Беларуская Служба

Ці вырашыць АЭС энергетычныя праблемы Польшчы?

27.01.2023 13:38
Польскія электрастанцыі, якія працуюць на вугалі, непазбежна старэюць і становяцца ўсё большай праблемай для навакольнага асяроддзя.
Аўдыё
  • Ці вырашыць АЭС энергетычныя праблемы Польшчы
АЭС у Філіпсбургу ў ГерманііWikimediaImages/pixabay.com/CC0

Паводле некаторых, праблему магла б вырашыць менавіта АЭС і аднаўляльныя крыніцы энергіі. Ці вырашыць АЭС энергетычныя праблемы Польшчы? Пра гэта размаўлялі ўдзельнікі дэбатаў «Энергетычны крызіс і экалогія» ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышыньскага.

Удзельнікі цікавіліся, наколькі атамная энергія з’яўляецца бяспечным вырашэннем энергетычнага крызісу і ці з’яўляюцца АЭС альтэрнатывай вугальнай энергетыкі. Цягам 10 гадоў у Польшчы павінна спыніцца 15 ГВт вугальных энергаблокаў. Вялікія спадзяванні ўскладаюцца на АЭС. Плануецца, што першая атамная станцыя ў Польшчы будзе пабудаваная праз 15 гадоў.

Эксперт у галіне паліўна-энергетычнай гаспадаркі, прафесар Кшыштаф Бернат гаварыў, што атамная энергетыка з усім вядомых тэхналогій з’яўляецца найменш шкодная для навакольнага асяроддзя. Няма ніводнай тэхналогіі, якая была б цалкам нейтральная для прыроды. Кожная з іх у той ці іншай ступені ўяўляе нейкую пагрозу. Атамная энергетыка – найменш шкодная з усіх.

Сярод пераваг – колькасць энергіі, вырабленай з кілаграму сыравіны, гаварыў Кшыштаф Бернат.

-Калі паглядзець на колькасць вырабленай энергіі, якая ўтрымліваецца ў энергетычных матэрыялах, то вынікае: з 1 кг вугалю – 3 кв/г энергіі, 1 кг драўніны – 1 кв/г, 1 кг мазута – 4 кв/г, 1 кг урану – 50 тысяч кв/г. Іншы аспект – няшчасныя выпадкі. Кожнае грамадства сцвярджала, што атамная энергетыка небяспечная. Калі паглядзець на колькасць смяротных выпадкаў у выніку эксплуатацыі розных энерганосьбітаў, то ва ўсіх выпадках, акрамя атамнай, за апошнія дзесяць было 9800 смерцяў, у ядзернай энергетыцы – нуль. Адкуль узнікае гэты страх? Існуе такое паняцце як экалагічны страх. Гэта калі мы назіраем за нейкай з’явай, не маем ведаў на яе тэму, а таму падсвядома яе баімся.

Польскі эколаг, былы міністр аховы навакольнага асяроддзя Мацей Навіцкі адзначыў, што інфармаванне пра атамную энергію ў Польшчы як пра ратунак у абліччы энергетычнага крызісу – гэта фальшывае прадстаўленне справы. Узнікненне першай АЭС у найлепшым выпадку праз 15 гадоў, а праз 20 чарговай, што дало б 6 гВт ядзернай энергіі, крыху паляпшае энергетычны біланс краіны, але не вырашае праблемы.

-Іх задача замена цяперашніх састарэлых вугальных электрастанцый, прычым не ўсіх. У бліжэйшыя 10 гадоў нам трэба вывесці з эксплуатацыі 15 гВт з вугальных станцый. 15гВТ супраць 6гВТ, якія заменяць вугальную энергію. Узнікне вялікі прабел у запатрабаванні на электраэнергію. І так трэба падыходзіць да тэмы, а не сцвярджаць, што АЭС будзе ратаваць Польшчу ад энергетычнага крызісу.

Ядзерная энергетыка можа дапамагчы, але не вырашыць праблему, пагадзіўся доктар габілітаваны Анджэй Кульчыцкі. На яго думку, з пункту гледжання экалогія ніводная альтэрнатыва не з’яўляецца бясшкоднай.

-Экалагічны крызіс вынікае з выкідаў СО2. То бок гаворка пра вугальныя электрастанцыі. У сувязі з гэтым мы спрабуем замяніць вугальныя станцыі крыніцамі без выкідаў. Прынамсі некаторыя аднаўляльныя крыніцы такімі з’яўляюцца. Таксама АЭС, нягледзячы на некаторыя сумнеўныя характарыстыкі з пункту гледжання наваколля, напэўна да такіх тэхналогій належыць. Паводле розных стратэгій, да 2050 году большая частка энергіі ў Польшчы павінна паходзіць з ветру і сонца. Гэта крыніцы без выкідаў, але, як паказаў досвед краін, дзе ветравая энергетыка моцна развітая, не абавязкова нейтральная для прыроды. Затрымліванне мас паветра ветракамі выклікае збоі ў клімаце, паколькі мы ўскладняем рух масам паветра, якія, напрыклад, з акіяну нясуць вільготнасць. Ёсць пытанне вібрацый, у выніку якіх вакол ветрака зямля становіцца бескарыснай.

Калі ветракоў параўнальна мала, то і праблема нязначная. Аднак, падкрэслівае Анджэй Кульчыцкі, попыт на энергію стала расце, таму і праблема можа стаць маштабнай.
Дыскусія паказала, што ў пытанні крыніц энергіі няма адной на 100 працэнтаў бяспечнай для клімату і навакольнага асяроддзя. Прымаючы доўгатэрміновыя стратэгіі неабходна браць пад увагу вялікую колькасць аспектаў.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце

Падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС у Польшчы ідзе поўным ходам

24.01.2023 17:30
Польшча мае намер пабудаваць тры атамныя станцыі.