Беларуская Служба

Распачынаецца фестываль WATCH DOCS. На ім традыцыйна прысутнічае беларуская тэматыка

30.11.2023 07:11
З 1 па 10 снежня ў Варшаве пройдзе фестываль дакументальнага кіно пра правы чалавека.
Аўдыё
  • Распачынаецца фестываль WATCH DOCS. Традыцыйна на ім прысутнічае беларуская тэматыка
Кадр з фільму «Радзіма» прэс-матэрыялы

Гэта адно з найбуйнейшых у свеце кінамерапрыемстваў, прысвечаных правам чалавека, якое прадстаўляе дакументальныя фільмы, у якіх прыхільнасць да правоў асобы спалучаецца з кінамастацтвам. Традыцыйна на WATCH DOCS прысутнічае беларуская тэматыка. 

Дырэктар фестывалю Тадэвуш Стрончак прызнае, што беларуская тэматыка штогод ёсць на фестывалі. Яшчэ некалькі гадоў таму з партнёрамі быў арганізаваны фестываль WATCH DOCS Belarus. Пасля 2020 году яго перанеслі ва Украіну. Акрамя таго, арганізатарам фестывалю з’яўляецца Хельсінскі фонд правоў чалавека, які займаецца пытаннем парушэння правоў чалавека ў Беларусі.


Кадр з фільму «Радзіма» Кадр з фільму «Радзіма»

Сёлета на фестывалі выключны беларускі фільм, кажа Тадэвуш Стрончак:

-Самы важны, ці прынамсі адзін з самых важных дакументальных фільмаў апошніх гадоў – «Радзіма». Фільм узнагароджаны на многіх міжнародных фестывалях. Яго прэм’ера адбылася на прэстыжным фестывалі CPH:DOX у Капенгагене. На фестывалі будуць творцы фільму, таму запрашаем на сустрэчы ў фармаце Q&A. З увагі на важнасць тэмы мы вырашылі адну з дыскусій прысвяціць тэме Беларусі – «Выгнанае пакаленне тутэйшых». Для беларусаў гэтае слова будзе зразумелым. Фільм уражвае, выдатна зроблены, з супер здымкамі, прысвечаны маладым беларусам і дзедаўшчыне ў беларускім войску. Пра тое, як беларусы ацэньваюць прызыў у войска, уцякаюць ад пагрозы пазбаўлення свабоды і ад маразму жыцця ў таталітарнай краіне.

«Радзіма» – гэта аповесць пра пошукі справядлівасці для ахвяраў дзедаўшчыны ў войску і адначасова зборны партрэт пакалення, якое ўступіла ў дарослае жыццё ў пераломны момант беларускай гісторыі. Стваральнікі фільму суправаджаюць маці загінуўшых салдат, якія гадамі блукаюць па бясконцых чыноўніцкіх лабірынтах – і маладых людзей, якія адчуваюць смак апошніх імгненняў волі перад тым, як іх перакруцяць у таталітарнай мясарубцы.

Рэжысёры: Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч.
Паказ фільму «Радзіма» адбудзецца 6 снежня, у 20.30, Kino Muranów. Пасля паказу пройдзе дыскусія.


Кася Смутняк, Конрад Вількоўскі, Патрыцыя Ванат (прэс-сакратар фестывалю), Тадэвуш Стрончак Кася Смутняк, Конрад Віркоўскі, Патрыцыя Ванат (прэс-сакратар фестывалю), Тадэвуш Стрончак

Сёлетні WATCH DOCS распачнецца дакументальнай стужкай «Мур» пра плот і міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы. Гэта стужка, якую тэлефонам таемна здымала польская актрыса і мадэль Кася Смутняк, якая жыве ў Італіі. Яна адпраўляецца ў рызыкоўнае падарожжа ў самае сэрца цемры, суправаджаючы актывістаў, якія ратуюць мігрантаў у закрытай зоне на польска-беларускай мяжы.
Сітуацыі на польска-беларускай мяжы паказаная з пункту гледжання актывістаў, якія шукаюць заблукалых мігрантаў у Белавежскай пушчы. Камера фіксуе шматгадзінныя экспедыцыі ў лес, якія часта заканчваюцца няўдачай, пастаянныя праверкі і сталае адчуванне небяспекі.

Чаму мадэль і акторка вырашыла заняцца тэмай? Кася Смутняк кажа, што ёй кіравала глыбокая нязгода з чалавечымі пакутамі. Гэта няпроста фільм пра адну канкрэтную мяжу. Гэта таксама асабістае разважанне пра розныя тыпы муроў і падзелаў, на фоне гісторыі. І адначасова – расповед пра сямейныя стасункі і пошукі каранёў.

Кася Смутняк кажа, што яе пунктам выйсця стаў мур, які быў пабудаваны на польска-беларускай мяжы:

-Гэта мой погляд на муры, якія звязаныя з гісторыяй майго жыцця. Я нарадзілася за 10 гадоў да падзення Берлінскага муру. І хоць я яго ніколі не бачыла, то ён паўплываў на ўсё маё жыццё, майго пакалення. Гэта нашая гісторыя. Гэта час, калі ўзнікае мноства муроў: фізічных, як на польска-беларускай мяжы, маральных, натуральных, як Белавежская пушча ці Міжземнае мора, якія чалавек не можа прайсці. Маім асабістым мурам стаў падыход, як мы з эмпатыяй прымалі ўцекачоў, якія ўцякалі ад вайны ва Украіне, і як прымалі ўцекачоў, якія ўцякалі ад войнаў і крызісаў у іншых краінах. Гэтая розніца была так выразнай. Гэта быў той нябачны мур, пра які я хацела расказаць.

Фестываль WATCH DOCS – гэта 10 дзён, больш за 70 паказаў, 28 сустрэч са стваральнікамі і героямі, восем вялікіх панэльных дыскусій, прысвечаных самым важным тэмам фестывальных фільмаў. Акрамя таго, індустрыяльныя сустрэчы для дакументалістаў, лекцыі экспертаў па гісторыі кіно, паказы для маленькіх гледачоў у спалучэнні з адукацыйнымі мерапрыемствамі і майстар-класам, адкрытым для публікі.

Адной з галоўных частак фестывалю з’яўляецца конкурсная праграма, расказвае праграмны дырэктар фестывалю Конрад Віркоўскі:

-У сёлетнім конкурсе 12 фільмаў, вельмі розных, з розных бакоў свету. Паводле мяне, усе фільмы моцныя і важныя для разумення таго, што адбываецца ў свеце. Напэўна варта звярнуць увагу на фільм «20 дзён у Марыупалі» Мсціслава Чарнова. Думаю, гэта самы моцны фільм пра вайну ва Украіне з усіх, якія ўзніклі да гэтага часу. Будзе вельмі важны фільм «Пераходны перыяд» пра ваеннага карэспандэнта ў Афганістане, які знаходзіцца ў працэсе змены полу. Як бачна, шмат тэм, розныя гісторыі, сапраўды моцныя фільмы, вядомыя рэжысёры.

На фестывалі таксама ёсць «Зялёны конкурс». Гэта фільмы, якія расказваюць пра сувязь чалавека і прыроды.

Фестываль WATCH DOCS быў заснаваны ў 2001 годзе як праграма польскай няўрадавай арганізацыі – Хельсінскага фонду правоў чалавека. Цяпер гэта адна з самых дасведчаных еўрапейскіх праваабарончых няўрадавых арганізацый.

ав

слухайце аўдыё