Стыпендыяльная праграма LʼOréal прызначана для жанчын, якія вядуць даследаванні ў сферах навук аб жыцці, такіх як прыродазнаўства, медыцынскія навукі, сельская гаспадарка, дакладныя навукі або інжынерна-тэхнічныя. Галоўная мэта конкурсу - папулярызаваць дасягненні польскіх даследчыц і аказаць ім фінансавую падтрымку, якую яны могуць выдаткаваць на любыя мэты.
Журы, якое складалася з 17 прадстаўнікоў польскай навукі, узнагародзіла інавацыйныя даследаванні шасці жанчын. Даследчыцы атрымалі стыпендыі ў памеры 25 - 40 тысяч злотых ($6250-10 тыс.).
Сярод пераможцаў доктар інжынер Марта Паця (Marta Pacia) з Ягелонскага цэнтра распрацоўкі лекаў Ягелонскага ўніверсітэта:
- Я займаюся біямедыцынай эндатэлію, а больш канкрэтна, я вывучаю ліпідныя кроплі – невялікія структуры, знойдзеныя ў клетках эндатэлію. Для мяне вялікі гонар апынуцца ў ліку сёлетніх пераможцаў, тым больш, што я падавала заяўку на гэты конкурс у мінулым годзе і не атрымала прэміі. Таму я тым больш рада, што мне гэта ўдалося і што журы высока ацаніла маё даследаванне.
Старшыня журы, прафесар Эва Лайкоўска (Ewa Łojkowska), сказала, што стыпендыяты былі абраныя з рэкорднай колькасці амаль 300 заявак:
- Заяваў на ўдзел у праграме становіцца ўсё больш, i пераважная большасць з іх падаецца ад даследчыц, якія ўжо маюць выдатныя навуковыя дасягненні. Гэта сапраўды вельмі складаны выбар. Вялікае задавальненне нам прыносіць тое, што ў нас усё больш і больш заявак ад жанчын, якія прэтэндуюць на атрыманне хабілітацыйнай стыпендыі.
Стыпендыяльная праграма LʼOreal – ЮНЭСКА для жанчын у навуцы (UNESCO For Women in Science) рэалізуецца ў Польшчы з 2001 г. Да гэтага часу ўзнагароджаныя 117 стыпендыяткі.
Партнёр праграмы - Міністэрства адукацыі і навукі.
яс