажская рэкецірская русь часоў Рурыка — папярэднік сучаснай дзяржавы-бандыта Расіі

19.01.2023 15:57
Гісторык Аляксандр Белы напярэдадні 160-й гадавіны паўстання 1863-1864 гг. лічыць актуальнымі словы яго правадыра Каліноўскага: «Народзе, тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжэ не будзе».
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Белы пра Беларусь, Украіну і Расію.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

Да таго, каб сачыць за падзеямі ў Беларусі і навокал, а таксама актыўна каменціраваць іх у сацсетках, вядомага беларускага гісторыка Аляксандра Белага, які з 2022 г. пастаянна жыве ў Ізраілі, змушае не толькі неабыякавасць да таго, што адбываецца на гістарычнай бацькаўшчыне, але і цікавасць гісторыка.

Аляксандр Белы з’яўляецца адным з даследчыкаў паходжання назвы «Белая Русь» і ўвогуле рускага фактару ў гісторыі Усходняй Еўропы. Я спытаў у вучонага, як у кантэксе яго даследаванняў гісторыі старажытнай Русі і сучаснага рускага свету ён бачыць сучасную мутацыю рускай ідэі ў Расіі і Беларусі. Чаго чакаць Украіне і цывілізаванаму свету ад рускага свету — як ад Масквы, так і ад Мінска?

Аляксандр Белы: — “Руская ідэя”, на маю думку, сёння красамоўна і маляўніча раскрыла ўсе свае скразныя, тысячагадовыя сэнсы.

Адна з англійскіх кніг, апісанне Масковіі канца XVI ст., называлася Rude and Barbarous Kingdom (“Жорсткае і варварскае царства”). У гэтай дзяржаве ніколі нічога не былі варты чалавечае жыццё і годнасць. Уся яе гісторыя ўяўляецца чарадой звар’яцелых тыранаў, да якіх падданыя адчуваюць нешта падобнае да стакгольмскага сіндрома, мазахісцкага пакланення і ўдзячнасці за магчымасць ненавідзець усіх суседзяў і сілай караць іх за нярускасць (за выключэннем здольных сябе абараніць).

Ад якога моманту гэта пачалося: ад Івана Каліты ці ад Андрэя Багалюбскага? А можа быць, яшчэ ад пірацка-рэкецірскай дзяржавы варагаў-русі на Ладазе і Волхаве — ад Рурыка? Русь–Расія настолькі паслядоўна паўтарае гэтыя патэрны — дзяржавы-бандыта і дзяржавы-канцлагера, што я не магу сабе ўявіць, як бы яна тэарэтычна магла змяніць свае паводзіны, логіку свайго існавання.

У Мінску сёння, як і ў прыднястроўскім Тыраспалі і ў некаторых іншых месцах, існуе proxy-руская дзяржава. Яна заснаваная на той самай рускай культурнай ДНК, што і маскоўская, але з прыстасаваннем да канкрэтнай геапалітычнай нішы.

Гэта датычыць і ўсіх іншых утварэнняў — Калінінградскай вобласці, Паўднёвай Асеціі, Абхазіі, Чачні, які з'яўляюцца і будуць крыніцамі яўнага і ўтоенага міжнароднага тэрарызму, шантажу наплывам бежанцаў і дыверсіямі на шляхах зносін, хакерскіх атак, патранажу крыміналітэту і масіраваных кампаній дэзінфармацыі.

І трэба быць гатовымі прыняць гэты выклік і адказаць на яго рашучымі дзеяннямі, а не хавацца ў бульбу ці, мо, у сланечнік.

А ўвогуле, геапалітычны расклад у Еўропе цяпер шмат у чым нагадвае XVII-XVIIII  стст. Праўда, тады Масква была на пад'ёме, а Асманская імперыя пачала занепадаць, але сёння, здаецца, — наадварот.

Якія рэцэпты вызвалення Усходняй Еўропы ад рашызму вы маглі б прапанаваць як гісторык — палітыкам?

Аляксандр Белы: — Якім менавіта палітыкам? Калі б у нашы часы існавалі палітыкі кшталту Рэйгана і Тэтчар, то яны самі б ведалі, што трэба рабіць. А тым, што сёння кіруюць Захадам, такім як Макрон або ўся чарада германскіх канцлераў пасля Коля, бессэнсоўна даваць нейкія парады.

Яны ўрокі гісторыі проста ігнаруюць, як, дарэчы, да гэтага заклікаў тэарэтык г.зв. адкрытага грамадства Карл Попер.

Спадзяюся толькі, што палітыкі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы будуць думаць хутчэй і больш рацыянальна.

Відавочна, што ружовыя абяцанкі заходняй гуманістыкі апошніх дзесяцігоддзяў не спраўдзіліся.

Відавочна, што раз’яднанасць народаў Міжмор’я робіць нас усіх заложнікамі бязлітасных геапалітычных гульняў, пра якія спяваў яшчэ Яцак Качмарскі ў песні I tak rozumieć trzeba Jałtę.

Патрэбна больш рашучасці ў змаганні з паўзучай гібрыднай агрэсія Расіі. Такой, напрыклад, да якой заклікае дэпутат малдаўскага парламента Аазу Нантой. Цяпер, дарэчы, найбольш зручны момант, каб вырашыць праблему Прыднястроўя супольнымі рашучымі дзяеяннямі Малдовы, Украіны і НАТА. Але няма людзей і структур, гатовых узяць на сябе адказнасць.

Трэба рашуча ўсюды выкрываць і выціскаць рускую “пятую калону”, агентаў уплыву. Уключаючы і каналы распаўсюджвання быццам бы бяскрыўднай рускай поп-культуры, прынамсі тых яе дзеячаў, якія засвяціліся як паслугачы Крамля.

Трэба ўмацоўваць рэгіянальнае інфармацыйнае, адукацыйнае і культурнае супрацоўніцтва. І ў першую чаргу гэта датычыць краін былой Рэчы Паспалітай — Польшчы, Украіны, Літвы. І вельмі гіпатэтычна вызваленай Беларусі.

Эмігрыруючы ў 2022 годзе ў Ізраіль, вы часта выказвалі настальгію па той гістарычнай Літве, частка якой цяпер уваходзіць у склад Рэспублікі Беларусь. Ці змяніліся вашы адносіны да бацькаўшчыны і пры якіх умовах вы б туды вярнуліся?

Аляксандр Белы: — Я застаюся патрыётам былой Усходняй Літвы (Верхняга Панямоння), ВКЛ, Рэчы Паспалітай.

Вярнуцца мог бы толькі тады, калі б памянялася ўлада — разам з іншымі эмігрантамі. Але гэта можа адбыцца вельмі нават не скора.

Да сённяшняй “палпотаўшчыны” Беларусь ішла доўга і паслядоўна...

Я не веру, што Беларусь можна вырваць з рускага свету, слухаючы парады, умоўна кажучы, нямецкага бюргера.

Сама украінская вайна — вынік наіўных ілюзій. Каб “вярнуцца” ў Еўропу, нам трэба перш за ўсё “вярнуцца” ў Рэч Паспалітую: на новым гістарычным вітку і ў новай форме.

Але цяпер ідэал нашых адраджэнцаў — гэта беларус чыста спажывецкага, безідэйнага складу, падобны гэтым да ябацек-застабілаў.

Я пакуль не адмаўляюся ад беларускай тэматыкі ў сваёй творчасці. Але тэксты, над якімі цяпер працую, болей міжкультурныя: беларуска-літоўскія, беларуска-яўрэйскія.

У сувязі з адзначэннем у Польшчы 22 студзеня 160-годдзя пачатку Студзеньскага паўстання 1863-1864 гг., якое ў лютым 1863 года ахапіла Літву і Беларусь, Аляксандр Белы закрануў важнасць асэнсавання гэтай падзеі ў кантэксце сучаснасці.

Аляксандр Белы: — Паралелі тут, натуральна, відавочныя. Яны яшчэ ўзмацняюцца тым, што якраз у 2019 г. адбылося перапахаванне Каліноўскага і яго паплечнікаў, пакараных смерцю на загад Мураўёва і таемна пахаваных у Вільні на Замкавай гары, з масавай дэманстрацыяй беларусаў.

І ўвогуле, той год запомніўся   адносным пікам усялякіх вольнасцей — і дэмакратычных і нацыянальных.

Нават 200-гадовы юбілей кампазітара Станіслава Манюшкі, ураджэнца Міншчыны і жыхара Мінска, Вільні, Варшавы прыпаў на гэты ж 2019 г.

Я адназначна гэта тады прачытаў як сімвалічны знак, што дух паўстанцаў вярнуўся, каб натхніць новае пакаленне, нас з вамі, працягнуць іх справу там, дзе іх гвалтоўна спынілі.

Сама Вільня сёння даўно вольная ад рускай тыраніі, а вось мы ўсе, Белая Русь і Усходняя Літва (паўночна-заходнія землі РБ. — Рэд.) – дагэтуль у маскоўскай няволі. І нам не ўдалося апраўдаць спадзяванні, якія ўскладалі на нас нашы мёртвыя. Гэта балюча і сорамна. Мы недаацанілі моц ворага і недаацанілі нашу ўласную адказнасць.

Але змаганне не скончана, хаця Русь-Масковія зноў перамагла. На ўсходзе сучаснай Беларусі яе ўлада толькі што адзначыла 250-годдзе замацавання там, у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Але стратэгічна Русь-Масковія ўсё ж адпаўзае ў свае еўразійскія стэпы.

Нам трэба памятаць пра нашу адказнасць і штодня рабіць кожнаму на сваім месцы тое, чаго ад нас чакаюць нашы мёртвыя і зняволеныя героі – 1794, 1830-1831, 1863-1864, 1918, 2020-2023 гг.

Дарэчы, надыходзіць яшчэ адзін знакавы юбілей – 200-годдзе працэсу філаматаў. Давайце і яго ўспрымаць як знак, як напамін пра нашу адказнасць перад усімі пакаленнямі продкаў, якія глядзяць на нас з надзеяй.

Мы не маем права апускаць рукі. І дагэтуль не страцілі актуальнасці апошнія словы Каліноўскага, адрасаваныя нам: Народзе, тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжэ не будзе.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Польскі сацыёлаг: Фарміраванне беларускай нацыі залежыць ад выніку вайны ва Украіне

03.11.2022 15:57
Польскі сацыёлаг беларусіст Рышард Радзік лічыць, што ў Беларусі ў 2022 г. была спроба рэвалюцыі годнасці, а не нацыі.