У сённяшняй перадачы распавядзем пра польскага вынаходніка, інжынера-электроншчыка, стваральніка прафесійных, шырокавядомых у свеце, магнітафонаў Nagra. Завуць вынаходніка Стэфан Кудэльскі.
Нарадзіўся Кудэльскі ў 1929 г. у Варшаве ў сям'і польскай інтэлігенцыі. У 1939 г. Кудэльскія эвакуяваліся з ахопленай вайной Польшчы і праз Румынію і Венгрыю дабраліся да паўднёвай Францыі. Пасля нямецкага ўварвання ў Францыю яны апынуліся ў раёнах, якія кіраваліся ўрадам Вішы. Бацька Кудэльскага ўдзельнічаў у французскім руху супраціўлення, але пасля таго, як фашысты разграмілі мясцовую сетку падполля, ён зноў вымушаны быў уцякаць з сямʼёй, гэтым разам у Швейцарыю.
І ў Швейцарыі пачалася вынаходніцкая карʼера Стэфана Кудэльскага як выбітнага канструктара апаратаў для гуказапісу.
Кудэльскі вучыўся ў Палітэхнічным універсітэце ў Лазане, але яго не закончыў. Вырашыў, што ён ужо навучыўся дастаткова, каб пабудаваць свой уласны магнітафон, – расказаў Караль Шындзеляш (Karol Szyndzielorz) журналіст 1936 года нараджэння, які асабіста быў знаёмы са Стэфанам Кудэльскім.
К.Шындзеляш: Малады Кудэльскі паступіў у Палітэхнічны ўніверсітэт у Лазане і пасля другога курса ён кінуў вучобу і пачаў прадпрымальніцкую дзейнасць, патлумачыўшы: тое, што навука ведае пра магнітафоны, я вывучыў за два гады і мне шкада часу!. Ён звярнуўся да бацькі за пазыкай на ўласную вытворчасць гуказапісных прылад, аднак бацька грошай не даў, а толькі прапанаваў месца ў сваім гаражы. Кудэльскі ў гэтым жа бацькоўскім гаражы і стаў збіраць магнітафоны.
Патэнтныя ліцэнзіі хацеў купіць у Кудэльскага нямецкі канцэрн AEG і даваў яму 200 тыс. марак.
К.Шындзеляш: Яго жонка Эва мне расказала, што сума, якую прапанаваў канцэрн AEG выклікала ў Кудэльскага вялікія падазрэнні. Ён сказаў: Эва, калі яны прапоўваюць мне 200 тыс. – гэта значыць мае вынаходніцтвы каштуюць як мінімум паўмільёна. Не прадаем!«. І пачаў уласную вытворчасць у Швейцарыі. Пабудаваў свой завод, дзе працавала 200 чалавек.
Невялікія па памерах, па тых часах, запісвальныя прылады закуплялі ў Кудэльскага спецслужбы.
Транзістарны варыянт магнітафона «Nagra III» 1957 года выпуску стаў тэхналагічным хітом. Амерыканскае Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЦРУ, замовіла мініяцюрную версію бабінных магнітафонаў Кудэльскага.
К.Шындзеляш: Гэты магнітафон быў маленькіх памераў і быў вельмі зручны для шпіёнаў. Можна было яго трымаць у кішэні, а маленькі мікрафон схаваць у наручным гадзінніку ці за вухам. І тады Кудэльскі атрымаў сродкі на тое, каб пачынаць прамысловую вытворчасць, ён зарабіў немалыя грошы за гэтыя магнітафоны.
І яшчэ цікава, што амерыканцы былі ўпэўнены, што магнітафоны Кудэльскага гэта японская тэхніка. Іх назва Nagra гучала ім па-японску. A Кудэльскі назваў магнітафон па-польску, бо як ён тлумачыў апарат »nagra wszystko«. Слова »nagra« гэта 3-я асоба дзеяслова »nagrać«, што па-беларуску перакладаем словам »запісаць«. Можна сабе ўявіць, што калі б Кудэльскі быў беларусам, назваў бы магнітафон »Запіша«.
Зрэшты, польскі канструктар, вылучаўся вялікай фантазіяй, прыдумляючы назвы сваім прыладам. Адзін з простых магнітафонаў для запісу гуку для фільмаў называўся IS. Гэта быў Idiotensicher (з нямецкага: бяспечны для ідыётаў).
Стэфан Кудэльскі спецыялізаваўся на канструяванні апаратаў, якія запісвалі гук для фільмаў. Яго магнітафоны забяспечвалі запіс студыйнай якасці на адкрытым паветры, расказвае Шындзеляш.
К.Шындзеляш: Яму належыць 90% сусветнага рынку, калі казаць пра запіс гуку ўсіх фільмаў ва ўсіх магчымых тэхніках. Ніхто не прыдумаў нічога лепшага. Калі б гэта было магчыма, то напэўна выкарыстоўваліся б іншыя сістэмы.
Несумненна Стэфан Кудэльскі прычыніўся да таго, што свет тэле- і радыёвытворчасці назаўжды ўступіў у эру мініяцюрызацыі. За свае дасягненні польскі вынаходнік атрымаў мноства ўзнагарод, у т.л ад Амерыканскай кінаакадэміі: дзве прэміі ў галіне навукі і тэхнікі (у 1965 і ў 1977) і дзве статуэткі «Оскар» (у 1978 і ў 1990 гг.).
Магнітафоны Стэфана Кудэльскага да сёння выкарыстоўваюцца радыё- і тэлежурналістамі, і кінастудыямі па ўсім свеце.
Кампанія, заснаваная Стэфанам Кудэльскім у 1950-х гадах, працуе па гэты дзень і зʼяўляецца буйным прадпрыемствам на рынку. Kudelski Group вырабляе, сярод іншых, гукапісы найвышэйшага класа, лічбавыя тэлевізійныя прыстаўкі (у гэтым сектары кампаніі Кудэльскага займаюць 40% долі рынку), вырабляе электраакустычныя ўзмацняльнікі, электронныя прылады як прафесійнага, так і вышэйшага класа Hi-Fi, прылады для збораў аплаты за аўтастаянкі.
З 1991 года кампаніяй кіруе старэйшы сын Стэфана Кудэльскага – Анджэй.
У 1998 годзе Швейцарыя ўнесла Стэфана Кудэльскага ў лік 100 найвялікшых геніяў.
яс/ПР3