Расійскі дыктатар Пуцін вырашыў паўтарыць кашмар вайны ў Еўропе, нападаючы на Украіну. 9 траўня расіяне цынічна праводзяць парад на Чырвонай плошчы, згадваючы вялікую перамогу, а яшчэ ўчора вечарам і сёння ноччу яны запускалі ракеты і баявыя беспілотнікі па Украіне, імкнучыся забіць як мага больш людзей, у тым ліку мірных жыхароў.
У большасці краін Еўропы датай заканчэння Другой сусветнай вайны лічыцца 8 траўня, паколькі менавіта 8 траўня 1945 года вечарам быў падпісаны дагавор аб безумоўнай капітуляцыі гітлераўскай Германіі. У сваю чаргу тады ў Маскве была ўжо першая гадзіны ночы, таму ў Савецкім Саюзе, а цяпер і ў Расіі ды яе хаўрусніках, як Беларусь, Дзень перамогі адзначаецца 9 траўня. Дыктатар Пуцін разам з дыктатарам Лукашэнкам прысутнічалі на парадзе на Чырвонай плошчы. У парадзе прымалі ўдзел прэзідэнты Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Беларусі, а таксама прэм'ер-міністр Арменіі. Парад стаў самым кароткім за апошнія 20 гадоў. У шасці рэгіёнах Расіі ды ў акупаваным Крыме святкаванні адмененыя. Не было таксама Маршаў «Бессмяротнага палка».
У сваю чаргу ва Украіне Дня перамогі 9 траўня больш не будзе. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў адпаведны ўказ. 8 траўня ўстаноўлены Днём памяці і перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне 1939–1945 гг, а 9 траўня стаў ва Украіне Днём памяці і прымірэння. Зяленскі адзначыў, што ён падпісаў указ, дзякуючы якому кожны год 9 траўня жыхары Украіны будуць адзначаць Дзень Еўропы – каб ушанаваць адзінства, якое знішчыла нацызм.
- Мы ніколі не забудзем ролю ўкраінцаў у перамозе над нацызмам. Мы не дазволім хлусіць, быццам бы перамога магла адбыцца без удзелу нейкай краіны. Мы разам знішчалі зло, таксама як зараз разам супрацьстаім аналагічнаму злу. Нашы воіны, нашчадкі герояў той вайны, паказваюць гераізм і зараз. Зло вярнулася, яно зноў забівае нашых людзей. Цяпер іншы агрэсар, але тая ж мэта – падняволіць і знішчыць. І, таксама, як тады, мы зараз не адзінокія супраць зла. Мы змагаліся тады і змагаемся зараз разам дзеля таго, каб ніхто ніколі не знявольваў іншыя народы. Сучаснае зло, якое вярнула Расія, будзе разбітае, таксама, як нацызм быў разбіты.
Лідарка свабоднай Беларусі Святлана Ціханоўская заявіла, што «9 траўня 1945 года – гэта не толькі дзень памяці ў гісторыі чалавецтва. Гэта яшчэ і стартавы пункт, які ўсе краіны-ўдзельніцы вайны выкарыстоўвалі для таго, каб больш не ваяваць, а будаваць квітнеючыя і развітыя дзяржавы. І толькі дыктатары выкарысталі гэты дзень для таго, каб загразнуць у крызісе і пачаць новую жахлівую вайну. Дзень Перамогі з дня «ніколі больш» ператварыўся ў кашмарнае «можам паўтарыць».
- Расійскія ўлады напалі на суседа, назваўшы ўкраінцаў «нацыстамі». У сваю чаргу беларускія сілавікі і прапагандысты называюць усіх, хто не згодны з Лукашэнкам, «бчб-фашыстамі». На самой справе рэжым робіць тое ж самае, што і нацысты. А сапраўдныя нацысты, якіх перамаглі ў 1945, прызналі свае памылкі. Германія заплаціла за свае памылкі і цяпер з’яўляецца адной з самых развітых дзяржаў свету. Беларусь панесла вялізныя страты, але яе кіраўнікі, у тым ліку Лукашэнка, не зрабілі высноваў з гэтай вайны. Дыктатары Пуцін і Лукашэнка працягваюць эксплуатаваць памяць пра яе дзеля ўласных мэтаў.
9 траўня складаную задачу атрымала варшаўская паліцыя і мясцовыя ўлады. Расіяне хацелі адзначыць Дзень перамогі ў польскай сталіцы. Расійскі амбасадар Сяргей Андрэеў заявіў, што ўскладзе кветкі на могілках Маўзалея савецкіх воінаў. Год таму яго падчас падобнай урачыстасці аблілі чырвонай фарбай, таму цяпер ён звярнуўся па абарону да польскіх службаў. У МУС яму адказалі, што могілкі не знаходзяцца ў іх юрысдыкцыі, і афіцыйна «не раяць» наведваць маўзалей у гэты дзень. У сваю чаргу паліцыя паведаміла, што яна ахоўвае ўсе мерапрыемствы па меры неабходнасці.
Як мы ўжо паведамлялі, прадстаўнік кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Кшыштаф Сабалеўскі заявіў у Першай праграме Польскага радыё, што Польшча павінна выдаліць расійскага амбасадара за правакацыйныя паводзіны ў Варшаве з нагоды Дня перамогі. Сабалеўскі нагадаў, што Чырвоная армія прынесла палякам новую акупацыю.
- Яны прыехалі ў Польшчу на савецкіх танках, зусім нас не вызваляючы, а замяняючы адну акупацыю другой. Толькі гэтая другая працягвалася значна даўжэй і прынесла вялізныя страты польскаму грамадству і Польшчы як суверэннай дзяржаве, якая тады суверэннай дзяржавай не была. Пасля 1945 года Польшча не была незалежнай дзяржавай.
Сяргею Андрэеву не ўдалося ўскласці кветкі да помніка воінам Савецкай арміі. Яму перашкодзіла група актывістаў Еўрамайдану і ўцекачоў з Украіны. Перад помнікам актывісты выставілі шэраг украінскіх сцягоў і крыжы з імёнамі ахвяр вайны ва Украіне. Амбасадар, не здолеўшы прайсці да помніка, паклаў прынесеныя кветкі да ўкраінскіх сцягоў. Актывісты патапталі кветкі і вывесілі на бутафорскую ракету прымацаваны расійскі сцяг. Калі дыпламат сыходзіў, кветкі ўсклалі людзі з бела-чырвонымі сцягамі і штандарам «Аб’яднання нашчадкаў польскіх ветэранаў Другой сусветнай вайны».
PAP/IAR/нг