Беларуская Служба

Прафесіі будучыні: адной з найбольш запатрабаваных можа стаць эксперт па этыцы штучнага інтэлекту

19.03.2024 07:00
Як дапамагчы выбраць прафесію маладому чалавеку, які не ведае, у якім напрамку пайсці?
Аўдыё
.
.фота: Pixabay.com/GDJ

Свет вакол нас так хутка мяняецца, што людзі могуць не паспяваць за гэтымі зменамі. Яшчэ 100, а нават 50 гадоў таму бацькі маглі раіць дзецям, якую прафесію выбраць. Было вядома, што вышэйшая адукацыя дае надзею на стабільную і высокааплатную працу. Цяпер жа няма такой упэўненасці. Вучоба ў ВНУ не гарантуе працаўладкавання, большасць спецыяльнасцяў не дае ўпэўненасці, што яе носьбіт не застанецца без працы.

Медыцына, юрыспрудэнцыя, бізнес, архітэктура, IT-галіна. Адукацыя ў гэтых сферах лічацца перспектыўнай, прынамсі сярод людзей сярэдняга ўзросту. Таксама многія маладыя лічаць вельмі прывабнымі прафесіі з гэтых галін – маўляў, яны прэстыжныя і даюць заможнае жыццё.

Аднак тэхналагічная рэвалюцыя ідзе наперад, таму інтарэсы маладых пакаленняў змяніліся, яны адважна выкарыстоўваюць віртуальную рэальнасць і функцыянуюць у паралельнай рэчаіснасці. Як дапамагчы выбраць прафесію маладому чалавеку, які часам сам не ведае, у якім напрамку пайсці? Важна не ісці ўсляпую за модай, а найперш зрабіць аналіз схільнасцяў чалавека, – кажа экспертка рынку працы Паўліна Падольска (Paulina Podolska).

Трэба прыгледзецца да моладзі, падумаць, што для яе важна, чым дзеці любяць займацца і дзе праводзяць час. Напрыклад, мяне часам злуе мой сын, калі шмат часу грае ў камп'ютарныя гульні. Але варта прыгледзіцца, у што ён грае, якія гульні выбірае, з кім грае, якія мэты сабе ставяць. Аказваецца, што гэта цікавая тэматыка, якая яднае шмат сяброў. І гэта наша будучыня – жыццё ў віртуальнай рэальнасці, у паралельным свеце.

Любоў да камп'ютарных гульняў можа дапамагчы выбраць будучую прафесію. Любоў да камп'ютарных гульняў можа дапамагчы выбраць будучую прафесію.

У Варшаве кожны год адбываецца адукацыйны кірмаш, на якім сотні ВНУ прадстаўляюць сваю прапанову. На мерапрыемства прыходзяць тысячы маладых людзей, якія заканчваюць школу і разважаюць, куды пайсці вучыцца. Акрамя таго, паўстае пытанне, ці агулам неабходна атрымліваць вышэйшую адукацыю, а калі так, то ці адзін напрамак дасць добрую працу. Гаворыць аперацыйны дырэктар адукацыйнага выдавецтва «Перспектывы» Барташ Ставяж (Bartosz Stawiarz).

- На працягу бліжэйшых гадоў знікне 82 мільёны працоўных месцаў паводле справаздачы World Economic Forum, але паявіцца 69 мільёнаў новых працоўных месцаў. Якая гэта будзе праца – цяжка сказаць, але вядома напэўна, што мы назіраем за сапраўднай рэвалюцыяй, сур’ёзнай зменай. І трэба быць падрыхтаваным да зменаў. Перспектыўныя прафесіі – гэта тое, што звязана з абслугоўваннем штучнага інтэлекту: якім чынам з ім размаўляць, каб атрымаць добрыя адказы, таксама ўсе прафесіі, звязаныя з мехатронікай, касмічнай тэхналогіяй, тэхнічнай адукацыяй. У гэтых галінах паявяцца мільярды долараў капіталаўкладанняў.

Кожны бацька хоча, каб жыццё яго дзіцяці было лепшым, чым яго, або хаця б такім жа добрым. Навукоўцы стараюцца знайсці адказ на пытанне, які напрамак навучання выбраць, каб не было праблем з пошукам працы. Вучоныя з Оксфардскага ўніверсітэту прадставілі спіс прафесій, якія будуць найбольш папулярнымі ў 2040 годзе. У гэтым спісе, канешне, згадваецца штучны інтэлект. Між іншым, ёсць прафесія, якая называецца «эксперт па этыцы штучнага інтэлекту», але таксама ёсць інструктар ёгі ці кухар, які гатуе карысныя стравы індывідуальна для кожнага кліента. Штучны інтэлект развіваецца вельмі дынамічна, і многія людзі яго крыху пабойваюцца, бо да канца невядома, у якім напрамку пойдзе яго развіццё. Меркаваннем Паўліны Падольскай, не трэба яго баяцца.

- На маю думку, штучнага інтэлекту будзе вакол нас усё больш. Часам мы ім карыстаемся, нават не ведаючы пра гэта. І дзеля таго, каб абмежаваць негатыўныя наступствы штучнага інтэлекту, каб мець магчымасць яго кантраляваць, будуць патрэбныя адмыслова падрыхтаваныя спецыялісты, як хаця б эксперт па этыцы штучнага інтэлекту. Маім меркаваннем, гэта правільна і неабходна, каб свет быў лепшы, каб штучны інтэлект быў этычным. Я думаю, што не трэба баяцца штучнага інтэлекту. Я памятаю часы, калі толькі паявіўся інтэрнэт, гэта было нешта новае, а да гэтага я праводзіла шмат часу ў бібліятэках, шукаючы нейкія артыкулы. І тады былі сумненні наконт інтэрнэту – як гэта будзе выглядаць. А людзі, якія не хацелі хутка асвоіць сеціва, заставаліся ззаду і далей хадзілі ў бібліятэкі. Трэба змірыцца з развіццём штучнага інтэлекту і падыходзіць да яго крыху як да Google, пры дапамозе якога можна хутка знайсці патрэбную нам інфармацыю.

Штучны інтэлект – гэта зусім новая галіна, таму ВНУ яшчэ не паспелі адказаць на развіццё гэтай сферы. А самі будучыя студэнты мяркуюць, што варта ісці ў напрамку сацыяльных сетак, якія пачалі бурна развівацца ўжо нейкі час таму, усе мы імі карыстаемся, таму гэта нешта больш зразумелае і даступнае. Але папулярнасцю карыстаюцца таксама традыцыйна псіхалогія, праграмаванне, і, канешне ж, медыцына.

І Праграма ПР/нг