Беларуская Служба

231 год таму быў заснаваны найстарэйшы польскі ваенны ордэн Virtuti Militari

06.07.2023 06:02
Ордэн увёў у сістэму ўзнагарод у 1792 годзе апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пасля разгрому рускіх войскаў.
Аўдыё
  • 231 год таму быў заснаваны найстарэйшы польскі ваенны ордэн Virtuti Militari
Order wojenny Virtuti Militari
Order wojenny Virtuti Militari PAP/Leszek Szymański

У гістарычнай рубрыцы раскажам пра найстарэйшы польскі ваенны ордэн і адзін з найстарэйшых у свеце. Называецца ён Virtuti Militari. 22 чэрвеня споўніўся 231 год з дня яго заснавання.

Virtuti Militari («воінскай доблесці» на лацінскай мове) – гэта ордэн, вышэйшая ваенная ўзнагарода Польшчы за мужнасць перад абліччам ворага, эквівалент брытанскага Крыжа Вікторыі.

Ордэн увёў у сістэму ўзнагарод 22 чэрвеня 1792 года апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пасля разгрому рускіх войскаў у бітве пад Зяленцамі. Першапачаткова ордэн меў форму авальных залатых і сярэбраных медалёў. Кароль перадаў 20 залатых узнагарод афіцэрам і 40 сярэбраных – малодшым афіцэрам і салдатам. Неўзабаве ордэн атрымаў кшталт, падобны да сённяшняга. На ўзнагароду была нанесеная чорная эмаль і надпіс Virtuti Militari, у цэнтры ордэна знаходзіўся Белы арол, а на адваротным баку – Пагоня.

Ордэн быў адменены ў тым жа годзе самім каралём па палітычных матывах. Сярод першых узнагароджаных ордэнам былі генералы Тадэвуш Касцюшка і Юзэф Панятоўскі.

Order Virtuti Militari Order Virtuti Militari

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай ордэн выкарыстоўваўся ў Варшаўскім Герцагстве. Упершыню яго ўручылі ў 1807 годзе палякам, якія змагаліся ў арміі Напалеона Банапарта.

А вось у 1809 годзе кавалерам ордэну ўпершыню ў яго гісторыі стала жанчына. Гэта была Яанна Жуброва, якая адважна змагалася поруч з мужам. Калі была высунутая ідэя наконт яе ўзнагароджання, князь Юзэф Панятоўскі не быў прыхільнікам гэтага, заявіўшы, што жанчыне лепш даць грашовую ўзнагароду, а не ордэн. У адказ смелая кабета заявіла, што яна – не наёмнік, каб браць грошы, а полька і патрыётка, і таму патрабуе ордэн.

Ордэн зноў адмяніў расійскі імператар Мікалай I, які адначасова быў манархам Царства Польскага, пасля падаўлення вызваленчага паўстання 1831 года, якое ў польскай гістарыяграфіі называюць Лістападаўскім паўстаннем.

Узнагарода была адноўленая ўрадам незалежнай Польшчы ў 1919 годзе, атрымаўшы назву «Ваенны ордэн Virtuti Militari».

Кіраўнік дзяржавы Юзэф Пілсудскі ў 1921 годзе з ордэнам Virtuti Militari/ Centralne Archiwum Wojskowe Кіраўнік дзяржавы Юзэф Пілсудскі ў 1921 годзе з ордэнам Virtuti Militari/ Centralne Archiwum Wojskowe

Цікава тое, што ордэн уручаецца падчас вайны або ў пяцігадовы тэрмін пасля яе заканчэння прэзідэнтам рэспублікі па прапанове капітула ордэна. У часы Другой Сусветнай вайны Virtuti Militari таксама былі ўзнагароджаныя камандуючыя саюзных войскаў, якія спрыялі вызваленню Польшчы з-пад нямецкай акупацыі.

Менавіта пасля вайны былі змененыя прынцыпы ўзнагароджання і ўлады сацыялістычнай Польшчы прынялі рашэнне ўзнагароджваць ордэнам іншаземцаў. Скандалам закончылася ўручэнне Virtuti Militari Леаніду Брэжнева ў 1974 годзе. У знак пратэсту 12 генералаў у адстаўцы, якія службу пачыналі ў даваеннай Польшчы, склалі свае ордэны Virtuti Militari на алтары Яснай Гары – найбольш важнага месца каталіцкага культу ў Польшчы.

Пасля 1989 года ордэн фактычна не ўручаецца, нягледзячы на яго захаванне ў сістэме ўзнагарод Польшчы. У 1945-1989 гадах Узброеныя сілы Польшчы ўдзельнічалі толькі ў адным збройным канфлікце, а пасля 1989-га – у трох (Вайна ў Персідскім заліве, вайна ў Афганістане і вайна ў Іраку).

Ордэн мае 5 ступеняў: Вялікі Крыж з зоркай, Камандорскі Крыж, Кавалерскі Крыж, Залаты Крыж і Сярэбраны Крыж.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу