Беларуская Служба

Роўна 105 гадоў таму жанчыны ў Польшчы атрымалі права галасаваць на выбарах

28.11.2023 18:50
Польшча была даволі прагрэсіўнай краінай, калі гаворка ідзе пра магчымасць жанчын удзельнічаць у дэмакратычным галасаванні.
Аўдыё
  • 105 гадоў выбарчых правоў жанчын у Польшчы.
   ,        .
Плакат выставы і кінастужкі, знятай пра барацьбу польскіх жанчын за свае правы. Фота: БСПР/нг

28 лістапада 1918 г. маршалак Юзэф Пілсудскі выдаў дэкрэт аб выбарчым праве. У дакуменце гаварылася, што кожны грамадзянін, незалежна ад полу, старэйшы за 21 год, можа выбіраць дэпутатаў сейма. З гэтае нагоды ў Варшаве адбылася прэм'ера дакументальнага фільма пра польскіх жанчын, якія змагаліся за выбарчыя ды іншыя правы полек.

Шмат гаворыцца пра мужчын – «бацькоў» польскай незалежнасці. Усе ведаюць заслугі Юзэфа Пілсудскага, Рамана Дмоўскага, Ігнацы Яна Падэрэўскага. Пры гэтым значна менш вядома пра жанчын незалежнасці, а іх дасягненні былі немалыя. Яны са зброяй у руках змагаліся ў паўстаннях, ладзілі баявыя дзеянні падчас рэвалюцыі 1905 года, але таксама стваралі школы і прытулкі.

Пра жанчын польскай незалежнасці ідзе гаворка ў кінастужцы і выставе ў Музеі Незалежнасці пад назваю «Энтузіясткі, асілкі, змагаркі» (Entuzjastki, siłaczki, bojowniczki). Аўтары фільма – Наташа Рончка (Natasza Rączka), Эльжбета Лешчыньска (Elżbieta Leszczyńska) і Караль Макоўскі (Karol Makowski) расказваюць пра жанчын тагачаснага Польскага Каралеўства (сучаснай Мазовіі), якія ўнеслі ўклад у аднаўленне дзяржаўнасці Польшчы. 

Наташа Рончка: Эмансіпацыя жанчын была моцна звязаная з аднаўленнем незалежнасці дзяржавы. Мы прадстаўляем той момант, калі полькі, практычна адразу пасля ўзнаўлення незалежнасці, атрымліваюць выбарчыя правы. Мы прадстаўляем постаці васьмі першых дэпутатак сейма і дзесяці дэпутатак горада Варшавы, якія былі абраныя падчас першых муніцыпальных выбараў.

Трэба адзначыць, што тады, 105 гадоў таму, Польшча была даволі прагрэсіўнай краінай, калі гаворка ідзе пра магчымасць жанчын удзельнічаць у дэмакратычным галасаванні.

Эльжбета Лешчыньска: Польшча хутка ўвяла выбарчае права для жанчын. Яна была пятай краінай у Еўропе. Першай дзяржавай на свеце, якая дазволіла жанчынам галасаваць, была Аўстралія. А ў Еўропе перад Польшчай такія правы былі прызнаныя ў чатырох краінах. Так што, з перспектывы гісторыі можна сказаць, што Польшча была прагрэсіўнай дзяржавай. Гэта, канешне, адбылося не толькі дзякуючы жанчынам, паколькі ўвесь народ змагаўся за незалежнасць. Аднак полькі былі настроеныя вельмі рашуча, каб дамагчыся права на існаванне ў палітыцы. Дагэтуль польскія жанчыны былі закрытыя ў дамах так званым кодэксам Напалеона, які вельмі моцна абмежаваў правы жанчын. Яны былі прымушаныя знаходзіцца ў цяні мужчыны. А было вельмі шмат выдатных змагарак, энтузіястак, а нават і баевікоў-жанчын, якія змагаліся за тое, каб мець голас у грамадстве. Варта згадаць хаця б дэпутатку сейма ад Народнай нацыянальнай партыі (Stronnictwo Ludowo-Narodowe) Габрыелю Баліцкую. Вельмі адукаваная асоба, кандыдатка навук. Яна ў сваім першым выступе ў сейме адзначыла, што з аднаго боку жанчыны павінны быць задаволеныя, паколькі атрымалі ўжо выбарчае права, але, з іншага боку, толькі цяпер пачынаецца праца, каб гэтыя правы мець і ўтрымаць.

Барацьба жанчын за выбарчыя правы была эфектыўнай. Адразу пасля аднаўлення незалежнасці дзяржавы яны гэтае права атрымалі. А пры дапамозе якіх метадаў адбывалася гэтая барацьба? Метады былі самыя розныя.

Наташа Рончка: Былі такія жанчыны, якія шмат гадоў вялі ціхую, але вельмі паслядоўную дзейнасць. Прыклад – Ванда Уміньска. Яна з’яўляецца воссю нашага аповеду. Нашы сучаснікі пра яе ведаюць мала, а яна вяла карпатлівую працу – патрыятычную, адукацыйную, грамадскую. А былі жанчыны, якія змагаліся са зброяй у руках, пачынаючы са Студзеньскага паўстання, праз рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, якія на тэрыторыі Польскага Каралеўства былі практычна таксама вызвольнымі паўстаннямі. Тады здавалася, што яны могуць прынесці свабоду. Некаторыя змагаліся падчас першай сусветнай вайны. Так што былі радыкальныя барацьбіткі і ціхія рэфарматаркі.

З таго часу прайшло больш за сто гадоў, а патрабаванні, якія высоўвалі жанчыны ў першым польскім парламенце пасля аднаўлення незалежнасці, гучаць і сёння вельмі актуальна.

Эльжбета Лешчыньска: Чытаючы тэксты прамоваў васьмі тагачасных дэпутатак, мы зрабілі для сябе адкрыццё. Гэта вельмі цікавыя прамовы, і пры гэтым вельмі сучасныя. Аказваецца, што тады жанчыны ў сейме казалі пра тое ж самае, за што сёння змагаемся мы. Гэта доступ да апекі над дзецьмі, каб жанчына магла працаваць – самы важны пастулат. Яны змагаліся за бедных людзей, забытых грамадствам. Канешне, цяпер жанчыны маюць большыя правы, але варта часам зірнуць назад і паслухаць, што казалі тады прадстаўніцы жаночага руху. Вельмі разумныя жанчыны, якія мелі сваё адважнае бачанне будучыні і роўных правоў.

105 гадоў таму жанчыны ў Польшчы атрымалі права выбіраць і быць абранымі. Пра тое, як яны да гэтага ішлі, распавядалі аўтаркі фільма пра жаночы рух у Польшчы, які змагаўся за незалежнасць дзяржавы і правы жанчын.

нг