Беларуская Служба

«З Украінай у сэрцы». У Варшаве адкрылі выставу, прысвечаную загінулым беларускім добраахвотнікам

12.07.2023 15:36
Сотні беларускіх добраахвотнікаў пайшлі на фронт, каб змагацца за Украіну, а дзясяткі з іх загінулі.
Аўдыё
  • У Варшаве адкрылі выставу, прысвечаную загінулым ва Украіне беларускім добраахвотнікам
 .
Стэнд выставы.фота: БСПР/нг

Украінцы часта ўспрымаюць Беларусь як дзяржаву-агрэсара, адкуль ва Украіну ляцелі ракеты, адкуль зайшлі расійскія акупанты. Аднак беларусы не хочуць вайны, больш таго, сотні беларускіх добраахвотнікаў пайшлі на фронт, каб змагацца за Украіну, а дзясяткі з іх загінулі.

Са шматпакутнай украінскай Бучы ў Польшчу прыехала выстава, на якой прадстаўленыя партрэты загінулых у баях за Украіну беларускіх герояў, гісторыі іх жыцця і подзвігу, а таксама іншыя экспанаты – бронекамізэлькі і сцягі з унікальнай гісторыяй. Экспазіцыя працуе ў Беларускім доме ў Варшаве. На адкрыцці былі прысутныя беларускія ды ўкраінскія палітыкі і грамадскія дзеячы, сваякі загінулых у вайне за Украіну беларускіх ваяроў, паслы Канады, Ірландыі, Румыніі, прадстаўнікі пасольства Нідэрландаў, Італіі, Вялікабрытаніі, Літвы і Германіі.

Гаворыць старшыня ўкраінскага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч.

- Выстава прысвечана беларускім героям, якія аддалі сваё жыццё ва Украіне ў барацьбе з расійскім акупантам з 2014 г. Выстава з’яўляецца частка музею ў горадзе-героі Бучы. На жаль, тут прадстаўлены не ўсе загінулыя беларускія героі, паколькі іх блізкія знаходзяцца ў Беларусі, у мэтах бяспекі мы гэтага не робім. Спадзяемся, што з імёнамі гэтых беларусаў будзе звязана не толькі незалежная Украіна, але і незалежная Беларусь, і што іх імёнамі назавуць вуліцы.

Ва Украіны і Беларусі супольны вораг, з якім неабходна змагацца. Гэта Расія. Аднак беларусы не хочуць браць зброю ў рукі, яны імкнуцца да мірных перамен. Пра гэта разважаў дырэктар Беларускага дому Алесь Зарэмбюк.

- Мы памятаем, адкуль апошнія стагоддзі была гэта пагроза. Наступнай пасля Украіны можа быць Беларусь. Мы не хочам бараніць Беларусі са зброяй, мы хочам, каб перамены ў нашай краіне адбыліся на ўзор Польшчы, за круглым сталом.

На сустрэчы прысутнічаў народны дэпутат украінскага парламенту, старшыня ўкраінскай дэлегацыі ў ПА АБСЕ Мікіта Патураеў. У сваім выступе ён адзначыў, што ўкраінцы заўсёды памятаюць, каб закранаць беларускае пытанне падчас важных міжнародных мерапрыемстваў. А беларусам ён прапанаваў адмовіцца ад ілюзіяў наконт Расіі.

- Наша дэлегацыя яшчэ не вярнулася з сустрэчы АБСЕ ў Канадзе. Бясспрэчна, украінскія пытанні былі ў фокусе ўвагі, але мы не забывалі і пра Беларусь. Беларускі народ ужо акупаваны Расіяй, але ён можа яшчэ апынуцца ў закладніках арганізацыі, прызнанай тэрарыстычнай – ПВК «Вагнер». Мы нікому не жадаем бараніць ці адваёўваць свабоду вайной, але мы таксама былі доўгі час у палоне ілюзіяў. Пакуль побач нас існуе абсалютна вар’яцкая краіна з вар’яцкім рэжымам і грамадствам, спакою не будзе.

Беларусы – гэта самая вялікая нацыянальная група замежнікаў на дадзены момант, якая змагаецца за аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Аб гэтым нагадаў старшыня Нацыянальнага Антыкрызіснага Упраўлення, член Пераходнага кабінету Павел Латушка.

- Беларускія героі, якія змагаюцца за Украіну, мараць, каб вызваліць Беларусь. Героі не паміраюць, нам важна ведаць кожнага, хто аддаў жыццё за нашу будучыню. Украіна забяспечвае сёння будучыню Еўропы яна змагаецца за ўсіх нас.

Адзін з кіраўнікоў арганізацыі былых сілавікоў ByPol, прадстаўнік Кабінету Святланы Ціханоўскай па пытаннях аднаўлення правапарадку ў Беларусі Аляксандр Азараў перадаў на выставу рэчы аднаго з беларускіх добраахвотнікаў.

- Я быў запрошаны, каб уручыць рэчы загінулага добраахвотніка Зміцера Апанасовіча. Мы падтрымлівалі кантакт з яго сябрамі, дапамагалі ім выехаць ва Украіну. Гэтыя рэчы знаходзяцца ў мяне на захоўванні. Трэба зрабіць музей, я думаю, што людзі, якія працуюць над выставай, думаюць над тым, каб зрабіць музей на пастаяннай аснове.

Прысутныя на адкрыцці выставы «З Украінай у сэрцы»таксама маліліся за душы загінулых беларускіх ваяроў. Малебен правёў ксёндз Вячаслаў Барок.

Выстава «З Украінай у сэрцы» з’яўляецца часткай выязной экспазіцыі музею, які неўзабаве будзе адкрыты ў Бучы. А ў Варшаве быў паказаны таксама фільм, прысвечаны беларускім ваярам, якія загінулі ў вайне за Украіну.

Выстава працуе да 18 ліпеня. Адрас: Беларускі Дом (ul. Kryniczna, 6). Гадзіны наведвання: ПН-ЧТ 13:00-18:00, ПТ 13:00-20:00, СБ 12:00-14:00.

Слухайце далучаны гукавы файл аўдыё.

нг


У Варшаве адкрылі выставу, прысвечаную загінулым ва Украіне беларускім добраахвотнікам У Варшаве адкрылі выставу, прысвечаную загінулым ва Украіне беларускім добраахвотнікам

Ксёндз Вячаслаў Барок. Ксёндз Вячаслаў Барок.