Сотні бізнесменаў, інвестараў і спецыялістаў па штучным інтэлекце, у тым ліку Ілан Маск, у сумесным лісце заклікалі зрабіць як мінімум шасцімесячны перапынак у распрацоўцы сістэм штучнага інтэлекту, больш здольных, чым апублікаваная ў сакавіку сістэма GPT-4, якая, сярод іншага, здольная праходзіць тэсты рознага тыпу і атрымаць вынікі на ўзроўні найлепшых удзельнікаў-людзей.
На думку аўтараў ліста, апублікаванага на сайце Future of Life Institute, штучны інтэлект можа азначаць «глыбокую змену ў гісторыі жыцця на Зямлі» і да яго распрацоўкі трэба падыходзіць асцярожна.
«У апошнія месяцы мы бачылі, як лабараторыі штучнага інтэлекту ўдзельнічаюць у некантраляванай гонцы па распрацоўцы ўсё больш магутных лічбавых розумаў, якія ніхто – у тым ліку іх стваральнікі – не можа зразумець, прадбачыць або належным чынам кантраляваць», – гаворыцца ў лісце.
Падпісанты ліста папярэджваюць, што бескантрольны падыход да распрацоўкі штучнага інтэлекту пагражае патокам дэзынфармацыі, масавай аўтаматызацыяй працы, нават заменай людзей машынамі і «стратай кантролю над цывілізацыяй».
«Моцныя сістэмы штучнага інтэлекту трэба распрацоўваць толькі тады, калі мы ўпэўненыя, што іх эфекты будуць станоўчымі і іх рызыкі можна кантраляваць», – лічаць бізнесмены, інвестары і спецыялісты па штучным інтэлекце.
PAP/яс