Беларуская Служба

Інтэграцыя замежнікаў у Польшчы: не толькі ўкраінцы і беларусы, ёсць і больш экзатычныя групы

27.02.2024 14:51
Вʼетнамцы неахвотна ўпускаюць палякаў у свае шэрагі, яны жывуць і працуюць як правіла ў закрытых нацыянальных групах.
Аўдыё
  • В'етнамскі Новы год у Варшаве
    .    -   .
В'етнамскі Новы год у Варшаве. У зялёнай сукенцы - Сао Хом Він.Фота: БСПР/нг

Украінцы, беларусы – на працягу апошніх гадоў іх прыехала ў Польшчу дзясяткі тысяч. Яны вельмі хутка асімілююцца з палякамі, вучаць мову, а славянскі выгляд дазваляе ім нічым практычна не адрознівацца ад палякаў. Зусім іншая справа з больш экзатычнымі нацыянальнымі дыяспарамі, напрыклад, в'етнамскай. Яе прадстаўнікоў у Польшчы значна менш, чым славян, хаця таксама нямала – дзясяткі тысяч. Ніхто дакладна не ў стане падлічыць, колькі вʼетнамцаў жыве ў Польшчы. Паводле афіцыйнай статыстыкі, каля 20 тысяч, іншыя крыніцы кажуць пра 40-60 тысяч.

Вʼетнамцы неахвотна ўпускаюць палякаў у свае шэрагі, яны жывуць і працуюць як правіла ў закрытых нацыянальных групах. Улады стараюцца ладзіць розныя ініцыятывы, каб інтэграваць жыхароў. Адна з такіх імпрэз адбылася ў мінулыя выходныя ў варшаўскім мікрараёне Ахота – святкаванне азіяцкага Новага года, які называецца Tet. Новы год, – самае важнае свята ў вʼетнамскім календары, якое прыпадае на першы дзень першага месяцавага месяца, сёлета – 10 лютага, а святкаваць яго можна на працягу двух тыдняў. Удзельнікі імпрэзы маглі пакаштаваць стравы вʼетнамскай кухні, паслухаць нацыянальныя матывы і паглядзець выступы танцавальных калектываў. Дарэчы, менавіта раён Ахота ахвотней за ўсё выбіраюць в’етнамцы месцам для жыцця ў Варшаве. Намесніца старшыні Асацыяцыі в’етнамскіх жанчын у Польшчы Сао Хом Він адзначае, што тут прыезджыя адчуваюць сябе камфортна.

- Ахота вельмі добра ставіцца да мігрантаў, да іншаземцаў. Нашы дзеці ходзяць тут у польскую школу, дзе сустракаюцца з прыязным стаўленнем. Яны не адчуваюць сябе чужымі, адчуваюць сябе камфортна ў школе, і гэта самае важнае. Для нас на першым месцы – маладое пакаленне. Нашы дзеці здольныя, нягледзячы на тое, што нам цяжка вучыць польскую мову, некаторыя в’етнамскія дзеці заваёўваюць першыя месцы ў конкурсах польскай мовы. Дзеці размаўляюць і па-польску, і па-в’етнамску, і яны часта дапамагаюць бацькам перакладаць з польскай мовы, скажам, падчас пакупак, у лекара ці ў дзяржаўных установах. Для нас Польшча стала другім домам. Я адчуваю сябе тут вельмі добра, адчуваю цяпло, людзі вельмі прыемныя. Будучы ў В’етнаме, я не ведаю, куды паехаць і як нешта зрабіць, а тут ужо мой дом, я адчуваю сябе як рыба ў вадзе.

Трэба адзначыць, што в’етнамцы часта даюць сваім дзецям, якія нарадзіліся ў Польшчы, польскія імёны – Пётр, Ян, Юлія, каб ім было прасцей у кантактах з польскімі равеснікамі. Сао Хом Він аднак дадае, што в’етнамскім дзецям, асабліва на пачатку адукацыі ў польскай школе часам не хапае дапамогі ад настаўнікаў. Найлепш, калі ёсць спецыяльны настаўнік, які ведае і польскую, і в’етнамскую мову.

А вось Янэк – вучань трэцяга класа адной са школ – кажа, што ў яго школе ёсць в’етнамскія вучні.

- Ёсць у мяне калегі – Ніколь, Віктар з 3А класа. Мне вельмі падабаецца гэтая імпрэза, паколькі мы любім азіяцкую кухню, часта купляем іх прадукты – рыс, багавінне, і часта sajgonki (блінчыкі з начынкай – рэд).

Спадарыня Гэлена працуе настаўніцай у адной з варшаўскіх школ. Яна адзначае, што в’етнамскія дзеці вельмі амбітныя, яны стараюцца шмат вучыцца і дасягаюць добрых вынікаў у вучобе. Акрамя таго, бацькі іх выхоўваюць у атмасферы пашаны да старэйшых.

- Павага да старэйшых людзей – гэта назіраецца ў в’етнамскіх дзяцей. Нашы дзеці прывыклі да свабоды і, на жаль, не заўсёды ставяцца з пашанай да нас, настаўнікаў. А тое, што ў школах ёсць вучні з розных культур – гэта вельмі добра. Дзеці вучацца размаўляць з іншымі школьнікамі – ці гэта дзіця з Украіны, В’етнаму ці Казахстану – няма розніцы. В’етнамцы – вельмі пазітыўныя людзі, яны заўсёды ўсміхаюцца, заражаюць нас сваім аптымізмам. Я думаю, мы, палякі, павінны гэтаму ў іх павучыцца.

Барбара Ляшчкоўска прадстаўляла на сустрэчы муніцыпальныя ўлады мікрараёна Ахота. Яна заўважыла, што ў гэтай частцы сталіцы пражывае шмат в’етнамцаў, таму ўлады стараюцца інтэграваць іх з палякамі.

- Мяне цешыць, што на Ахоце шмат адбываецца. В’етнамцаў шмат у нашым раёне, мы павінны лепш іх пазнаць. Напрыклад, у школах ладзяць інтэграцыйныя мерапрыемствы. І часта ўдаецца запрасіць в’етнамцаў да розных формаў інтэграцыі, яны ахвотна адгукаюцца на прапановы ўладаў раёна. І калі яны звяртаюцца да нас па дапамогу, мы гатовыя да розных ініцыятыў.

Такім чынам, жыхары мікрараёна Ахота пазнаёміліся з в’етнамскай кухняй, традыцыямі і музыкай. Дзяўчыны ў традыцыйных нацыянальных касцюмах гралі на в’етнамскіх народных інструментах, якія называюцца Tʼrung.

Слухайце далучаны гукавы файл.

нг