84 гады таму пачалася гісторыя Польскай службы Бі-Бі-Сі, якая працягнулася некалькі дзесяцігоддзяў.
7 верасня 1939 года ўпершыню прагучала перадача Польскай службы Бі-Бі-Сі. А пачыналася яна, як і наступныя, ажно да закрыцця рэдакцыі, славутымі словамі, якія ўвайшлі ў гісторыю польскага радыёвяшчання і агулам у гісторыю Польшчы: «Tu mówi Londyn». А перадачы пачыналіся пазыўным – гэта была лацінская літара V, перададзеная алфавітам Морзэ. Чаму V? Бо гэта першая літара англійскага слова victory, у перакладзе – перамога.
Першыя праграмы замежнага вяшчання Бі-Бі-Сі выйшлі ў эфір у 1932 годзе. На пачатку Другой сусветнай вайны брытанскае радыё працавала на сямі замежных мовах. Цягам некалькі месяцаў лічба моўных рэдакцый вырасла да пятнаццаці, а ў канцы вайны Бі-Бі-Сі працавала на 45 замежных мовах. Для шматлікіх народаў акупаванай Еўропы перадачы з Лондану былі крыніцай інфармацыі са свабоднага свету.
Польская служба Бі-Бі-Сі была адной з першых еўрапейскіх моўных рэдакцый. 7 верасня 1939 года ў прэм’ернай перадачы па-польску выйшлі ў эфір навіны і зварот да палякаў тагачаснага пасла Польшчы ў Вялікабрытаніі Эдварда Рачыньскага. Пасол таксама зачытаў ліст прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Нэвіла Чэмберлена да польскага народу.
- Я рады, што дзякуючы польскаму вяшчанню з Лондана я маю магчымасць звярнуцца да вас, дарагія суайчыннікі! Польшча па-геройскі абараняецца ад захопнікаў. Яе гераізмам і прагай да свабоды захапляецца ўвесь свет! І свет нас падтрымлівае не толькі словамі, але і справамі.
У верасні 1939 года ў эфір штодзённа выходзілі дзве кароткія перадачы. Іх колькасць павялічылася ўжо ў кастрычніку. Пазней Польская служба Бі-Бі-Сі вяшчала некалькі гадзін у суткі.
У перадачах Бі-Бі-Сі падчас вайны шматкроць выступалі важныя польскія палітыкі, як, напрыклад, генерал Уладзіслаў Сікорскі і прэм’ер-міністр Станіслаў Мікалайчык. Цягам вайны і пасля яе лонданскае радыё перадавала інфармацыю пра людзей, якія прапалі, альбо пра польскіх грамадзян, якіх шукалі сваякі. Дзякуючы Бі-Бі-Сі ўдалося аб’яднаць шматлікія сем’і. Дарэчы, гэта была першая такога роду ініцыятыва ў гісторыі сусветнага радыёвяшчання.
У 1944 годзе Бі-Бі-Сі было першым сродкам масавай інфармацыі, які паведаміў пра пачатак Варшаўскага паўстання. Больш за тое, лонданская станцыя транслявала ў сваім эфіры перадачы паўстанцкага радыё Błyskawica (Маланка).
У сваю чаргу пасля вайны Польская служба Бі-Бі-Сі стала крыніцай аб’ектыўнай інфармацыі пра падзеі ў свеце, Польшчы і краінах сацлагеру. Як і іншыя радыёстанцыі, якія вяшчалі з-за мяжы, з тэрыторыі ПНР і Савецкага Саюзу вялося глушэнне перадач з Лондана на польскай мове.
Польская служба Бі-Бі-Сі была закрытая ў 2005 годзе. Кіраўніцтва брытанскай вяшчальнай карпарацыі вырашыла, што ў Польшчы не існуе пагроза свабодзе слова і СМІ, у сувязі з чым было прынятае рашэнне аб закрыцці рэдакцыі, як і іншых моўных рэдакцый, якія працавалі на краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл