Упершыню за год славутая расійская пяснярка Ала Пугачова апублікавала 1 красавіка на сваім афіцыйным канале дзве песні, і абедзве пра вайну – «Мама» і «Пацалункі вайны». Два ролікі набралі ўжо амаль 800 тыс. праглядаў. Слухачы ацанілі іх высока. Многія нават палічылі запісы аднымі з лепшых ва ўсёй яе дыскаграфіі.
«Я даслала сваім знаёмым гэтую песню сёння. 5 чалавек. Усе яны за вайну. Ніхто з іх нічога мне не адказаў, нічога… маўчанне…», — піша адна з прыхільніц творчасці Пугачовай.
Песня «Мама» - гэта дыялог маці з загінуўшым на вайне сынам. Тэкст напісала сама Пугачова, а музыку - кампазітар Андрэй Місін, з якім спявачка ўжо працавала раней. «Я праклінаю той бой, мам, што разлучыў нас з табой», - кажа маці загінулы сын. У другой песні «Пацалункі вайны» Пугачова спявае ад асобы ваеннага, які звяртаецца да свайго аднапалчаніна. «Каго кахае вайна / Тых цалуе яна / Або мінай сталёвай / Або куляй шалёнай», - словы напісаў паэт Андрэй Ардынец, музыку Місін.
У лагеры расійскіх «патрыётаў» - замяшанне. Вялікая частка z-блогераў, якія звычайна маментальна далучаюцца да траўлі Пугачовай, захоўваюць маўчанне.
Пугачова пасля пачатку вайны ва Украіне з'ехала з мужам Максімам Галкіным спачатку ў Ізраіль, а затым на Кіпр. Пара не раз выказвалася супраць дзеянняў пуцінскага рэжыму. Галкіна ўнеслі ў рэестр «іншаземных агентаў», а Пугачову сталі актыўна крытыкаваць у дзяржСМІ. Пачынаючы з лютага атака на Пугачову ўзмацнілася - канал НТВ прысвяціў ёй некалькі «расследаванняў», а стукач Віталь Барадзін абвінаваціў у замаху на сябе.
А вось як карыстальнікі сеціва адгукаюцца пра новыя песні музыканткі:
«Адна з наймацнейшых рэчаў, што атрымалася пачуць за апошнія гадоў 10... калі не больш. Вось яна, сіла музыкі, і калі спявае чалавек з біяграфіяй. Тысячы людзей спяваюць, спаборнічаюць дыяпазонам, тэхнікамі, строяць з сябе фірмачоў... здаюцца сабе вельмі крутымі і здольнымі нешта ўскалыхнуць у душы ў слухача, забываючы, што пустата нічога ўскалыхнуць не можа...»
«Ёсць такая прымаўка: Калі пачынаецца вайна: палітыкі даюць патроны, багатыя даюць хлеб, а бедныя сваіх дзяцей. Калі канчаецца вайна: палітыкі ціснуць адзін аднаму рукі, багатыя падвышаюць кошты на прадукты, а бедныя шукаюць магілы сваіх дзяцей».
Новая газета Еўропа
нг