Святочныя падарункі – гэта справа, якая выклікае галаўны боль у некаторых людзей. Для адных падарунак – абавязковы элемент зімовых святаў, а іншыя мяркуюць, што лепш зусім не атрымаць падарунка, чым мець непатрэбную падараваную рэч, якая гадамі будзе ляжаць і займаць месца. Адны вельмі любяць і дарыць, і купляць падарункі, іншыя не зносяць хадзіць па крамах і выбіраць, а калі ўжо і выберуць, то застаюцца сумненні, ці гэта адпаведная рэч. Ці падарункі могуць быць крыніцай стрэсу і розных непаразуменняў паміж людзьмі? А калі ў кагосьці зусім няма жадання дарыць падарункі? Цяпер, калі ў Беларусі такая цяжкая сітуацыя, калі недалёка за мяжой ідзе вайна, не ва ўсіх ёсць жаданне рыхтаваць сабе і блізкім свята. А, можа, наадварот, якраз у такія цяжкія часы нам асабліва патрэбна хаця б крыху радасці і пазітыўных эмоцый?
А бывае, што сваякі, блізкія людзі маюць вельмі розны ўзровень даходаў. Адна сям'я можа сабе дазволіць купіць дарагія падарункі, іншая – не. Ці варта спрабаваць дамовіцца з блізкімі наконт падарункаў? Напрыклад, у адносінах максімальнай сумы, якую выдаткоўваем, ці можа лепш прама спытаць, хто што хоча атрымаць у падарунак? Ці лепш падрыхтаваць сюрпрыз? А што рабіць, калі чалавек на пытанне: «Што табе падарыць?» адказвае, што ў яго ўсё ёсць і нічога яму не трэба?
На пытанні адказвае псіхатэрапеўтка Яўгенія Тачыцкая.
- Трэба звяртаць увагу на тое, з якой мэтай робяцца падарункі. І пазбегнуць перфекцыянізму. У сямʼі ўсё можна абмеркаваць – які падарунак, колькі ён можа каштаваць. А калі гэта сюрпрыз, то ён заўсёды нясе рызыку, што не спадабаецца. Канешне, лёгка сказаць «Стаўцеся да гэтага лягчэй», але зрабіць цяжка. Падарункі – для лёгкай радасці, гэта ж не абавязак. А калі чалавек кажа, што яму нічога не патрэбна, то ён або хлусіць, і тады сам сабе вінаваты, або не хлусіць, і тады можна купіць што заўгодна, зрабіць нейкі сімвалічны падарунак. Ёсць такая катэгорыя рэчаў, якія можна падарыць усім – кава, гарбата, нейкі пледзік ці сувенір.
Што б асабіста Вы пажадалі нашым слухачам на святы? Асабліва тым, хто знаходзіцца цяпер на вымушанай эміграцыі, тысячам беларусаў? Ды і тым, хто жыве ў Беларусі на ўнутранай эміграцыі.
- Міру, здароўя і жаданай перамогі над дыктатурай. А яшчэ, каб мы ўсе мелі апору ў жыцці – сямʼю, сяброў, каханых, унутраныя каштоўнасці, прафесію – кожнаму сваё. Калі вы праз гэты год прайшлі, гэта значыць, што вы справіліся, і гэта ўжо добра. Абдымаю.
Усю гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
нг