Беларуская Служба

Прыгожыя драўляныя хаты на Падляшшы падобныя да тых, што на Гомельшчыне (ФОТА)

03.04.2024 17:45
Даследчык традыцыяў народнага разьбянага архітэктурнага дэкору на Гомельшчыне Яўген Малікаў лічыць, што беларусы зусім па другому аздаблялі свае дамы, чым напрыклад, у глыбіні Расіі.
Аўдыё
  • Прыгожыя драўляныя хаты на Падляшшы падобныя да тых, што на Гомельшчыне
Яўген Малікаў radyjo.net/Я. Іванюк

Раён паўднёва-ўсходняй Беларусі характэрны звышдэкаратыўнасцю драўлянай архітэктуры. Гэты дэкор распаўсюджаны таксама на памежныя раёны Украіны і Расіі. Пры чым, ён зусім розны, чым тое, як аздабляліся хаты на Палессі. Для заходняга і цэнтральнага Палесся характэрныя лінейныя кампазіцыі, а для Падняпроўя – цэнтральна-сіметрычныя.

Элементы дэкору з Гомельшчыны можна таксама сустрэць і ў Польшчы на Падляшшы.

Даследчык традыцыяў народнага разьбянага архітэктурнага дэкору на Гомельшчыне Яўген Малікаў лічыць, што беларусы зусім па другому аздаблялі свае дамы, чым напрыклад, у глыбіні Расіі.


Яўген Малікаў: Дэкор у нас аздабляў практычныя рэчы. І гэта розніца беларускага дэкору ад расійскага - у беларускім дэкоры няма рэчаў, якія выключна эстэтычныя. То-бок, беларусы аздаблялі дэкорам тое, што практычнае. Каб не задувала паміж луткай і сцяной на акне, трэба размясціць ліштву і яе можна зрабіць прыгожай. І таму з'яўляецца дэкор ліштвы.

Кожны дом мае карніз і яго можна зрабіць прыгожым. Не проста дошку прыбіць, а яшчэ нешта на ёй павесіць. Трэба, каб аканіцы закрывалі вокны, іх таксама можна зрабіць прыгожымі з нейкімі профілямі. Ёсць дзверы – дзверы можна аздобіць прыгожа. Няма ў нас дэкору, проста, на сценах. А вось, напрыклад, на ўсходзе ў Расіі, там ёсць традыцыя дэкору на сценах. У нас гэтага няма, бо які сэнс упрыгожваць сцены, калі яны непрактычныя. А вось упрыгожыць вуглы сцен, край паміж вокнамі і сценамі, вуглы паміж дзвярыма і сценамі, ганкі, слупы, якія падтрымліваюць ганкі – гэта так, гэта абавязкова.

Размаляў Яраслаў Іванюк

Беларуская вёска Войшкі на польскім баку мяжы, дзе багата аздобленыя дэкорам драўляныя хаты з аканіцамі, Міністэрствам культуры РП унесена ў спіс гістарычных помнікаў.