Дзень роднай мовы ў Варшаўскім універсітэце адзначылі напісаннем дыктоўкі. У ёй стацыянарна прыняло ўдзел крыху менш за 60 чалавек. Далучыцца можна было і анлайн.
Пісанне дыктоўкі – гэта адзін з традыцыйных сярод беларусаў спосабаў святкавання Дня роднай мовы. Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту пісанне дыктоўкі ладзіць трэці раз.
Вольга Трацяк з кафедры адзначыла, што сёлета яны асаблівым чынам звяртаюць увагу на сімволіку пісання дыктоўкі:
-Удзельнічаць важна, каб прамаваць беларускую мову, каб праверыць свае веды. Таксама каб далучыцца да такой прыгожай акцыі з нагоды Дня роднай мовы.
Вольга Трацяк расказвае, што звычайна ўдзельнікі дыктоўкі пішуць яе добра. Прыходзяць людзі, якія ведаюць правілы.
-Але сёння мы звяртаем увагу на саму ідэю пісання дыктоўкі, а не ставім на нейкі складаны тэкст. Хоць тэкст сёння дастаткова сімвалічны, – кажа прадстаўніца кафедры.
Тэкстам дыктоўкі стаў урывак з «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.
Дыктавала прафесар Варшаўскага ўніверсітэту, шматгадовая кіраўнік Беларускай службы Польскага радыё для замежжа Ніна Баршчэўская.
Прафесар Ніна Баршчэўская, гаворачы пра ролю мовы ў нацыянальнай ідэнтычнасці, катэгарычна не пагаджаецца з меркаваннем, што для вызначэння сябе, як беларуса, мова не адыгрывае ролі.
- Па-мойму, так гавораць беларусы, якія з’яўляюцца пашпартнымі беларусамі. Пашпарт беларуса паявіўся, калі ўзнікла Рэспубліка Беларусь, а беларускі народ існуе здаўна і мае багатую гісторыю. Усё такі карыстацца роднай мовай вельмі важна. У выпадку беларусаў менавіта мова з’яўляецца тым, што адрознівае іх ад расейцаў. Беларуская мова мае багатую гісторыю, яна развітая мова, якой можна выказаць усе паняцці. Няма прычын, каб ёй не карыстацца. Па-мойму, моваю не карыстаюцца тыя людзі, якія не шануюць сябе. А калі яны самыя сябе не шануюць, то іншыя нацыі іх таксама не будуць шанаваць. Беларусы павінны ўлічваць гэты фактар: трэба шанаваць тое, што для іх характэрнае. У выпадку Беларусі мова з’яўляецца падмуркам нацыянальнай культуры. Мову трэба таксама развіваць, пакуль яна не апынулася ў тупіковым становішчы, што трэба будзе пачынаць з нуля.
У далучаным гукавым файле слухайце размову з пераможцамі дыктоўкі.
Наталля, першае месца
Эмі, другое месца
Андрэй, трэцяе месца