Беларуская Служба

Экспертка пра прафесійнае выгаранне: яно датычыць тых людзей, якія раней моцна «гарэлі»

14.11.2023 21:14
Палякі - адзін з самых працавітых народаў, калі ацэньваць па колькасці працы.
Аўдыё
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: shutterstock.com/Kaspars Grinvalds

Прафесійнае выгаранне – гэта тэрмін, які паявіўся ў лексіконе псіхолагаў і лекараў адносна нядаўна, і паступова становіцца ўсё больш папулярным. А нават здараецца, што ім злоўжываюць. Пры гэтым, у Польшчы палова супрацоўнікаў хацелі б зрабіць паўгадавы адпачынак ад працы. 

Палякі, паводле статыстычных дадзеных, гэта адзін з самых працавітых народаў, калі ацэньваць па колькасці працы. У Еўропе толькі жыхары Грэцыі працуюць больш за жыхароў Польшчы, аб чым сведчаць дадзеныя Еўрастата. Летась жыхар ЕС ва ўзросце 20-64 гадоў праводзіў у сярэднім на працы 37,5 гадзін у тыдзень. Тым часам, грэк працаваў 41 гадзіну ў тыдзень, паляк – 40,4 гадзіны, а румын ці балгарын – 40,2 гадзіны. Найбольш задаволеныя сваім працоўным часам галандцы, якія працуюць у сярэднім 33,2 гадзіны ў тыдзень, а таксама немцы – 35,3 гадзіны і датчане – 35,4 гадзіны.

Здараецца, што чалавек працуе доўгі час без адпаведнага адпачынку. У выніку, у некаторых людзей развіваецца прафесійнае выгаранне. Гэта стан, які аказвае вялікі ўплыў на падыход працаўніка да сваіх абавязкаў і на яго эфектыўнасць на працы. Выгаранне – гэта сіндром эмацыйнага знясілення, які таксама ўключае фізічнае знясіленне і зніжэнне адчування ўласных дасягненняў. Калісьці гэтая праблема датычыла амаль выключна шматгадовых супрацоўнікаў, але сёння па дапамогу да спецыялістаў з гэтай праблемай усё часцей звяртаецца моладзь. Выгаранне таксама з'яўляецца высокай рызыкай для фрылансераў.

Даволі шмат маладых людзей хутка выходзіць на рынак працы, яшчэ падчас вучобы ў ВНУ. Ім па 20 з нечым гадоў, і калі яны пачынаюць працу з вялікім энтузіязмам, то паступова іх энергія вычэрпваецца, асабліва калі яны не бачаць, што працадаўца цэніць іх працу і дасягненні.

Па словах госця Чацвёртай праграмы Польскага радыё трэнера змяншэння прафесійнага выгарання Адрыяны Банкалы (Adriana Bąkała), неабходна навучыцца кіраваць не толькі сваім часам на працы, але таксама энергіяй, якую працаўнік укладвае ў прафесійныя заданні.

Выгараюць тыя людзі, якія раней моцна «гарэлі», гэта значыць, укладвалі ў працу шмат энергіі і сілы. Але пазней аказваецца, што яны ўкладвалі шмат, а дасягнулі не такі эфект, да якога імкнуліся. Калі такія сітуацыі паўтараюцца – я раблю нешта, але ніхто маёй працы не заўважае, не цэніць, або я не бачу, што мая праца мае нейкі сэнс, тады энтузіязм рэзка падае. Калі маладыя людзі рана выходзяць на працоўны рынак, гэта добра, іх ахвотна бяруць на працу. Таму добра пачаць працаваць яшчэ падчас вучобы ў ВНУ, але вельмі важна навучыцца кіраваць не толькі сваім часам, якога не можа быць неабмежаваная колькасць, але і сваёй энергіяй. Справа ў тым, што першы этап прафесійнага выгарання – гэта фізічная і эмацыйная стомленасць. Кожны з нас прачынаецца раніцай з акрэсленай колькасцю энергіі, якая патрэбная на рэалізацыю розных задач. І калі мы не ўмеем рацыянальна карыстацца гэтай энергіяй, тады мы вельмі хутка яе страчваем, і нам пачынае не хапаць сілы. Напрыклад, варта звяртаць увагу на незакончаныя справы. Наш мозг пакідае энергію на выкананне кожнай справы. І калі ў нас назбіраецца шмат незавершаных спраў, гэта адбірае энергію. З іншага боку, калі нейкая справа завершана, гэта выклікае выдзяленне ў мозг нейрамедыятару дапаміну, што дае нам энергію на чарговую дзейнасць.

Прафесійнае выгаранне можа стаць прычынай адсутнасці на працы. Чалавек не мае сілы ісці на працу, у яго няма жадання развівацца, рабіць нешта новае, а хочацца сысці, звольніцца. На рынку працы таксама зʼявілася новая зʼява – «ціхае звальненне». Аднак гаворка ідзе не пра поўны сыход з працы, а пра тое, каб паступова рабіць усё менш. Гэтая праблема была заўважана і на дзяржаўным узроўні. У Польшчы можна ўзяць медычны бюлетэнь па прычыне прафесійнага выгарання.

Надоечы сталі вядомыя вынікі апытання, аказваецца, што звыш паловы палякаў ахвотна скарысталіся б магчымасцю адпачыць ад працы, зрабіць паўгадавы бясплатны перапынак. Праўда, з меншым энтузіязмам ставяцца да такой перспектывы працадаўцы. Вось што сказала адна з працадаўцаў, якая пажадала застацца ананімнай.

- Ці вядома, хто за гэта заплаціць? Я сама – працадаўца, і мне цікава, ці хтосьці задаў пытанне, ці наймальнік мае паўгода на тое, каб адпачыць, калі ў яго прафесійнае выгаранне, ці ў яго ёсць палова году на тое, каб падумаць над нейкімі новымі рашэннямі, каб мог выехаць і спакойна далей працаваць над праблемамі.

Працаўнікі ўсё часцей карыстаюцца бальнічным у сувязі з прафесійным выгараннем. Здараецца нават, што яны злоўжываюць гэтым правам. Цяпер, калі ёсць магчымасць звязацца з лекарам дыстанцыйна, прасцей папрасіць такі бюлетэнь.

нг