Беларуская Служба

Анджэй Пісальнік: Рады за Анжэліку, але не трэба быць наіўнымі і чакаць далейшых вызваленняў

05.04.2023 17:28
Анжэліку Борыс ды іншых дзеячаў польскай нацыянальнай меншасці затрымалі ў сакавіку 2021 года паводле ілжывага абвінавачання ў распальванні варожасці. 
Аўдыё
  • Анджэй Пісальнік: Рады за Анжэліку, але не трэба быць наіўнымі і чакаць далейшых вызвалення
Ілюстрацыя PAP/Artur Reszko

«Я не хачу нічога каментаваць, бо жыццё і час усё пракаментуюць самі. Я перажываю за сваіх паплечнікаў Анджэя Пачобута, Марыну Цішкоўскую, Ірэну Бярнацкую і іншых, дай Божа, каб усё стала на свае месцы», – гэта першыя публічныя словы, якія напісала Анжэліка Борыс, пасля таго як рэжым Лукашэнкі зняў з яе абвінавачванні.

Міністэрства замежных спраў Польшчы выступіла з заявай пасля вызвалення з-пад арышту Анжэлікі Борыс. У Варшаве заявілі, што вітаюць зняцце абвінавачванняў і спадзяюцца, што Анжэліка Борыс зможа ў хуткім часе наведаць Польшчу.

«Інфармацыя пра зняцце абвінавачанняў са старшыні Саюза палякаў Беларусі – першая за доўгі час пазітыўная навіна з Мінска. Спадзяваемся, што гэта сігнал змены стаўлення ўладаў у Мінску да палякаў у Беларусі і гатовасці да канструктыўнага дыялогу па двухбаковых пытаннях», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС Польшчы.

Прэсавы сакратар МЗС Лукаш Ясіна заявіў, што польскія ўлады вітаюць жэст беларускага рэжыму – вызваленне Анжэлікі Борыс ад адказнасці. Дыпламат дадаў, што Польшча чакае ад Аляксандра Лукашэнкі наступных крокаў.

- Мы не забываемся пра Анджэя Пачобута і ўсіх іншых людзей, якія там знаходзяцца як палітвязні за тое, што яны палякі, за тое, што яны беларусы. Таксама ў зняволенні знаходзяцца журналісты польскага грамадскага вяшчальніка, тэлеканалу Белсат, які з'яўляецца іх частка. Мы чакаем, ці будуць яшчэ нейкія чарговыя жэсты, і, шчыра кажучы, у нас няма асабліва добрых прагнозаў адносна таго, што будзе рабіць беларускі рэжым.

Анжэліку Борыс ды іншых дзеячаў польскай нацыянальнай меншасці затрымалі ў сакавіку 2021 года паводле ілжывага абвінавачання ў распальванні варожасці. Праз год Анжэліку Борыс вызвалілі з-пад варты і перавялі пад хатні арышт у родную вёску ейнай маці.

Таварыш Анжэлікі Борыс, рэдактар сайта Саюза палякаў ZnadNiemna.pl, журналіст Анджэй Пісальнік, які пад прымусам разам з сямʼёй быў вымушаны зʼехаць з Беларусі, кажа, што для яго навіна, аб вызваленні Борыс не была нечаканасцю.

-Пасля таго, як Лукашэнка даволі нейтральна прыгадаў яе падчас паслання, стала зразумела, што нешта падобнае здарыцца. Для мяне гэта радасная навіна, з Анжэлікі знялі абвінавачванні. Адначасова, не трэба быць наіўнымі і разлічваць на вызваленне Анджэя Пачобута. Выпадак з Анжэлікай – выключэнне, а рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца і будуць працягвацца. Анджэй Пачобут, які мае падобныя абвінавачванні, дагэтуль сядзіць і мае прысуд, які ніхто не збіраецца скасоўваць. (...)

Наша суразмоўца, якая таксама спазнала палітычнаматываваная зняволенне, кіраўніца Лідскага аддзялення Саюзу палякаў у Беларусі Ірэна Бернацкая, называе ўсіх палітвязняў Беларусі, лік якіх толькі павялічваецца, сваёй сямʼёю:

-Вельмі радая за Анжэліку, гэта добрая навіна. Хто праз гэта прайшоў, той разумее – усе палітвязні – сям’я. Хачу, каб вызвалілі ўсіх палітвязняў. Чалавек выходзіць, але думкамі ён з імі. Мне здаецца, нешта падобнае адчувае і Анжэліка. (...)

Адзін з актывістаў Саюзу палякаў, журналіст Анджэй Пачобут дагэтуль знаходзіцца ў турме. Журналіста затрымалі адначасова з Анжэлікай Борыс. У лютым яго прысудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі нібыта за распальванне варожасці. Цяпер журналіст чакае даты разгляду касацыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе Беларусі. Паводле ПЦ «Вясна» у Беларусі налічваецца 1471 вязень сумлення.

эж