Беларуская Служба

Камандзір Палка Каліноўскага Дзяніс «Кіт»: Я прапаную адыходзіць ад слова супраціў і пераходзіць да слова барацьба

22.01.2024 13:29
Кіраўніцтва Палка Каліноўскага распачало турнэ па еўрапейскіх гарадах.
Аўдыё
  • Дзяніс «Кіт» Прохараў: Я прапаную адыходзіць ад слова супраціў і пераходзіць да слова барацьба
Дзяніс «Кіт» Прохараўradyjo.net

У Варшаве адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Палка Каліноўскага Дзянісам «Кітом» Прохаравым. Гэта пачатак яго турнэ па еўрапейскіх гарадах. Агулам беларускія добраахвотнікі сустрэнуцца з беларусамі 12 гарадоў Польшчы, Германіі і Літвы.

Велізарная колькасць людзей, якая прыйшла на варшаўскую сустрэчу, паказала, што кантакт з прадстаўнікамі ПКК запатрабаваны. Мы паразмаўлялі з Дзянісам «Кітом». На самым пачатку камандзір расказаў, якія мэты ён ставіць, ладзячы сустрэчы з дыяспарамі:

-Па-першае, мы хочам падзякаваць усім, хто ўвесь гэты час нас падтрымліваў. Па-другое, нагадаць ці ўпершыню расказаць пра сябе тым, хто пра нас не ведае. Цяпер ёсць тэндэнцыя, што ўсе ў пытанні вайны крыху засынаюць. Мы хочам нагадаць, што вайна, на жаль, ідзе, і нам усё ж патрэбная дапамога. Нашай прысутнасцю, заявамі, адказамі на пытанні мы хочам аднавіць полымя, каб быў большы паток рэкруцінга ў нашае падраздзяленне. Таксама хочам матываваць да дапамогі нам, бо людзі стамляюцца. Ім трэба нагадваць, што мы ёсць, нагадваць пра праблемныя пытанні, што справа не завершана. Што трэба вырашаць пытанне з вайной і свабодай Беларусі.

Падчас сустрэчы Вы падкрэслівалі, што змагаецеся за вызваленне Беларусі праз вызваленне Украіны. Якія сцэнары вызвалення Беларусі Вы бачыце?

-Чаму менавіта праз вызваленне Украіны. Мы, як асобнае падраздзяленне, сваімі сіламі, паасобку нам цяжка будзе нешта зрабіць. Тым больш, пакуль не вырашана пытанне Украіны. Ва Украіне мы маем паслабіць ворага, у ідэале разбіць яго вялікія сілы, каб ён пайшоў на аднаўленне ці ўвогуле не захацеў думаць пра вайну. І як варыянт, агульнымі сіламі вызваляць Беларусь. Чаму гэта важна? Бо для Украіны таксама важна, каб за іх межамі было бяспечна, каб з Беларусі не ішла тэхніка і не стралялі ракеты. Самім па сабе нам цяжка дзейнічаць. Цяпер мы збіраем палітычныя сілы, намагаемся аб’яднацца менавіта ў палітычным накірунку. Мы разумеем, што напрамую залежым ад сітуацыі ва Украіне. Пакуль невядома, калі ўсё скончыцца, але мы набліжаем гэты канец. Калі канец будзе для нас відавочны, мы будзем рыхтавацца да беларускіх задач.

Вы настаўленыя на доўгую ваенную перспектыву і заклікаеце не недаацэньваць расіян. Як гэта выглядае з Вашага пункту гледжання?

-Многія, калі вялікімі сіламі ўдалося адбіць Кіеў, вялікімі ахвярамі стрымаць ворага на Азоўсталі ў Марыупалі, падумалі, што ўсё скончыцца вельмі хутка. Я і тыя, хто заснаваў падраздзяленне, мы ніколі так не думалі. Для нас было відавочна, што гэта адцягванне часу, што вораг набіраецца моцы. Усё, што цяпер адбываецца, сведчыць аб тым, што вораг накаплівае моц. Не ўсе хочуць прыняць думку, што трэба рыхтавацца да вайны на доўгую. Лепш быць гатовым да вайны на доўгую, а калі канец будзе хутчэйшым, то будзе прыемней гэта адчуваць, чым спадзявацца на хуткі вынік і потым згаснуць на доўгім марафоне, а гэта марафон.

Цікавай падаецца Вашая думка, што ў выпадку Беларусі трэба перастаць казаць пра супраціў, а пачаць казаць пра змаганне.

-У беларускай апазіцыі ўвесь гэты час лунае слова супраціў. Яно мне не падабаецца ва ўмовах рэальнасці, дзе нам з вамі свабоду трэба выбарваць. Я хацеў бы, каб усе зразумелі, што свабода дасягаецца праз барацьбу. Я прапаную ад супраціву пераходзіць да барацьбы. Супраціў – гэта калі ўмоўна цябе пакуюць чатыры АПАМАўцы. Ты супраціўляешся, але разумееш, што ты апынешся ў аўтазаку. Барацьба – гэта калі не даць думкам пра аўтазак пранікнуць у тваю галаву. Зрабіць усё магчымае, каб змагацца за сваю свабоду і не даць сябе запакаваць, умоўна кажучы. Таму я прапаную адыходзіць ад слова супраціў і пераходзіць да слова барацьба, што зрабілі ўкраінцы. Яны змагаліся, выбарвалі сваю свабоду.

Дзякую за размову.

слухайце аўдыё

ав


Беларускі добраахвотнік Яўген Жураўскі: Калі Масква перамагла б у Кіеве, то ніякай надзеі на вольную Беларусь не было б

16.11.2023 15:45
Ён больш за год працуе мінамётнікам у Палку Каліноўскага.