У Варшаве прайшла канферэнцыя, на якой абмяркоўвалася стварэнне «Інстытута беларускай кнігі».
Павал Баркоўскі з Фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ва ўступным слове накрэсліў сітуацыю, у якой апынулася беларускае кнігавыдавецтва. З аднаго боку, гэта дзяржаўныя выдавецтвы, якія выдаюць у асноўным кнігі школьнай праграмы і беларускую класіку. З іншага боку, гэта ніша незалежных выдавецтваў, якія стараліся выдаваць не толькі кнігі па школьнай праграме і класіцы, а перш за ўсё намагаліся рабіць сучасную беларускую кнігу: выдавалі сучасных аўтараў і пераклады сусветнавядомых аўтараў на беларускай мове.
Аднак, за апошнія 1,5 гады ліцэнзіі пазбаўленыя шэсць прыватных выдавецтваў. Частка з іх намагаецца працягваць дзейнасць за мяжой. Аднак, перад імі ўзнікае шэраг пытанняў і праблем. Павал Баркоўскі адзначыў, што беларускае слова знаходзіцца ў сітуацыі пагрозы:
-Беларуская кніга можа сябе запісаць умоўна ў Чырвоную кнігу. З такім падыходам уладаў беларускае кнігавыданне рызыкуе застацца без магчымасці фізічна існаваць і застацца без свайго чытача, бо каналы камунікацыі паміж імі штучна перарываюцца. Мы рызыкуем, што беларусы ў будучыні могуць застацца ў сітуацыі, калі кніжная дзейнасць па-беларуску будзе вельмі дарагой, няўдзячнай ці мала запатрабаванай. Гэта праблемы, якія мы маем на ўнутраным полі. Але ёсць і знешняе поле. Беларуская кніга дасюль яшчэ застаецца збольшага рэччу самой у сабе, замкнёнай для знешняга свету планетай. Гэта адбываецца па шэрагу прычын. Але з большага таму, што прасоўваннем уласнай культуры і кніг займаецца дзяржава. Але нацыянальная культура не знаходзіцца ў прыярытэце тых, хто цяпер трымае ўладу ў Мінску. Атрымліваецца, што мы сустракаемся з падвойнай праблемай. Ёсць шмат праблем з выданнем беларускай кнігі для беларусаў як у краіне, так і за межамі. Я лічу, што тэма паўстання грамадскай ініцыятывы, якая магла б прасоўваць беларускую кнігу, дапамагаць ёй не знікнуць, развівацца, пераадольваць праблемы – гэта значная задача. Для нас усіх гэта пэўны штуршок задумацца, якія ў нас ёсць перспектывы і што мы можам зрабіць для таго, каб гэтую сітуацыю змяняць.
Вырашэннем згаданых праблем, на думку ініцыятараў канферэнцыі, мог бы займацца Інстытут беларускай кнігі. Адна з ініцыятараў праекту, дзіцячая пісьменніца Лілія Ільюшына перакананая, што Інстытут беларускай кнігі павінен быць грамадскай арганізацыяй. Яна акрэсліла галоўныя, паводле яе, пункты дзейнасці Інстытуту:
-Першы стратэгічны накірунак працы: арганізацыя папуляцыі беларускай кнігі ўнутры Беларусі і па-за Беларуссю. Я кажу і пра кнігапродаж і пра арганізацыю беларускіх бібліятэчак, палічак. Наступнае: прэзентацыя аўтарак і перакладчыкаў, усіх звязаных з беларускай кнігай на міжнародных форумах і кірмашах. Гэта таксама дапамога з аўтарскімі правамі. Наступнае: падтрымка чытання і беларускай кнігі ў Беларусі. У мяне няма ніякіх ілюзій на конт таго, што адбываецца ў Беларусі, колькі выдавецтваў зачыняюцца, у якім стане беларускія чытачы. Колькі б людзей не з'язджала, усё роўна асноўная колькасць патэнцыйных спажывальнікаў беларускай кнігі застаецца ў Беларусі. Сказаць, што ўсе зʼехалі і трэба рабіць тут, гэта толькі палова адказу. Але ў Беларусі застаюцца людзі, якім патрэбна беларуская кніга. Трэба думаць, як ладзіць пастаўку кніг, але і як падтрымаць чытацкі інтарэс.
Лілія Ільюшына адзначыла, што арганізоўваючы фестываль «Прадмова» яны на сабе адчулі ўсе гэтыя недахопы, таму менавіта зараз яны выступілі з ініцыятывай стварэння Інстыту беларускай кнігі.
Цягам бліжэйшых дзён арганізатары канферэнцыі зробяць падсумаванне сустрэчы. Мяркуецца, што на падставе выпрацаванага дакумента паўстане заява пра заснаванне, місію Інстытута беларускай кнігі і напрамкі яго дзейнасці.
ав