145 гадоў таму, 21 снежня 1878 года, нарадзіўся Ян Лукасевіч, сусветна вядомы польскі вучоны, выбітны логік і філосаф, міністр ва ўрадзе Ігнацыя Яна Падарэўскага ў адроджанай Польшчы, рэктар Варшаўскага універсітэту. Ён быў матэматыкам, адным з заснавальнікаў Львоўска-Варшаўскай школы, падчас нямецкай акупацыі быў выкладчыкам Тайнага Варшаўскага ўніверсітэту.
Пасля Другой сусветнай вайны жыў у эміграцыі ў Ірландыі. Памёр у 1956 годзе ва ўзросце 77 гадоў. Згодна з завяшчаннем Яна Лукасевіча, яго парэшткі вярнуліся на радзіму ў 2022 годзе і былі пахаваны на могілках Павонзкі ў Варшаве.
Прафесар Лукасевіч быў стваральнікам наватарскага спосабу запісу арыфметычных выразаў, які да гэтага часу выкарыстоўваецца ў інфарматыцы і ў прафесійных калькулятарах.
Ян Лукасевіч быў міністрам рэлігійных веравызнанняў і грамадскай асветы ва ўрадзе Ігнацыя Падарэўскага, заклаў асновы сістэмы адукацыі ў адроджанай Польшчы – адзначыў (2022 г.) Войцех Лабуда.
- Лукасевіч быў міністрам на працягу ўсяго 1919 г. Тады вырашаліся асноўныя справы, такія як распрацоўка адукацыйнай сістэмы ў нашай краіне. Яго адной з найважнейшых заслугаў зʼяўляецца ўрэгуляванне пытання падрыхтоўкі педагогаў, сістэматызацыя і ўніфікацыя адукацыі ва ўсёй краіне. На навуковай ніве вялікай заслугай Лукасевіча было заснаванне універсітэтаў, сярод іншага Горна-металургічнай акадэміі ў Кракаве ў 1919 г.
Цяперашні рэктар Варшаўскага універсітэту прафесар Алойзы Новак падкрэсліў, што вяртанне парэшткаў прафесара Лукасевіча зʼяўляецца надзвычай важнай падзеяй для ВНУ:
- Для універсітэту гэта вельмі важная справа – мой папярэднік вяртаецца дадому. Яго спадчына аграмадная. Лукасевіча цытуюць. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё матэматыкі і логікі, якія ў пэўнай меры далі аснову для развіцця інфармацыйных тэхналогій.
Асоба прафесара Яна Лукасевіча ўвекавечана фігурай, усталяванай на калоне ля ўвахода ў Бібліятэку Універсітэту ў Варшаве.
яс