Беларуская Служба

Гісторыя варшаўскага таксі: 73 гады таму ў сталіцы пачаў працу першы пасля вайны таксапарк (ВІДЭА)

27.10.2023 19:40
Першымі аўтамабілямі былі легендарныя савецкія «Пабеды».
Аўдыё
  • Гісторыя варшаўскага таксі: 73 гады таму ў сталіцы пачаў працу першы пасля вайны таксапарк
. 1950
Варшава. 1950 гадыNarodowe Archiwum Cyfrowe

73 гады таму на вуліцы Варшавы выехалі першыя пасля вайны аўтамабілі таксі гарадской кампаніі. Улады стварылі асобную фірму, якая займалася перавозкамі пасажыраў – Прадпрыемства «Гарадское таксі». Першымі аўтамабілямі былі легендарныя савецкія «Пабеды».

23 кастрычніка 1950 года ў Варшаве было створанае прадпрыемства «Гарадское таксі». Пасля заканчэння вайны па польскай сталіцы пасажыраў перавозілі прыватныя таксоўкі, якія працавалі не заўсёды легальна. Прычым аўтамабіляў для перавозкі пасажыраў было нямала, а іх лік пастаянна павялічваўся. Калі ў 1946 годзе ў Варшаве былі толькі 22 таксоўкі, то ўжо праз год свае паслугі прапанавалі 624 прыватнікі. Праз год улады вырашылі ўрэгуляваць рынак прыватных перавозак і ўвялі ліцэнзіраванне гаспадарчай дзейнасці.

Стан гарадскіх таксовак адлюстроўваў стан паваеннай дзяржавы, разбуранай у выніку акупацыі і баявых дзеянняў. Большасць аўтамабіляў таксі былі проста ў трагічным тэхнічным стане, а набыццё запчастак, не кажучы ўжо пра новую машыну, было амаль немагчымым. Па Варшаве пасажыраў вазілі даваенныя аўто, машыны, кінутыя акупантамі, альбо транспартныя сродкі, дастаўленыя з нямецкіх зямель, якія пасля вайны былі далучаныя да Польшчы. І таму неўзабаве ўладамі было прынятае рашэнне аб стварэнні дзяржаўнага прадпрыемства, якое б аказвала паслугі па індывідуальных перавозках пасажыраў. І так, у кастрычніку 1950 года пачало працу Прадпрыемства «Гарадское таксі».

Першыя таксоўкі для патрэб новай арганізацыі дастаўляліся з Савецкага Саюзу ў драўляных скрынках на цягніках. Гэта былі легендарныя «Пабеды». Дарэчы, у лістападзе 1951 года ў Польшчы па ліцэнзіі пачалі вырабляць гэтыя аўто пад брэндам «Варшава», таму паступова прадпрыемства «Гарадское таксі» пачало купляць айчынныя машыны.

Што цікава, то паездка на новых «Пабедах» каштавала даражэй, чым на аўто іншай маркі. Так, за адзін кіламетр на «Пабедзе» трэба было заплаціць 2 злотыя, а на іншым аўтамабілі – 1 злоты 80 грошаў.

Праз нейкі час Варшаўская фабрыка легкавых аўтамабіляў пачала выпускаць «Варшавы» спецыяльна для «Гарадскога таксі». Гэта былі серыйныя аўто, але ўжо на заводзе ўнутр ставілі шыбу, якая аддзяляла заднія пасажырскія месцы ад кіроўцы, а на дах – маячок з надпісам «таксі».
«Варшавы» ў якасці таксі можна было пабачыць у польскай сталіцы яшчэ ў 1980 гады, хоць пачынаючы з 1960-х іх паступова замянялі аўтамабілямі «Польскі Фіят 125п», які выпускаўся ў Польшчы па ліцэнзіі італьянскага канцэрну.

Увогуле пачаткі варшаўскага таксі сягаюць 1908 года, калі браты Шындлер пачалі аказваць паслугі па перавозцы пасажыраў на сваіх аўтамабілях. Неўзабаве яны адкрылі кампанію, парк якой складаўся з 30 машын. Дарэчы, на пачатку 20 стагоддзя і ўвогуле да Другой сусветнай вайны паездка на таксі была нейчым незвычайным і дарагім, таму большасць людзей, калі трэба было ехаць, карысталася коннымі дрожкамі.

Ужо ў 1918 годзе колькасць таксі ў Варшаве налічвала 100 аўтамабіляў, а ў 1927 годзе – 1 тыс. 925. Найбольш таксі ў даваенны час было ў Варшаве ў 1929 годзе – 2 тыс. 447 адзінак. Пазней настаў сусветны эканамічны крызіс і многія кіроўцы змянілі прафесію.

Варшаўскі таксіст. 1930 гады/Narodowe Archiwum Cyfrowe
Варшаўскі таксіст. 1930 гады/Narodowe Archiwum Cyfrowe

У палове 1930 гадоў Польшча пачала выходзіць з эканамічнай рэцэсіі, вынікам чаго стаў рост лічбы таксовак. Так, у 1935 годзе сталічныя ўлады правялі пералік машын таксі. Іх налічылі 1 тыс. 800 адзінак.

Нямецкая акупацыя прывяла да заняпаду галіны. Большасць аўтамабіляў канфіскавалі захопнікі, а таксоўкамі, якія засталіся, ездзілі нямецкія чыноўнікі і афіцэры. Адраджэнне пачалося ўжо пасля вайны.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

рубрыка падрыхтаваная паводле архіўных матэрыялаў Польскага радыё


Больш на гэтую тэму: Машына часу