Як мінімум 20 тысяч украінскіх дзяцей былі выкрадзеныя расійскімі ўладамі пасля ўварвання ва ўкраінскі Крым у 2014 годзе. «Цэлыя школьныя класы, спартыўныя каманды, дзіцячыя дамы вывозілі з Украіны па выдуманых прычынах, змяшчалі ў лагеры на перавыхаванне і дэпартавалі ў Расію, дзе дзеці павінны былі пачаць «новае жыццё»», – заявіў у інтэрв’ю выданню Bild былы чэмпіён свету па боксе Уладзімір Клічко. Былы спартсмен разам з Таццянай Кіль заснаваў ініцыятыву #WeAreAllUkrainians (#УсеМыУкраінцы), якая звяртае ўвагу на праблему выкрадзеных у Расію дзяцей.
Дзякуючы дапамозе арганізацыі Save Ukraine да гэтага часу ўкраінскім бацькам удалося вярнуць больш за 160 дзяцей. Каб гісторыі выкрадзеных маладых украінцаў і іх, даведзеных да роспачы, бацькоў не забыліся, Клічко і Кіль падрыхтавалі кнігу «Украдзенае жыццё», якая выйдзе 20 верасня.
«З моманту ўварвання ў Крым у 2014 годзе расійская прапаганда тлумачыць дзецям на акупаваных тэрыторыях, што Украіна не існуе. Што ўсё – Расія, а мы – фашысты (…). Нашым дзецям прамываюць мазгі, каб даць ім зброю, каб яны маглі ваяваць супраць сваіх семʼяў», – кажа брат мера Кіева Віталя Клічко.
Уладзімір Клічко прызнаў, што назваць дакладную колькасць выкрадзеных дзяцей складана ў сувязі з працягам вайны. «Многіх людзей ужо няма. Яны мёртвыя, цэлыя вёскі знішчаныя», – тлумачыць ён.
Bild нагадвае, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна за ваеннае злачынства ў выглядзе выкрадання дзяцей з Украіны.
аз