Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) апублікавала справаздачу аб эканамічным аглядзе Польшчы (Economic Survey Poland 2023). Дакумент змяшчае дэталёвую ацэнку стану польскай эканомікі за апошнія два гады, ахопліваючы як перыяд барацьбы з пандэміяй COVID-19 і аднаўленне эканомікі ў 2021 годзе, так і перыяд крызісу, выкліканага расійскай вайной ва Украіне і рост коштаў на энерганосьбіты і прадукты харчавання.
Паводле прагнозаў арганізацыі, у бягучым годзе эканамічны рост у Польшчы знізіцца да 0,9 працэнта ВУП, а ў 2024 годзе – вырасце да 2,4 працэнта. У дакладзе таксама падкрэсліваецца, што Польшча паспяхова справілася вялікай хваляй бежанцаў з Украіны, з якіх больш за 60 працэнтаў знайшлі працу ў польскай эканоміцы.
Генеральны сакратар Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Маціяс Корман(Mathias Cormann) сказаў, што Польшча «абсалютна цудоўна» справілася з хваляй бежанцаў з Украіны:
- Дзякуючы гэтай дапамозе ў Польшчы дагэтуль жывуць больш за паўтара мільёна бежанцаў з Украіны. Многія з іх маюць працу, а іх дзеці знайшлі месца ў польскіх школах і дзіцячых садках. Вядома, усе яны маюць таксама доступ да медыцынскай апекі і іншых паслугаў. Узровень гэтай падтрымкі ашаламляльны.
У сваёй справаздачы арганізацыя адзначае, што адпаведная і своечасовая рэакцыя польскага грамадства і дзяржавы на крызіс бежанцаў у доўгатэрміновай перспектыве прынесла станоўчыя эфекты ў сферы інтэграцыі.
У сваю чаргу, паводле аўтараў справаздачы, пік інфляцыі ў Польшчы прыпадае на пачатак бягучага года, а потым рост цэнаў будзе паступова запавольвацца. За ўвесь 2023 год інфляцыя ў краіне складзе 12,7 працэнта, а за 2024 год – 4,6 працэнта.
Маціяс Корман паведаміў, што паводле арганізацыі, асноўнымі паказчыкамі, якія ўплываюць на інфляцыю ў Польшчы з’яўляюцца цэны на энерганосьбіты і харчовыя прадукты, што таксама звязанае з вайной ва Украіне:
- Чаму мы чакаем зніжэння інфляцыі? Гэта звязана з некалькімі фактарамі. Па-першае, спажыванне знізіцца дзякуючы больш жорсткай грашова-крэдытнай палітыцы, якая пачынае прыносіць жаданы эфект. Таксама паляпшаецца дынаміка глабальных ланцужкоў паставак. Акрамя таго, рызыкі, звязаныя з высокімі цэнамі на энерганосьбіты, цяпер вяртаюцца да даваеннага ўзроўню.
У сваім эканамічным аглядзе для Польшчы Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця адзначае, што ў доўгатэрміновай перспектыве праблемай для Польшчы можа стаць стабільнасць дзяржаўных фінансаў. Аўтары справаздачы адзначаюць, што польскае грамадства старэе, што прывядзе да павелічэння выдаткаў на медыцынскую дапамогу і пенсійную сістэму. Адначасова дзяржава плануе павялічыць выдаткі на нацыянальную абарону.
У гэткай сітуацыі Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця рэкамендуе Польшчы паступова павялічваць пенсійны ўзрост для жанчын і мужчын:
- Важным будзе павышэнне пенсійнага ўзросту, у тым ліку яго паступовае выраўноўванне паміж жанчынамі і мужчынамі ў адпаведнасці з павелічэннем працягласці жыцця.
На думку арганізацыі, адсутнасць дзеянняў у гэтай сферы прывядзе да неабходнасці скарачэння пенсійных выплат у будучыні.
Кіраўнік Міністэрства развіцця і тэхналогіі Вальдэмар Буда(Waldemar Buda) лічыць, што агульны пасыл справаздачы – станоўчы для Польшчы:
- Мы выдатна справіліся з пандэміяй і з выклікамі вайны ва Украіне. Мы паспяхова рэалізавалі геапалітычныя задачы, захоўваючы кантроль над эканомікай. На фоне іншых эканомікаў Еўропы, польская – выпадае цалкам нядрэнна. Нагадваю, што выдаткі звязаныя з хваляй бежанцаў з Украіны і перабоі ў вытворчасці падчас пандэміі COVID-19, прычыніліся да ўзнікнення вялікіх праблем.
Між тым, нягледзячы на вайну і энергетычны крызіс, у 2022 годзе эканамічны рост Польшчы склаў 4,9 працэнта, нагадаў міністр Буда:
- Гэта адзін з лепшых вынікаў у Еўропе. Утрыманне беспрацоўя на найніжэйшым узроўні ў Еўропе, за Чэхіяй і станоўчая перспектыва на будучыню – гэта таксама доказ паспяховасці нашых дзеянняў. Паводле мяне, справаздача Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця – гэта форма станоўчай ацэнкі намаганняў Польшчы па падтрымцы Украіны.
Адначасова кіраўнік Міністэрства развіцця і тэхналогіі паясніў, што польскі ўрад не мае намеру павялічваць пенсійны ўзрост, бо аддае перавагу рашэнням, якія заахвоцяць людзей даўжэй заставацца на рынку працы, але без прымусу:
- Калі нехта жадае даўжэй працаваць, то мы стварылі адпаведныя дзеля таго інструменты і магчымасці. Гэта, напрыклад, уведзены з 2022 года, нулявы падаходны падатак для падаткаплатнікаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, але надалей працуюць. Мы спасылаемся на свабоду выбару.
- паясніў міністр Вальдэмар Буда.
Нагадваем, Польшча, як і іншыя краіны-члены Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, кожныя два гады падвяргаецца эканамічнаму агляду. Яго вынікам з’яўляецца справаздача аб стане эканомікі. Эксперты арганізацыі ацанілі польскую эканоміку ўжо 17 раз.
У сваю чаргу Міністэрства развіцця і тэхналогіі адказвае за каардынацыю работы па эканамічных аглядах на форуме арганізацыі.
IAR/аз