Беларуская Служба

Польскія паліцыянты-сапёры абясшкодзілі ва Украіне амаль 2000 выбуховых прыладаў

25.02.2023 18:38
43 краіны першапачаткова згадзіліся дапамагчы ў размініраванні Украіны, а паехалі толькі палякі.
Расійскія акупанты могуць хаваць выбухоўку нават у цацкахфота: Уладзімір Патола https://24tv.ua/ru/ukraincam-uberechsja-ot-vrazheskih-vzryvnyh-ustrojstv_n2240342

Niezalezna.pl прыводзіць гутарку Катажыны Гуйскай з першай праграмы Польскага радыё з галоўным камендантам паліцыі Яраславам Шымчыкам пра сапёраў паліцыі з Польшчы, якія адгукнуліся на заклік Украіны аб дапамозе ў размініраванні тэрыторыі. Надоечы паліцыянты вярнуліся пасля 5 месяцаў знаходжання ў ваколіцах Кіева, дзе кожны дзень праводзілі дзеянні па абясшкоджванні рознага роду выбуховых рэчываў і пастак, пакінутых расійскім войскам.

Супрацоўнікі польскай паліцыі абясшкодзілі амаль 2 тысячы разнастайных выбуховых рэчываў. Генерал прывёў канкрэтныя прыклады, якія сведчаць аб тым, што ў расіян была адна мэта – забіць як мага больш людзей.

«Гэта сітуацыі, у якія нават мне цяжка было паверыць, таму што падчас наведвання адной са службаў размініравання ва Украіне мне паказалі, напрыклад, дзіцячыя цацкі, у якіх закладзеная выбухоўка. Былі зарады ў халадзільніках, у дамах, кватэрах... Выбухоўка ў піяніна, што паказвае поўную дэградацыю людзей, якія пакідалі такія пасткі. А пасткі былі падрыхтаваныя надзвычай дасканала і накіраваныя на забойства як мага большай колькасці людзей. Нашы супрацоўнікі сутыкнуліся з такім відам прыстасаванняў. Яны размініравалі 2000 прадметаў – гэта патэнцыйныя 2000 трагедый, якія маглі адбыцца. Давайце ўявім, што вяртаецца сямʼя з дзецьмі, якія цікавяцца рознымі рэчамі, знаходзяць такую прыладу... Цяжка падлічыць, колькі жыццяў выратавалі паліцыянты, але яны зрабілі фантастычную працу ў надзвычай цяжкіх умовах», – сказаў кіраўнік польскай паліцыі.

Як сталася, што сапёры з польскай паліцыі паехалі ва Украіну? Аказваецца, з 43 краін, якія заявілі аб дапамозе ў гэтым пытанні, толькі Польшча накіравала ва Украіну сваіх сапёраў. Рашэннем міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі быў створаны гуманітарны кантынгент для правядзення мерапрыемстваў на тэрыторыі Украіны. Кантынгент складаўся з амаль 100 афіцэраў і двух службовых сабак.

Выезд стаў вынікам сустрэчы нябожчыка міністра Дзяніса Манастырскага (кіраўнік МУС Украіны, які загінуў у студзені ў крушэнні верталёта пад Кіевам – рэд.) з міністрам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюшам Каміньскім, і калі польскі міністр спытаў, чым можна дапамагчы – гэта была пачатковая фаза вайны, – адным з напрамкаў дапамогі, які быў патрэбны Украіне, была менавіта падтрымка ў размініраваннем тэрыторый, якія былі раней пад акупацыяй расіян.

нг