Беларуская Служба

Беларускі КДБ дзейнічае ў Польшчы з большым размахам, чым расійская ФСБ

08.04.2025 17:15
Беларускія спецслужбы больш зацікаўлены польскім напрамкам, паколькі ў Польшчу прыехала шмат беларусаў, акрамя таго, гэта памежная дзяржава НАТА.
ІлюстрацыяStokkete/Shuttestock

Выданне Rzeczpospolita друкуе інтэрв’ю з аналітыкам на пытаннях бяспекі Аннай Дынэр (Anna Dyner). Гаворка ідзе пра тое, як вярбуюць у Польшчы расійскія ды беларускія спецслужбы. Па словах эксперткі, беларускае КДБ ці расійскае ФСБ часта вядзе сваю дзейнасць сярод патэнцыйных агентаў такім чынам, каб тыя не здагадваліся, каму на самой справе перадаюць інфармацыю. Сілавікі карыстаюцца сацсеткамі, дзе многія грамадзяне Беларусі ці Украіну шукаюць працу, прапануюць за грошы нейкія паслугі.

На працягу апошніх двух гадоў супраца беларускіх і расійскіх спецслужбаў пашыраецца.  У іх падобныя мэты. Скажам, па беларускіх пашпартах у Польшчы прыязджаюць расіяне, паколькі беларусам прасцей атрымаць візу. Беларускае КДБ больш зацікаўлена польскім напрамкам, паколькі ў Польшчу прыехала шмат беларусаў, акрамя таго, гэта памежная дзяржава НАТА. Беларусы дзейнічаюць тут з большым размахам, чым расіяне, - кажа Дынэр.

Для беларускіх спецслужбаў самыя важныя пытанні, звязаныя з дыяспарай, асабліва з дзейнасцю дэмакратычных сілаў. Экспертка адзначае, што яе вельмі зацікавіла рэакцыя афіцыйнай Беларусі на затрыманне ў Польшчы некалькіх шпіёнаў, якія сачылі за грузамі з дапамогай для Украіны. Сярод іх былі беларускія грамадзяне. Беларуская дзяржава даволі востра адрэагавала, заяўляючы, што нічога такога не здарылася. На думку Дынэр, тут беларускае КДБ магло выконваць дапаможную ролю ў адносінах расіян.

Чаму грамадзяне Беларусі ці Украіны рэдка звяртаюцца да польскіх службаў з інфармацыяй, што хтосьці спрабаваў іх завербаваць? Магчыма, таму, што яны не давяраюць польскай паліцыі і баяцца дэпартацыі. Па словах Анны Дынэр, Агенцтва разведкі павінна публікаваць рапарт пра ўнутраныя пагрозы, каб жыхары Польшчы ўмелі распазнаваць дэзінфармацыю, спробы пасеяць паніку і падарваць давер да дзяржавы.

нг