Уцекачы, якія прыехалі з дзецьмі ў Польшчу, калі пачалася вайна, хочуць, каб моладзь наступны год вучылася ва Украіне. Таму вучняў з Украіны ў польскіх школах сёлета будзе менш, піша dziennik.pl
Паводле апошніх звестак Еўрастата, у Польшчы ўжо менш за 978 тысяч уцекачоў з Украіны.
Вучыцца ў Польшчы ўкраінскім дзецям нашмат складаней, чым на радзіме, не толькі з-за моўнага барʼеру. Таму многія семʼі вырашылі вярнуцца ў краіну яшчэ да пачатку навучальнага года.
«У польскіх школах няма важных прадметаў, якія ёсць ва ўкраінскіх школах. Гаворка ідзе пра ўкраінскую мову і гісторыю Украіны. Чым большы прабел у выкладанні гэтых прадметаў, тым дзецям цяжэй будзе вярнуцца да ўкраінскай мовы. Гэта была галоўная прычына таго, што многія дзеці ўкраінскіх уцекачоў у Польшчы не хадзілі ў польскія школы, а вучыліся дыстанцыйна ва ўкраінскіх школах», – сказаў Міраслаў Скурка, старшыня Саюзу ўкраінцаў у Польшчы.
Прычыны адʼезду ўкраінцаў з Польшчы розныя. Не толькі звязаны з адукацыяй.
Многія вырашылі зʼехаць на заробкі ў Заходнюю Еўропу. Гэта вельмі непакоіць польскіх працадаўцаў, якія і без таго маюць праблемы з работнікамі ў многіх галінах.
Паводле звестак Еўрастата, усё больш украінцаў зʼязджаюць у Германію ці Іспанію.
яс