Беларуская Служба

Жыхары Кракава аказалі дапамогу сабакам з мясцовага прытулку

09.01.2024 15:01
Падчас маразоў трэба асаблівым чынам памятаць пра хатнюю жывёлу.
Аўдыё
  • Падчас маразоў трэба памятаць пра хатнюю жывёлу
Здымак з сацсетак кракаўскага прытулку для бяздомных жывёлwww.facebook.com/Krakowskie.Towarzystwo.Opieki.nad.Zwierzetami?locale=pl_PL

Больш за сотню сабак з кракаўскага прытулку для бяздомных жывёл некалькі бліжэйшых дзён правядзе пад дахам і ў цяпле. Акцыя Кракаўскага таварыства аховы жывёл завяршылася сапраўдным поспехам – усіх гадаванцаў з вонкавых вальераў і клетак прытулку перавялі ў часовыя дамы. З-за маразоў супрацоўнікі прытулку звярнуліся па дапамогу да мясцовых жыхароў. Рэакцыя на заклік у сацсетках перасягнула іх самыя смелыя чаканні.

Супрацоўнікі Кракаўскага таварыства аховы жывёл заклікалі жыхароў Кракава і ваколіц дапамагчы сабакам, якія знаходзіліся ў вонкавых клетках і манежах мясцовага прытулку для бяздомных жывёл. У прыватнасці просьба тычылася таго, каб забраць сабак дадому, хаця б на час лютых маразоў, якія прагназаваліся ў Польшчы.

Адказам на згаданы заклік былі вялікія чэргі жадаючых узяць сабаку перад прытулкам. Дзякуючы гэтаму акцыя «Маразы» доўжылася раптам два дні – з пятніцы да поўдня ў нядзелю.
Гэта было таксама магчымым дзякуючы прыпынення на час акцыі жорсткіх працэдураў «усынаўлення», якія нармальна прымяняюць у прытулках у дачыненні да кандыдатаў на гаспадароў. Трэба было толькі прыйсці ў прытулак, кажа Яанна Рэпэль(Joanna Repel) з Кракаўскага таварыства аховы жывёл:

- Гэта цуд! Мы ладзім акцыю «Маразы» ужо некалькі гадоў, але ўпершыню жыхары адрэагавалі на яе настолькі масава. Сапраўды, прыемна было бачыць калідоры поўныя дабраахвотнікаў, якіх не стрымлівалі шматгадзінныя чэргі. Некаторыя чакалі 5-6 гадзінаў. Усе вельмі станоўча ставіліся да нашай акцыі.

Супрацоўнікі кракаўскага прытулку спадзяюцца, што прынамсі 20 працэнтаў сакабаў, змешчаных у часовых дамах, застануцца там назаўжды:

- Зразумела частка сабакаў вернецца ў прытулак, але мы ведаем з вопыту, што частка застанецца ўжо ў дамах часовых гаспадароў. Таму, паводле мяне, пераважаюць плюсы акцыі, паколькі частка з сабакаў знойдзе свой новы, цёплы дом.

Водгук на сёлетнюю акцыю прытулку быў сапраўды рэкордны:

- Мы хацелі, як мінімум, на час лютых маразоў даць ім цёплы дом – як мінімум, на час маразоў, а можа і на даўжэйшы – калі ўдасца.

- Ноччу ў сацсетках мы пабачылі ролікі з акцыі і вырашылі прыехаць раніцай. Тыдзень таму ў нас часова таксама быў сабака… Мы падумалі, што паколькі справіліся тады, то і зараз пастараемся дапамагчы, калі ёсць такая патрэба.

З больш за сотні толькі адна сям'я вырашыла вярнуць сабаку, якога ўзяла пад часовую апеку, кажа Яанна Рэпэль(Joanna Repel) з Кракаўскага таварыства аховы жывёл:

- Прычынай была таксама бяздумнасць. Трэба памятаць, што сабакі з прытулку маюць часта вельмі дрэнны жыццёвы досвед. Нельга тады спадзявацца, што яны палюбяць нас адразу – ім трэба даць час. Аднак рашучая большасць добра прадумала згаданы крок і абавязкі, з якімі ён звязаны. Многія сем’і кідаюць у сацсеткі ролікі, у якіх расказваюць, што яны вельмі задаволеныя і задумоўваюцца над сапраўдным усынаўленнем сабакі.

Нават функцыянеры муніцыпальнай паліцыі Кракава, у якую суседзі прытулку паскардзіліся на дрэнна прыпаркаваныя аўтамабілі ўдзельнікаў акцыі, прыехалі на месца, але замест штрафаваць кіроўцаў, самі ўзялі пад часовую апеку аднаго сабаку.

Гадаванцам кракаўскага прытулку для бяздомных жывёл удалося знайсці часовы дом, але гэта не адзіная ўстанова, якая зараз звяртаецца па такую дапамогу.

Люты мароз можа аказацца для жывёлаў смяротным. Таму цяпер трэба пра іх асабліва клапаціцца. Прэс-сакратар Муніцыпальнай паліцыі ў Варшаве Славамір Смык(Sławomir Smyk) заахвочвае жыхароў сталіцы дапамагаць таксама катам, якія жывуць у горадзе:

- Калі тэмпература настолькі паніжаецца заклікаем дазволіць катам уваходзіць у склепы будынкаў; пакінуць адкрытае акно, каб яны маглі абагрэцца ў цёплым памяшканні.

Паліцыя нагадвае, што гаспадары, якія не загарантуюць сваім жывёлам належнага догляду парушаюць Закон аб абароне жывёл. Будкі сабакаў, якія пражываюць на панадворку павінны быць адпаведна забяспечаныя ад холаду і ветру. Апякун абавязаны загарантаваць жывёле доступ да незамерзлай вады і цёплай ежы не менш за два разы на дзень. Трэба даць сабакам таксама магчымасць свабодна рухацца, паколькі адсутнасць фізічнай актыўнасці зʼяўляецца асноўным фактарам астуджэння арганізма падчас моцных маразоў. Нагадваем, паводле Закона аб абароне жывёл, у Польшчы забараняецца трымаць хатніх жывёл на прывязі даўжэй, як 12 гадзін у суткі.

Узімку мы таксама можам падкормліваць дзікіх птушак, але не рэшткі чалавечай ежы, якая можа ім проста пашкодзіць. Замест гэтага можна даваць птушкам сумесь збожжа, садавіны ці агародніну. Трэба таксама рэгулярна чысціць кармушкі, каб корм не запляснеў. Варта таксама памятаць, што птушкі могуць не перажыць зіму без доступу да незамерзлай вады.

Паліцыя таксама звяртаемся з просьбай паведамляць у адпаведныя службы аб усіх выпадках утрымання жывёл у неналежных умовах падчас маразоў.

IAR/аз

Нізкія тэмпературы выклікалі рост попыту на электраэнергію і газ

09.01.2024 09:55
З-за лютага марозу попыт на электраэнергію і газ у Польшчы набліжаецца да гістарычных рэкордаў.