Час для аналізу мінулага
Спадарыня Кацярына – пенсіянерка. І таксама ў эміграцыі пасля жніўня 2020 году. Ні на што не скардзіцца, а разважае пра мінулыя падзеі, робіць высновы.
- Я таксама, як усе хто выйшаў на вуліцы ў жніўні 2020 года, верыла, што мы пераможам дэмакратычным шляхам. Але побач знаходзіцца краіна, якая ні ў якім разе не дазволіла б гэта зрабіць. І гэтага ніхто не хаваў, а Пуцін адкрыта заяўляў, што пры абвастрэнні сітуацыі ён адразу пашле ў Беларусь Росгвардыю.
З аднаго боку, спадарыня са шкадаваннем кажа, што народ так лёгка паверыў у перамогу, але адразу дадае, што гэта і вельмі добра, паколькі беларусы паказалі тады ўсяму свету, што яны ёсць, што яны імкнуцца да цывілізаваных краін і змагаюцца за свае правы цывілізаваным шляхам.
І ўдакладняе, што прыйшло разуменне да людзей: аднымі кветкамі ў белых сукенках немагчыма перамагчы гэта чорнае зло. Звяртае ўвагу, што за перыяд праўлення Лукашэнкі ў Беларусі не з’явіліся сапраўдныя нацыянальныя лідары, бо, маўляў, пад такім прыгнётам апазіцыйнай думкі, яны і не маглі з’явіцца.
-У маленькіх нашых гарадах – я з Полацку – у нас зусім не было ніякіх арганізатараў. Ад слова – “зусім”.
Мы арганізоўваліся стыхійна
І на першай жа сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім, калі сабраліся людзі, яна агучыла папросту тыя праблемы пра разбітыя дарогі, пра нізкія заробкі, пра тое, што робіцца “па блату” і г.д. Пасля выступу да яе адразу пачалі падыходзіць людзі, як да нейкай заступніцы са сваім балячкамі.
-Я там, як умела, сказала, што ў мяне на Ютубе ёсць уласны канал і людзі ўсю ноч мне пісалі, казалі, якая я малайчына, што ў такім веку не пабаялася, выступіла і сказала пра ўсё гэта…
І вось так потым вакол спадарыні Кацярыны пачалі збірацца найбольш актыўныя людзі, праводзілі збор подпісаў, агітавалі, распаўсюджвалі газеты з праграмамі кандыдатаў, назіралі за выбарамі, а потым стаялі плячо ў плячо на плошчы. І ніхто з іх не быў прафесійным палітыкам і не належаў ні да якіх партый і рухаў.
-І мы ездзілі ў самыя малыя нашыя райцэнтры: Шаркаўшчыну, Ушачы, Браслаў, Паставы. У Шаркаўшчыне наагул так усё бедна. Але там да нас прыходзіла столькі многа людзей і яны так уважліва нас слухалі…
Ад помніка Усяславу Чарадзею да маста праз Дзвіну…
І пасля галасавання, калі аб’явілі вынікі выбараў, згадвае суразмоўніца, на душы было горка, бо сама бачыла колькі людзей з белымі стужкамі цэлымі сем’ямі ішлі на выбарчыя ўчасткі. На наступны дзень і ў іх раённым горадзе людзі выйшлі на вуліцу.
-І мы стаялі ў Полацку ад помніка Усяславу Чарадзею да маста праз Дзвіну – гэта кіламетры тры. І людзі трымалі плакаты: “Аддайце нашы галасы! Вы ўкралі нашы галасы!”. Мы верылі і стаялі некалькі дзён запар.
А на душы ўсё роўна было цяжка – згадвае суразмоўніца.
-У мяне было адчуванне, што мне некалькі разоў плюнулі ў твар… Але ўсё роўна людзі не гублялі надзеі, што нешта адбудзецца.
Людзі паўсталі супраць бязмежжа ўлады
Згадваючы тыя падзеі, спадарыня Кацярына прыходзіць да высновы, што людзі падняліся тады супраць улады не толькі з-за сфальсіфікаваных выбараў, з-за таго, што няма працы, малыя заробкі, што няма дарог, што нічога не змяняецца да лепшага. Людзей, паводле спадарыні, абурала бязмежжа ўлады.
-Навокал насілле, любога чалавека можна асудзіць ні за што, а калі ён яшчэ там і больш пачне рыпацца, то яго можна і забіць – за гэта нічога не будзе. І вось гэта бязмежжа ўладаў, я думаю, давяло людзей да таго, што яны асмялелі і выйшлі на вуліцы.
Паводле яе, многія з беларусаў дагэтуль не зразумелі, што адбылося тады ў краіне і многія гэтага не разумеюць і цяпер.
-Я лічу, што тыя людзі, якія тады выйшлі на вуліцу – яны здольны думаць і думаюць. А значная частка нашага народу развучылася думаць, планаваць – вераць толькі ў тое, што ім скажуць у тэлевізары. І я заўсёды казала сваім суседзям і знаёмым: не глядзіце ў тэлевізар, а пабачце за вакно што там робіцца, загляніце ў сваю лядоўню, што там у вас ёсць. Вось на гэта звяртайце ўвагу…
Уздыхаючы, суразмоўніца кажа, што сама пражыла няпростае жыццё, адна гадавала дзяцей, адпрацавала 28 гадоў тэхнолагам мясапрадуктаў на мясакамбінаце і заўсёды, дзе б ні была, імкнулася стаяць на баку праўды. Ваявала з бязмежжам уладаў, а за непрымірэнчую пазіцыю яе двойчы звальнялі з працы.
У Польшчу выехала, каб ратаваць сына
І тым не менш ні аб чым гэтым яна не шкадуе. І ў Польшчу з’ехала з адным заплечнікам. І не таму, што за ёю ішлі арыштоўваць, а таму, што гэта небяспека пагражала яе сыну.
-Уцякалі мы таму, што мой сын працаваў на радыё і калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага, то яму прапанавалі прачытаць паведамленне аб тым, што ён пабіў гродзенскіх міліцыянтаў. Сын адмовіўся гэта рабіць і звольніўся з працы.
Пазней сына спадарыні Кацярыны ўсё ж затрымалі і асудзілі на суткі за тое, што проста стаяў на вуліцы з групай аднакласнікаў. Яна згадвае, што судзіў яго сусед, які жыў на адной пляцоўцы: дзверы ў дзверы. Жанчына распавядае, што не вытрывала і запытала неяк суседа – як ён з гэтым думае жыць далей? А той, маўляў, як жыў, так і жыць збіраецца.
А потым была позва ў Следчы камітэт, а таму адразу з’ехалі, як ужо казала спадарыня, з адным заплечнікам.
-Мы думалі, што хутка ўсё зменіцца і вернемся назад. А, па-другое, у такой паніцы, калі ты разумееш, што за табой могуць прыйсці ў любую хвіліну, то… Я нават цяпер і не магу адказаць чаму мы з адным заплечнікам, але з іншага боку я чалавек мабільны, хутка сабрала самае неабходнае, а да рэчаў не прывязваюся.
Мне цяжка тут не было…
У пятніцу яны з’ехалі, а ў панядзелак за імі прыйшлі, але ў кватэры ўжо нікога не было. У Польшчы, як заўважае спадарыня, у іх усё склалася нармальна. Знайшлі працу, пачалі вывучаць мову. Спадарыня Кацярына выхоўвала ў польскай сям’і двух дзяўчынак і вельмі задаволенай гэтай працай.
-Мяне ніхто тут не пакрыўдзіў ні разу, ніхто не абразіў. Мне цяжка тут не было. А цяжка толькі за тое, што калі чалавек сам плануе ад’езд з краіны – гэта адна справа, але калі яго вымушаюць уцячы з краіны – вось за гэта ў мяне баліць душа. Чаму я павінна ўцякаць са сваёй радзімы?
Усцешаная спадарыня Кацярына і салідарнасцю беларусаў у замежжы. Распавядае, што самой давялося перажыць, калі беларусы дапамагалі знайсці лекі, раілі куды звярнуцца. Да ўсяго, яна бачыць, як беларусы імкнуцца захаваць сваю культуру і вельмі многія пачалі вучыць беларускую мову.
-Дык вось калі мы патрапілі ў іншае асяроддзе і чуем польскую мову, і разумеем, што мы з Беларусі – гэта вялікі стымул, каб ведаць сваё. І гэта вельмі прыемна, вельмі…
У нейкім сэнсе паўтарыла лёс свайго таты
І пра Беларусь спадарыня згадвае штодня, асабліва пра родныя мясціны і жыць яна хацела б там, дома, бо там магілы яе продкаў, якія, дарэчы, падчас Другой сусветнай вайны загінулі за тое, каб яна магла шчасліва жыць.
Спадарыня Кацярына трохі задумаўшыся дадае, што ў нейкім сэнсе паўтарае лёс свайго таты. Ён скончыў вышэйшую вайсковую вучэльню і падчас вайны быў інціндантам у Грузіі.
-І калі вызвалілі ад немцаў нашу Беларусь ён, ведаючы як там цяжка, адправіў у нашу краіну два вагоны мыла і вагон солі. Яго за гэта разжалавалі да радавога і адправілі ў турму. Ён гэтыя вагоны накіраваў не сваёй радне, а толькі сваёй радзіме, якая моцна пацярпела падчас вайны. А цяпер крадуць мільярды і ніхто ні за што не адказвае. І вось праз шмат гадоў я ў нечым паўтарыла лёс свайго таты…
Павел ЗАЛЕСКІ