Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра замах на Юзэфа Пілсудскага, які меў месца 102 гады таму. 25 верасня 1921 года ў Львове член украінскай падпольнай баявой арганізацыі здзейсніў няўдалы замах на кіраўніка польскай дзяржавы. З маршалам нічога не здарылася, але быў паранены чалавек з яго атачэння. Нягледзячы на гэта, падчас суду Пілсудскі стараўся, каб тэрарыст атрымаў як мага меншы тэрмін.
У 1920 годзе была створаная Украінская вайсковая арганізацыя, якая ставіла за мэту стварэнне ўкраінскай дзяржавы, у склад якой бы ўвайшлі Львоўскае, Цярнопальскае і Станіславаўскае (Івана-Фраркоўскае – рэд.) ваяводствы, якія ў перыяд паміж двума сусветнымі войнамі былі часткай Польшчы. З пачатку свайго існавання ўзброеная група вяла дыверсійную дзейнасць супраць польскай дзяржавы. Адной з самых дзёрзкіх акцый арганізацыі быў замах на Юзэфа Пілсудскага.
Lwów
25 верасня 1921 года Пілсудскі, які на той момант насіў тытул «начальніка дзяржавы», прыехаў у Львоў на адкрыццё першага Міжнароднага Усходняга кірмашу – выставы, мэтай якой было развіццё айчыннай прамысловасці і актывізацыя гандлёвых кантактаў маладой польскай дзяржавы, перш за ўсё з Румыніяй, Чэхаславакіяй, Венгрыяй і Югаславіяй. Арганізатары мерапрыемства хацелі таксама паказаць свету, што сітуацыя ў тагачаснай усходняй Польшчы пасля некалькіх гадоў крызісу і ўзброеных інцыдэнтаў стабілізавалася.
Для Пілсудскага гэта быў надзвычай насычаны дзень. Пасля сустрэчы на вакзале маршал прыняў вайсковы парад, затым прысутнічаў на святой імшы і сустрэўся з банкірамі ды журналістамі. У другой палове дня ён удзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцці кірмашу, якое завяршылася абедам у яго гонар у мэрыі.
Трапеза скончылася каля дзевяці гадзін вечара. Пілсудскі пакінуў будынак у суправаджэнні львоўскага ваяводы Казімежа Грабскага, пасля чаго абодва палітыкі селі ў лімузін з адкрытым верхам. Забойца з Украінскай вайсковай арганізацыяй, якога звалі Сцяпан Фэдак, толькі і чакаў гэтага моманту.
«Львоўскі кур'ер» на наступны дзень пісаў, што «пры зʼяўленні кіраўніка дзяржавы да яго машыны падышоў натоўп людзей, каб сустрэць Пілсудскага. І ў гэты момант Сцяпан Фэдак адкрыў агонь. Кулі прабілі лабавое шкло і паранілі ваяводу». Пілсудскі, пачуўшы стрэлы, схіліўся, што, хутчэй за ўсё, выратавала яму жыццё. Ваявода Грабскі атрымаў чатыры лёгкія раненні і некалькі дзён правёў у бальніцы.
Кіраўнік дзяржавы Юзэф Пілсудскі ў 1921 годзе з ордэнам Virtuti Militari/ Centralne Archiwum Wojskowe
Апошнюю кулю Фэдак пакінуў для сябе, аднак самагубства яму не ўдалося: куля прайшла навылет, не закрануўшы сэрца і іншых жыццёва важным органаў. Паводле сведкаў, калі б тэрарыста не схапілі паліцэйскія, то натоўп здзейсніў бы самасуд над забойцам.
На следстве Фэдак заявіў, што на самой справе хацеў забіць не маршала, а ваяводу, якога вінаваціў у нянавісці да ўкраінскага народу. Аднак ён не змог адказаць на пытанне следчых, чаму менавіта цэліўся ў Пілсудскага, а не Грабскага.
У народзе пачалі зʼяўляцца розныя здагадкі і чуткі. Многія меркавалі, што за замахам стаяць камуністы ці яўрэі. Толькі з часам аказалася, што тэрарыст – сын вядомага львоўскага адваката і ўкраінскага дзеяча Сцяпана Фэдака (бацька і сын мелі такое самае імя – рэд.).
Прысуд быў вынесены 18 лістапада 1922 года ў Львове. Фэдака прыгаварылі да 6 гадоў турмы за замах на ваяводу Грабскага, а не на Пілсудскага. Паводле сведчанняў, Пілсудскі стараўся, каб прыгавор быў як мага больш мяккі, бо кіраўнік дзяржавы не хацеў абвастраць польска-ўкраінскіх адносін.
Aleksander Krawczyk, Portret Józefa Piłsudskiego, 1933, Muzeum Narodowe w Krakowie
Разам з Фэдакам адбываўся суд над заснавальнікамі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Дзмітром Паліевым і Міхаілам Матчакам. Іх прыгаварылі да двух гадоў турмы. Яны адбылі ўвесь тэрмін пакарання. Цікава тое, што пасля вызвалення яны балатаваліся ў польскі парламент і сталі дэпутатамі Сейму Польшчы.
Сцяпан Фэдак, якому на момант замаху было ўсяго толькі 20 гадоў, не адбыў усяго тэрміну пакарання. Праз некалькі гадоў ён выйшаў на свабоду і выехаў за мяжу.
Дарэчы, лёс Сцяпана Фэдака-малодшага даволі цікавы. Паводле гісторыкаў, ён быў агентам НКУС і ў 1939-1940 гадах праходзіў падрыхтоўку ў Маскве. У часы нямецкай акупацыі Украіны, як пішуць некаторыя гісторыкі, быў перакладчыкам падчас масавага забойства яўрэяй у Бабім Яры. У канцы вайны адступіў разам з немцамі. Яго сляды губляюцца ў Берліне ў 1945 годзе.
Валеры Саўко
Рубрыка падрыхтаваная пры выкарыстанні архіўных матэрыялаў Польскага радыё
відэа: гістарычная рэканструкцыя
слухайце аўдыёфайл