Беларуская Служба

Пасля першага медалю Вольнай Беларусі «Гонар і Годнасць» будуць наступныя

16.02.2023 14:01
Аб’яднаны Пераходны Кабінет будзе ўручаць медаль «Гонар і Годнасць» ад імя беларускага народу асобам, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі.
Аўдыё
  • Пасля першага медалю Вольнай Беларусі «Гонар і Годнасць» будуць наступныя

. 
Медаль распрацоўвалі найлепшыя беларускія геральдысты і геральдысты БНР, гісторыкі і дзеячы культуры. Некалькі месяцаў працавала грамадская Геральдычная камісія з выбітных адмыслоўцаў.

Аліна Коўшык, адказная ў кабінеце за нацыянальнае адраджэнне, кажа, што з самага пачатку ў іх было шмат думак і спрэчак ці варта, ці адпаведны гэта час.

-Мы доўга вагаліся, разумелі, што можа быць негатыўная рэакцыя, маўляў, перамогі няма, а медалі з’яўляюцца. Для нас гэта была прадказальная рэакцыя. Аднак пераважыла тое, што ёсць багата людзей, якія прысвяцілі свае жыцці і здароўе, свой лёс і лёс сваіх дзяцей змаганню за свабоду Бацькаўшчыны. Мы бачым, што шлях змагання вельмі доўгі. Нам вельмі хацелася дадаць сілы людзям, якія змагаюцца. Мы хацелі, каб гэтыя сімвалічныя ўзнагароды былі выразам пашаны і ўдзячнасці людзям за тое, што яны змагаюцца, нягледзячы на ўсё тое, што ім прыходзіцца пераносіць.

У нас было разуменне, што трэба было замяніць яшчэ постсавецкую сістэму ўзнагародаў, якую пераняў рэжым. Нам вельмі хацелася заснаваць нацыянальную сістэму ўзнагародаў. І вось адна з іх – гэта медаль для цывільных асоб. Распрацавана ўжо цэлая сістэма ўзнагарод. «Гонар і Годнасць» – гэта першы медаль у лінейцы. Будуць наступныя.

Медаль мае серабрысты колер з выявай «Пагоні» ў лаўровым вянку, з надпісам «Беларусь перадусім» на адваротным баку. Гэта назва вядомай песні 1930-х гадоў у Заходняй Беларусі, дзе разгортваўся нацыянальна-вызвольны рух. Яе напісаў Альбін Стаповіч (брат Казіміра Сваяка), адзін з ідэолагаў беларускіх хадэкаў, быў паслом польскага сойму ў міжваенны час, прадстаўнік Беларускага пасольскага клубу. Памёр у снежні 1934 года, пахаваны на Росах.

Акрамя незалежнай геральдычнай камісіі, якая працуе наб статутам узнагароды, ёсць грамадская камісія па ўзнагародах, якая вылучае людзей, якім будзе ўручацца медаль. Аліна Коўшык уваходзіць у гэтую камісію, але пераважная частка членаў не заангажаваныя палітычна людзі. Іх імёны не называюцца.

Ужо падрыхтаваны спіс першай групы, які зацверджаны Аб’яднаным Пераходным Кабінетам. Асаблівая ўвага звяртаецца на пытанні бяспекі, таму частка людзей напэўна застанецца неагучанай.
Медалі былі вырабленыя на ахвяраванні адной прыватнай асобы, якая пажадала застацца ананімнай.

Поўная размова з Алінай Коўшык - у далучаным гукавым файле.

ав