Беларуская Служба

56 гадоў таму Польская Народная Рэспубліка спыніла дыпламатычныя адносіны з Дзяржавай Ізраіль

16.06.2023 06:03
Рашэнне аб спыненні дыпламатычных адносін было прынятае на нарадзе кіраўнікоў партый і ўрадаў краін сацлагера, якая прайшла ў Маскве 9 і 10 чэрвеня 1967 года.
Аўдыё
  • 56 гадоў таму Польская Народная Рэспубліка спыніла дыпламатычныя адносіны з Дзяржавай Ізраіль
Улады ПНР арганізавалі шматлікія маніфестацыі з асуджэннем палітыкі ІзраіляPAP/Stanisław Gawliński

56 гадоў таму Польская Народная Рэспубліка спыніла дыпламатычныя адносіны з Дзяржавай Ізраіль. Крок Варшавы быў рэакцыяй на Шасцідзённую арабска-ізраільскую вайну, у якой Савецкі Саюз і іншыя краіны сацыялістычнага лагера падтрымалі арабаў. У 1968 годзе гэтая гісторыя атрымае працяг. 

Рашэнне аб спыненні дыпламатычных адносін было прынятае на нарадзе кіраўнікоў партый і ўрадаў, якая прайшла ў Маскве 9 і 10 чэрвеня 1967 года, і на якой прысутнічалі прадстаўнікі Савецкага Саюза, Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі. Разам з Польшчай, якая спыніла стасункі 12 чэрвеня, адносіны разарвалі Балгарыя, Венгрыя, Савецкі Саюз, Чэхаславакія і Югаславія. Румынія ўстрымалася ад гэтага кроку, а ГДР ня мела з Ізраілем дыпламатычных адносін.

Рэакцыя краін сацлагера была вынікам паразы арабскіх саюзнікаў СССР у вайне з Ізраілем, які, у сваю чаргу, меў падтрымку Злучаных Штатаў. Ход Шасцідзённай вайны стаў для Масквы шокам. Егіпет, Сірыя, Іярданія і Ірак імкнуліся да канфрантацыі з Тэль-Авівам. 5 чэрвеня ізраільскія сілы неспадзявана атакавалі з паветра праціўніка, знішчыўшы цягам некалькіх гадзін ваенна-паветраныя сілы арабскай кааліцыі. Пасля гэтага Ізраіль на працягу шасці дзён атрымаў перамогу над арабскімі арміямі, якія засталіся без падтрымкі авіяцыі.

Да 10 чэрвеня ізраільскія сілы занялі Заходні бераг Іярдану з усходнім Іерусалімам, паўвостраў Сінай і Галанскія высоты – агулам тэрыторыю плошчай больш за 60 тыс. квадратных кіламетраў. Крэмль дадаткова быў расчараваны тым, што на ўзбраенні арабскіх армій была тэхніка і зброя, вырабленая ў Савецкім Саюзе, а сілы саюзнікаў рыхтавалі савецкія афіцэры.

Падзеі на Блізкім Усходзе вырашыў выкарыстаць міністр унутраных спраў ПНР Мечыслаў Мочар, які стаў ініцыятарам антысеміцкага ганення, якое ішло пад прэтэкстам барацьбы з антысемітызмам. Улады ПНР арганізавалі шматлікія маніфестацыі з асуджэннем палітыкі Ізраіля, але, паводле часткі гісторыкаў, грамадства ў вялікай ступені было абыякавым да падзей, а на масавыя мерапрыемствы людзі хадзілі без асаблівага пераканання. Многія не разумелі міжнароднай і ўнутрыпалітычнай сітуацыі, таму здараліся кур’ёзы. Для прыкладу, сведкі бачылі транспарант з надпісам «Сіяністы – у Сіям».

19 чэрвеня 1967 года Першы сакратар Польскай аб’яднанай рабочай партыі Уладзіслаў Гамулка даліў алею ў агонь, выступаючы на прафсаюзным кангрэсе. «У сувязі з тым, што агрэсія Ізраіля супраць арабскіх краін была пазітыўна ўспрынятая сіянісцкім асяроддзем яўрэяў, грамадзян Польшчы, хачу заявіць, што мы ніколі не стваралі перашкод у тым, каб польскія грамадзяне яўрэйскай нацыянальнасці маглі пераехаць у Ізраіль, калі гэтага хочуць. Мы займаем наступную пазіцыю: у кожнага грамадзянін нашай краіны павінна быць толькі адна радзіма – Народная Польшча». Гэтыя словы Гамулкі былі ўспрынятыя фракцыяй Мочара як дазвол на далейшае антысеміцкае цкаванне.

У канцы чэрвеня 1967 года быў створаны спіс, у які трапіла каля 400 прозвішчаў асоб яўрэйскага паходжання, якія нібыта падтрымліваюць Ізраіль. Пачалася кадравая зачыстка, пік якой прыйшоўся на 1968 год. У выніку цкавання людзі трацілі працу, іх пазбаўлялі пасад, і таму многія вырашыліся на эміграцыю, перш за ўсё ў Ізраіль, але таксама ў іншыя заходнія краіны. Паводле падлікаў, Польшчу пакінула 13 тыс. яўрэяў, перш за ўсё адукаваных людзей, якія аказвалі значны ўплыў на грамадскае, культурнае і палітычнае жыццё краіны. А антысеміцкая кампанія стала прэлюдыяй да пазбаўлення Уладзіслава Гамулкі пасады кіраўніка партыі. Але гэта – ужо іншая гісторыя.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу