Уявіце, што ёсць людзі, якія на столькі закахаліся ў вожыках, што ахвяруюць амаль увесь прыватны час і сродкі, каб дапамагаць гэтай жывёле. Менавіта гэтым займаецца сённяшняя госця экалагічнай перадачы Яанна Собаль.
У 2018 годзе яна заснавала фонд «Прытулі вожыка», дзе займаецца вожыкамі, якім неабходная непасрэдная дапамога.
- Часцей за ўсё гэта вожыкі, якія сталі ахвярамі нешчаслівых здарэнняў. Вельмі часта гэта вожыкі-ахвяры сабак, вожыкі, якіх праехаў аўтамабіль. Гэта ахвяры касілак, якія вельмі моцна раняць вожыкаў, ахвяры выпальвання травы. Вельмі розныя выпадкі. Я дапамагаю малым сысункам, маці якіх трапіла пад аўтамабіль, і яны застаюцца адныя. Такіх малых вожыкаў трэба падгадаваць. Я раблю ўсё магчымае, каб вожыкаў, якія да мяне трапляюць, у будучыні выпусціць на свабоду. У гэтым заключаецца дзейнасць усіх цэнтраў рэабілітацыі дзікай жывёлы: аказаць дапамогу, рэабілітаваць і зрабіць усё, каб яны вярнуліся ў натуральнае асяроддзе, – расказвае Яанна Собаль.
Суразмоўца дадае, што гэта вельмі важна асабліва ў выпадку вожыкаў. У Польшчы яны пад аховаю, паколькі знаходзяцца пад пагрозаю вымірання.
Фонд «Прытулі вожыка» з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй, таму на дзейнасць стала патрэбныя сродкі, напрыклад, на лячэнне ў ветэрынара, лекі і харчаванне. Сродкі паходзяць ад неабыякавых людзей, якія ахвяроўваюць грошы для выратавання вожыкаў.
Заснавальніца фонду вядзе нармальнае прафесійнае жыццё, а ўвесь вольны час прысвячае дапамозе гэтай жывёле. Як усё пачалося? Ва ўзросце 30 гадоў Яанна Собаль зразумела, што не хоча працаваць па атрыманай прафесіі. Яна перакваліфікавалася на тэхніка ветэрынарыі.
-Я з самога дзяцінства вельмі любіла жывёлу і адчула, што гэта мой шлях. Толькі ва ўзросце 30-ці гадоў я зразумела, што павінна займацца гэтым з самага пачатку. Калі я пачала працаваць у ветэрынарнай клініцы ў Сілезіі тэхнікам, нехта прынёс туды трох маленечкіх вожыкаў. Іх знайшлі на ўскраіне дарогі, а іх маці была збітая на смерць аўтамабілем. Я вырашыла імі заняцца, бо самыя яны не мелі шанцаў выжыць. Я пачала вывучаць, што гэта за жывёла, якая ў яе патрэбы, які яе біхевіярызм, што яна есць, што і як адчувае. Я знаёмілася з іх светам і адчула велізарнаю любоў да гэтых істот і так засталося дагэтуль. Гэта было ў 2012 годзе, калі я ўпершыню атрымала магчымасць пазнаёміцца з гэтымі цудоўнымі істотамі.
А што адчуваюць вожыкі? Усё, што адчувае жывая істота, кажа Яанна Собань. Гэта любоў, радасць, страх, боль.
Вожыкі адныя з нямногіх млекакормячых, хто ўпадае ў зімовую спячку. У гэты час вожыкі павінны ўжо спаць, але не ўсё так ідэальна. Сустрэча з вожыкам у дні, калі тэмпература паветра ніжэйшая за 8-10 градусаў, а тым больш, калі ляжыць снег і ёсць мароз, гэта трывожны сігнал, гаворыць Яанна Собаль.
Узнікае адвечнае пытанне, ці можна падкормліваць вожыкаў.
-У многіх выпадках гэта рэкамендуецца, аднак тэарэтычна мы не павінны ажно так умешвацца ў прыроду. Калі мы бачым, што ёсць маці і маладыя, то мы можам спрасціць ёй гэтае выхаванне. Тады маці будзе радзей ад іх аддаляцца ў пошуках ежы, а таму малыя будуць больш бяспечныя. Хоць яны і так стала будуць шукаць казуркі і лічынкі. Большасць з іх, а ў сям’і можа быць нават 10 малых, і добра калі адзін-два будуць вяртацца, пойдзе ў свет, паколькі гэта іх натура. Калі мы цяпер пабачым вожыка, хоць ён павінен быць у спячцы, і ён вялікі, а я кажу пра вагу 600-700 гр, то мы можам дапамагчы такому вожыку. Падобных сітуацый можа быць некалькі, але ўсе яны дыскусійныя. Я нікога не хачу пераконваць у тым, каб падкормліваць вожыкаў. Калі ўжо карміць, то вожыкі вельмі любяць корм для катоў, паколькі з’яўляюцца мясаеднымі, а таксама ядуць здыхляціну. Можна даваць мокры і сухі корм. Зрэшты, вожыкі выдатна спраўляюцца ў месцах, дзе падкармліваюць бяздомных катоў. У вожыкаў з імі вельмі добрыя адносіны, – гаворыць заснавальніца фонду «Прытулі вожыка».
На завяршэнне размовы Яанна Собаль расказвае, што рабіць, калі мы знойдзем вожыка, якому патрэбная дапамога:
-Узяць каробку, пакласці на дно папяровыя ручнікі, забяспечыць непасрэднае цяпло, нешта ў стылі грэлкі, і скантактавацца з бліжэйшым цэнтрам рэабілітацыі дзікай жывёлы, каб перадаць такога вожыка пад іх апеку. Такую інфармацыі можна знайсці на старонцы Рэгіянальнай дырэкцыі аховы навакольнага асяроддзя. З лёгкасцю можна знайсці табліцу з пералікам такіх цэнтраў у кожным ваяводстве, па ўсёй Польшчы.
Папуляцыя вожыкаў стала змяншаецца. У сувязі з гэтым у Польшчы яны знаходзяцца пад аховаю. Яанна Собаль тлумачыць, што прычын некалькі, але ўсе яны зводзяцца да адной – чалавека. Многія гады ўмяшальніцтва чалавека ў прыроду прычыняюцца да таго, што вожыкі губляюць месцы, якія адпавядалі б іх патрэбам. Гаворка пра анклавы вожыкаў, месцы, якія чалавек не наведвае штодзень: нейкія закінутыя памяшканні, лугі, дачы. Чалавек будуе новыя будынкі, новыя дарогі, а вожыкі страчваюць месцы, дзе маглі б бяспечна жыць і размнажацца.
Вожыкі найчасцей з усёй жывёлы гінуць пад коламі аўтамабіляў. Таксама яны становяцца ахвярамі кашэння ці выпальвання травы, становяцца ахвярамі хімічных сродкаў на слімакоў, мурашоў, грызуноў. Усё, што робіць чалавек, шкодзіць вожыкам, якія заўсёды жылі вакол нас і былі нашымі бліжэйшымі суседзямі.
ав
слухайце аўдыё