Беларуская Служба

Вожыкі, якія сёння святкуюць свой дзень, вельмі патрэбныя чалавеку

10.11.2023 15:48
На жаль, іх колькасць пастаянна змяншаецца.
Аўдыё
  • Вожыкі, якія сёння святкуюць свой дзень, вельмі патрэбныя чалавеку
.
.monicore/pixabay.com/CC0

Вожыкі – выдатныя, незвычайныя жывёлы, маленечкія, ціхія (калі не браць пад увагу цмоканне і фырканне падчас ежы і скуголення на канкурэнта самкі), яны нікому не шкодзяць, а наадварот з’яўляюцца вельмі карыснымі для чалавека. На жаль, іх колькасць пастаянна змяншаецца.

У Дзень вожыка мы размаўляем з заснавальніцай польскага фонду «Прытулі вожыка» Яаннай Собаль. Яна ратуе вожыкаў, якія сталі ахвярамі няшчасных выпадкаў, і ведае пра гэтую жывёлу літаральна ўсё.

Нашая суразмоўца расказвае, што вожыкі адныя з нямногіх млекакормячых, хто ўпадае ў зімовую спячку. У гэты час вожыкі павінны ўжо спаць, але не ўсё так ідэальна:

-На жаль, у выніку змен надвор’я, так як цяпер, доўга былі цёплыя дні, якія больш нагадвалі лета, чым восень, калі павінна быць холадна і дажджліва, гэта мяняецца. Звычайна ў гэтую пару вожыкі павінны быць у сваіх цёплых гнёздах і знаходзяцца ў спячцы. Іх зімовы сон доўжыцца каля шасці месяцаў. Яны прачынаюцца ажно вясною.

Сустрэча з вожыкам у дні, калі тэмпература паветра ніжэйшая за 8-10 градусаў, а тым больш, калі ляжыць снег і ёсць мароз, гэта трывожны сігнал, гаворыць Яанна Собаль:

-Калі мы бачым вожыка, асабліва днём, то гэта інфармацыя, што яму напэўна патрэбная дапамога. У такой сітуацыя мы павінны пакласці такога вожыка ў каробку і толькі пасля пачаць шукаць дапамогу ў цэнтрах рэабілітацыі дзікіх вожыкаў. Чарговасць павінна быць менавіта такая, каб вожык, як дзікая жывёла, не ўцёк. Хіба што жывёла ў цяжкім стане і не можа рухацца. Дадам, што цяпер, восенню, трэба звяртаць увагу на вельмі важную рэч. Пад канец лета, пачатак восені нарадзілася мноства вожыкаў, гэта другі, позні памёт. Гэтых маленькіх вожыкаў мы называем восеньскімі сіротамі. У большасці выпадкаў яны не маюць шанцаў, каб дачакацца вясны. Гэта так, быццам бы мы знайшлі малое кацяня ці шчанё. Такому вожыку патрэбная безумоўная дапамога чалавека. З-за сваёй малой вагі яны не ў стане перазімаваць, упасці ў зімовую спячку. Калі такі вожык не атрымае дапамогі чалавека, то ён не дачакаецца вясны.

Такія вожыкі павінны трапіць у цэнтры рэабілітацыі дзікіх вожыкаў, дзе імі апякуюцца да вясны, калі іх выпускаюць на волю.

Эколагі штовосень заахвочваюць не прыбіраць апалае лісце, між іншым, з увагі на вожыкаў. Яанна Собаль кажа, што лісце патрэбнае цэлай экасістэме, вожыкам таксама:

-Вожыкам яно патрэбнае вельмі, паколькі яно выконвае ролю падсцілкі і добра грэе ў гнёздах. Вожыкі, будуючы гнёзды, часта выкарыстоўваюць менавіта лісце. Але цэлая акцыя з лісцем важная не толькі з увагі на вожыкі, але таму, што ў лісцях да самой вясны жывуць насякомыя, павукі, якія з’яўляюцца кормам для іншых гутанкаў жывёлы, у прыватнасці птушак. Акцыя «Пакінь лісце» мае вельмі вялікае прымяненне. Таксама для вожыкаў. Асабліва сухое прыгожае лісце, якое павінна застацца там, дзе ўпала.

Вожыкі з’яўляюцца вельмі карыснай жывёлай у нашай экасістэме. Яны – ачышчальнікі навакольнага асяроддзя:

-Яны не ядуць, як некаторыя думаюць, яблыкі і не п’юць малако, малако ім катэгарычна нельга даваць. Не з’яўляюцца жывёлай, якая харчуецца садавіной. Гэта мясаедная і насякомаедная жывёла. То бок яны ядуць лічынкі, якія частка нішчаць нашыя агароды. А таму яны вельмі патрэбныя ў нашых агародах. Не пагарджаюць такімі млекакормячымі як мышыныя сысункі. Вожыкі ядуць здыхляціну, то бок, як гаварылася раней, яны з’яўляюцца ачышчальнікамі навакольнага асяроддзя. Яны сапраўды вельмі важныя ў нашым атачэнні, каб усё дзейнічала як трэба.

Папуляцыя вожыкаў стала змяншаецца. У сувязі з гэтым у Польшчы яны знаходзяцца пад аховаю. Яанна Собаль тлумачыць, што прычын некалькі, але ўсе яны зводзяцца да адной - чалавека:

-Многія гады ўмяшальніцтва чалавека прычыняюцца да таго, што вожыкі губляюць месцы, якія адпавядалі б іх патрэбам. Гаворка пра анклавы вожыкаў, месцы, якія чалавек не наведвае штодзень: нейкія закінутыя памяшканні, лугі, дачы. Месцы, дзе прырода жыве сваім уласным жыццём. Чалавек будуе новыя будынкі, новыя дарогі, а вожыкі страчваюць месцы, дзе маглі б бяспечна жыць і размнажацца. Вожыкі найчасцей з усёй жывёлы гінуць пад коламі аўтамабіляў. Таксама яны становяцца ахвярамі кашэння ці выпальвання травы, становяцца ахвярамі хімічных сродкаў на слімакоў, мурашоў, грызуноў. Усё, што робіць чалавек, шкодзіць вожыкам, якія заўсёды жылі вакол нас і былі нашымі бліжэйшымі суседзямі.

Фонд «Прытулі вожыка», які заснавала і вядзе Яанна Собаль, існуе з 2018 году. Фонд займаецца непасрэднай дапамогай вожыкам, якія сталі ахвярамі няшчасных выпадкаў. Пра яго дзейнасць мы раскажам у чарговых перадачах.

слухайце аўдыё

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце