«Яшчэ да выбараў за намі сачылі»
Каця родам з раённага гораду, але вучылася, а затым працавала і жыла ў сталіцы. Яна яшчэ зусім маладая дзяўчына, але падчас нашай размовы адчуваецца наколькі абвостранае ў яе пачуццё справядлівасці. І яе ўдзел у падзеях 2020 году цалкам заканамерны крок.
З кандыдатаў ёй найбольш адпавядаў Віктар Бабарыка. Працуючы ў банку, магла ацаніць яго кампетэнцыю ў фінансавай сферы, здольнасці сучаснага менеджара. Верыць, што яго каманда магла паспяхова правесці рэформы ў Беларусі і прасунуць краіну ў тэхналагічным развіцці, палепшыць жыццё народу, аднавіць яго культуру і мову.
А таму яшчэ задоўга да выбараў разам з іншымі аднадумцамі пачала падрыхтоўку да іх. Ужо напачатку лета 2020 году актыўна пачалі арганізоўвацца раённыя і дваравыя чаты, фарміраваліся каманды падтрымкі будучых кандыдатаў. Але ў той самы час, паводле Каці, ужо тады яны адчулі ціск з боку сілавых органаў.
-А таму паступова мы пачалі разумець, што ў чаты пачалі ўкараняць людзей з органаў, каб яны правакавалі, каб урэшце не далі нармальна адбыцца выбарам.
«Уразіла людская салідарнасць»
З кожным днём атмасфера напружвалася. Каця адчувала, што ўсе цяжкасці наперадзе, але ў дзень выбараў была здзіўлена, калі пабачыла колькі людзей у яе рабочым раёне сталіцы, стаіць у чарзе, каб прагаласаваць. А потым яшчэ, каб дачакацца вынікаў.
-Гэта было нешта феерычнае. Мы адчулі, што мы сіла, нешта можам і сталі патрабаваць ад сябраў выбарчай камісіі, каб былі аб’яўлены вынікі галасавання.
У адказ гучала традыцыйная хлусня, сябры выбарчых камісій хавалі пратаколы, іх эвакуявала міліцыя. З іншых участкаў паступала інфармацыя, што перамагла Ціханоўская – сітуацыя напружвалася. А далей было яшчэ горш: у ноч з 9 на 10 жніўня толькі ў мінскія шпіталі патрапілі сотні параненых і пакалечаных.
-Яны кідалі гранаты, стралялі ва ўпор нават у жанчын з дзецьмі. Людзі спрабавалі ратавацца, а яны дабівалі іх у дварах, пад машынамі, пад пад’ездамі… Тут ужо дастаткова было нават аднаго дня, калі стала зразумела, што мы не даруем, не прабачым.
«Мы працягвалі рабіць сваю справу»
Каця разам з сваёй сям’ёй стварыла мабільную групу, якая перамяшчалася па гораду на роварах. Падвозілі медыкаменты, харчаванне, спрабавалі перакрываць сілавікам дарогу, каб тыя не маглі хутка дабрацца ў патрэбны пункт. Цяпер усе гэтыя падзеі ёй згадваюцца, як сапраўдныя ваенныя дзеянні.
-Мы працягвалі рабіць сваю справу кожны дзень, кожны дзень. Малявалі плакаты, не прапусцілі ніводнага маршу, стаялі побач з Акрэсціна, каб падтрымаць тых, хто знаходзіўся там і іх сваякоў. Увесь час імкнуліся рабіць яшчэ больш. Увесь час партызанілі, на вуліцу з дому выходзілі без тэлефонаў.
Далей – горш. Пачаліся арышты тых з кім разам партызанілі, забіралі суседзяў, знаёмых. Паводле дзяўчыны, гэта быў бадай самы складаны перыяд.
Пагражалі, пагражалі, пагражалі…
Кацю схапілі каля яе дому, правялі ператрус у кватэры і адвезлі ў Следчы камітэт. Там дапыталі, запісалі традыцыйнае ганебнае відэа, палохалі тым, што могуць напісаць любы крымінальны артыкул, маральна паздзекаваліся.
-Мяне папярэдзілі, што могуць ізноў прыйсці ў любы час і не важна буду я ўдзельнічаць у нейкіх акцыях альбо не. Пагражалі, што пасадзяць на суткі, што могуць скласці новыя пратаколы, але ўжо па крымінальным артыкуле.
Дамоў Каця больш не вярнулася, бо разумела, што ў яе няшмат часу. Праз пару дзён разам з мужам апынулася ва Украіне.
Вайна заспела ў Ірпені
Украіна, згадвае дзяўчына, сустрэла, як родных. Паводле яе, гэта несамавітая краіна з несамавітымі людзьмі, якія прынялі, дапамаглі і паказалі, што насамрэч такое свабода.
-Там, дзе мы жылі, калі ўкраінцы даведваліся, што мы беларусы, віталі нас воклічам: «Жыве Беларусь!». Побач было шмат беларусаў, якія вымушана пакінулі краіну. Мы жылі ў новых прыгожых дамах, клімат там значна мякчэйшы, чым у Мінску, харчаванне ў крамах было не дарагое… Але пачалася вайна».
Паколькі яны жылі ў Ірпені, то вайну засталі ўжо ў першы дзень. Каця згадвае, як той лютаўскай раніцай людзі цэлымі сем’ямі пакідалі свае дамы наагул не ведаючы, што іх чакае. Але ўсё, паводле яе, даволі спакойна, арганізавана і без панікі.
«Многія беларусы, як і ўкраінцы, адразу спрабавалі запісацца ва ўкраінскае войска, каб атрымаць зброю і змагацца», – дадае дзяўчына.
Цяпер у Польшчы, трэба жыць далей
Сям’і Каці разам з іншымі суседзямі і сябрамі ўдалося эвакуявацца ў Заходнюю Украіну. Але амаль адразу ў беларусаў былі заблакаваныя банкаўскія карткі і людзі засталіся без сродкаў да існавання. Вырашылі ехаць у Польшчу. Каця кажа, што гэта была вельмі стрэсавая сітуацыя і падрабязнасці таго, як яны туды дабіраліся застануцца ў памяці на ўсё жыццё.
-Гэта не параўнаць ні з якімі іншымі падзеямі: вайну немагчыма ні з чым параўнаць. Апынуцца ў вайне і чытаць пра яе – гэта вельмі розныя рэчы, – зазначае мая суразмоўніца.
У Польшчы Каця ні на што не скардзіцца, хаця не адразу знайшлі кватэру, яна пакуль не мае працы, але займаецца валанцёрствам на карысць беларускай справы. Зарабляе толькі муж і ўтрымлівае іх сям’ю. Шмат у чым ва ўладкаванні дапамаглі сябры з Беларусі.
-Спатрэбілася яшчэ паўгады, каб зразумець, што наагул адбываецца, дзе ты знаходзішся, папросту неяк адчуць, што ты жывеш. І толькі з часам да мяне прыйшло ўсведамленне, што я ў Польшчы, што трэба неяк жыць, шукаць працу.
Беларусь перад усім
Але надалей з галавы не выходзіць Беларусь, людзі, якія незаконна сядзяць у турмах, над якімі кожны дзень здзекуюцца. Паводле яе, прыйшло асэнсаванне, што змены на радзіме найбольш рэальныя ў выпадку перамогі Украіны ў вайне з Расіяй.
Каця кажа, што пасля ўсяго перажытага, не можа жыць далей, каб не працягваць барацьбу з рэжымам нават знаходзячыся ў іншай краіне. У яе дагэтуль у памяці тыя адчуванні, калі не магла нават заснуць у Мінску, ходзячы ад вакна да вакна і чакаючы, што ў нейкую хвіліну за табою прыйдуць.
Яна надалей не можа змірыцца з тым, што тысячы людзей пакутуюць у турмах, што разумныя, адукаваныя беларусы вымушаны былі з’ехаць у эміграцыю. Паводле яе, зараз знаходзіцца ў такім стане, што нібы пачынае наладжваць жыццё ў іншай краіне, але адчувае, што палова яе засталася там, у Беларусі, дзе яе блізкія, сябры.
-Я не перастаю валанцёрыць на карысць беларусаў і ўкраінцаў, удзельнічаю ва ўсіх акцыях – папросту не магу спыніцца, – прызнаецца мне дзяўчына. - Кожны дзень я імкнуся рабіць тое, што наблізіць перамогу Украіны і маё вяртанне на Радзіму.
Дзеля таго, каб нейкім чынам настальгія не скрэблася ў душы, Каця распрацавала свой рэцэпт і імкнецца яго прытрымлівацца. Як прызнаецца дзяўчына, яна насілілася схаваць у свядомасці ўсе ўспаміны аб доме, блізкіх, не глядзіць здымкаў і гэтым самым не правакуе сваіх эмоцый.
-Мы жывём зараз і чым лепш мы будзем жыць, тым больш я змагу сама сябе апраўдаць перад тым, што ў Беларусі людзі сядзяць у турмах не дарма. Што тут я змагу хоць што-небудзь зрабіць дзеля таго, каб дапамагчы і сабе і ім, – падсумоўвае дзяўчына.
Гутарыў Павел Залескі