Слухайце размову цалкам у далучаным файле!
Мы размаўляем з Аленаю ў дзень, калі яна ў Кіеве. У горадзе паветраная трывога – расіяне зноў бамбяць Украіну. Алена прывозіць у Кіеў гуманітарную дапамогу, якую збірае ў Польшчы. Падкрэслівае, што ніхто з украінцаў не ставіцца да яе кепска з той прычыны, што яна беларуска.
– Ва Украіну мы прыганяем машыны для УСУ, прывозім сюды гуманітарную дапамогу для Украіны і таму я тут. Мы збіраем у Польшчы гуманітарку, потым я прывожу яе сюды, тут размяркоўваем – калі ў воінскія часткі, калі ў шпіталі, калі ў дзіцячыя дамы.
Я не сустрэла ніводнага грамадзяніна Украіны ні ў Польшчы, ні тут, які сказаў бы мне, што я беларуска і таму нейкая не такая.
Менавіта ўласны цяжкі досвед экстраннай эміграцыі падштурхнуў суразмоўцу да думкі, што трэба стварыць прытулак для тых, каму ён патрэбны.
– Проста цяпер я знаходжуся ў гэтым доме, ён у Кіеве. З 27 верасня 2021 года тут жыло больш за трыста чалавек, больш дакладна я не лічыла, бо не было патрэбы. Чаму так здарылася? Бо я сама ўцякала з Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі, учора, дарэчы, было роўна два гады, як я пазнаёмілася з беларускім КДБ, ці яны са мною. Сітуацыя дайшла да таго, што мне трэба было бегчы-бегчы. Мы з дзіцём у адзін момант сабралі рэчы і з’ехалі праз Расію. Тут, у Кіеве, у мяне не было ніводнага знаёмага. Мне пашанцавала – я сядзела ў Беларусі ў турме (на «сутках» – Рэд.) і было шмат знаёмых, яны далі мне кантакт Насты Базар, якая нас і прытуліла на некаторы час. Але ёсць шмат беларусаў, якія ўцякаюць і ў іх няма да каго звярнуцца.
Па словах Алены, за гэты час у доме-прытулку ў Кіеве часова жылі з роднымі 75 дзяцей. Жанчына гаворыць, што да падзей 2020 года жыла самым звычайным жыццём. Кажа, часам на валанцёрскіх пачатках збірала невялікія ахвяраванні для дзіцячых дамоў. А сур’ёзна задумалася пра сітуацыю агулам падчас эпідэміі ковіду, калі ўбачыла маштабы праблем.
– Я была самым звычайным чалавекам, мегазвычайным, як і ўсе. Я гадоў пяць таму казала, што не дзяржава робіць наша жыццё, а мы самі. Мне нічога не трэба было ад Лукашэнкі. Я працавала, па адукацыі я эканаміст, зарабляла на жыццё сабе і сыну. Я адна выхоўвала дзіця і ніколі нічога не прасіла ў дзяржавы. Але потым выбары, затрыманні, збіцці людзей, такіх, як і я. І ты думаеш : «Нічога сабе! Ты працуеш, плаціш дзяржаве падаткі, нічога не просіш, проста дайце спакойна жыць мне і майму дзіцяці. А цябе яшчэ і б’юць». І вось – я пайшла на плошчу.
У Беластоку Алена збірае гуманітарную дапамогу, дапамагае пераганяць машыны для вайскоўцаў ва Украіне. І гаворыць. Што ёй не страшна ва Украіне, нягледзячы на тое, што там ідзе вайна.
— Страшна было ў Беларусі. Я адправіла свайго сына ў Польшчу, а сама сядзела тут. І злавіла сябе на думцы, то так – нада мною лётаюць ракеты, авіяцыя тады лётала - самалёты-верталёты. Але я ведала, што мяне абараняюць вайскоўцы Украіны, паліцыя. Не, тут не страшна. Калі заўтра, не дай Бог, ізноў будзе наступ на Кіеў, ты ведаеш, што можаш узяць аўтамат і прыстрэліць свайго ворага, ці збегчы, схавацца. А я ведаю гісторыю, калі ты сядзіш у акружэнні людзей і не ведаеш, хто цябе прыстрэліць. Бо ў Беларусі ты не схаваешся, нідзе не схаваешся.
Я проста ехала па гораду, па свайму раёну. Мне перагарадзілі дарогу, два чалавекі ў цывільным селі ў машыну і здзекаваліся з мяне. Расказвалі, як буду закопваць свайго сына ў лесе, расказвалі, як будуць забіваць мяне, як я буду гніць у турме КДБ ці буду закопаная. Вадзілі запальнічкай вакол твару, падпалілі валасы. Гэта былі звычайныя людзі, з беларускімі пашпартамі.
Калі я сядзела на Акрэсціна, там таксама звычайныя людзі, ну, у форме. Але яны цябе ненавідзяць. Ты ім гаворыш, паглядзіце, я такая беларуска, як і вы, я грамадзянка гэтай краіны, у мяне сын, якога я выхоўваю прыстойным чалавекам, каб была будучыня. Першы раз мяне затрымліваў бус з амапаўцамі. Ты ідзеш па вуліцы, а цябе заломваюць. Твая краіна. Я ўпэўненая, што нас ненавідзяць тыя сілавікі, якія ўжо запэцкаліся ў крыві і разумеюць, што даравання ўжо быць не можа. Але гэта нават і не нянавісць, гэта страх несці адказнасць за тое, што яны зрабілі. Таму яны такія.
У Беластоку Алена Жаркевіч таксама стварыла дом-прытулак, дзе людзі, якія едуць з Беларусі ці Украіны могуць знайсці месца, каб прыйсці ў сябе. Яна гаворыць, што цяпер людзі. Якія выязджаюць з Беларусі, часта валодаюць мінімальнай інфармацыяй пра тое, што адбываецца. Улады стварылі ўмовы, калі турма пагражае за каментар, лайк, чытанне непажаданых навінаў. І гэта працуе.
Агулам Алена мяркуе, беларусам трэба як мага больш распавядаць пра сябе, сітуацыю ў краіне. Быць амбасадарамі Беларусі паўсюль. Бо звычайныя людзі не цікавяцца тым, што адбываецца па-за межамі іх краіны. І гэта нармальна.
Алена гаворыць, што верыць у салідарнасць. І што сваім прыкладам можна паказваць, што нязгодныя з рэжымам Лукашэнкі людзі – яны нармальныя, а не тэрарысты ці асацыяльныя асобы, як гэта метадычна транслюе афіцыйная прапаганда.
вх