Беларуская Служба

15 лютага маладыя праваслаўныя вернікі адзначаюць сваё свята – Міжнародны дзень праваслаўнай моладзі

15.02.2023 12:52
З нагоды Дня моладзі царкоўныя моладзевыя арганізацыі ў Польшчы на выходных зладзілі шэраг мерапрыемстваў і сустрэч.
Аўдыё
  • 15 лютага маладыя праваслаўныя вернікі адзначаюць сваё свята – Міжнародны дзень праваслаўнай моладзі
Міжнародны дзень праваслаўнай моладзі ў Варшавефота: Брацтва праваслаўнай моладзі

Традыцыйна ён супадае з царкоўным святам Стрэчання Гасподняга. Свята Стрэчання Гасподняга нагадвае пра тое, што праз сорак дзён пасля нараджэння Хрыстос быў упершыню прынесены ў святыню. Абвяшчэнне свята моладзі ў гэты дзень азначае яго сімвалічнае ўваходжанне ў праваслаўную супольнасць.

З нагоды Дня моладзі царкоўныя моладзевыя арганізацыі ў Польшчы на выходных зладзілі шэраг мерапрыемстваў і сустрэч.

Намеснік старшыні польскага Брацтва праваслаўнай моладзі Рыгор Гарбуз расказвае, што святкаванні дня моладзі праходзяць з 1991 году:

-Пяць-шэсць гадоў таму мы вырашылі, што святкаванне павінна праходзіць у розных гарадах, не толькі на Беласточчыне, дзе праваслаўных вельмі шмат. У мінулым годзе мы сустракаліся ў Беластоку, але з-за пандэмічнай сітуацыі ўдзел у днях моладзі магло прыняць толькі 150 чалавек. Сёлета ў Варшавы прыехала 340 чалавек з Польшчы і 50 з-за мяжы.

Акрамя супольных малітваў праваслаўная моладзь у розных куткоў краіны мела не адну магчымасць пазнаёміцца і супольна правесці час. Былі вогнішча, выступы беларускага гурту «Жэмэрва», грузінскага хору, польска-ўкраіснкага гурту «Enej». Моладзь з Беластока падрыхтавала тэатральную пастаноўку пра падзеі ў праваслаўных вёсках пасля вайны, калі адбываўся пагром беларускіх праваслаўных вёсак. Былі зладжаныя экскурсіі ў розныя музеі Варшавы.

Праводзіліся сустрэчы са святарамі. Кульмінацыяй стала нядзельная літургія ў новай царкве Hagia Sophia.

Міжнародны дзень праваслаўнай моладзі быў заснаваны ў 1992 годзе кіраўніцтвам Syndesmos – найбуйнейшай у свеце федэрацыі праваслаўных брацтваў і духоўных школ.

Syndesmos, які абвясціў свята праваслаўнай моладзі, быў заснаваны ў 1953 годзе. Гэта найбуйнейшая праваслаўная арганізацыя і адна з найбуйнейшых хрысціянскіх моладзевых арганізацый у свеце. Яна аб'ядноўвае больш за 120 праваслаўных моладзевых арганізацый і духоўных школ з дзясяткаў краін. Арганізацыя працуе над інтэграцыяй моладзі з розных краін, напр. арганізацыя сустрэч, трэнінгаў, канферэнцый і лагераў.

У Польшчы ў Syndesmos уваходзяць: Брацтва праваслаўнай моладзі і Вышэйшая праваслаўная духоўная семінарыя ў Варшаве.

ав

Поўная размова з Рыгорам Гарбузам - у далучаным гукавым файле.